«Перш за ўсё, я хацеў паказаць чалавека», – кажа Міхал Квяцінскі пра галоўнага героя свайго апошняга фільма «Шапэн, Шапэн». 8 верасня на прэс-паказе адбылася прэм'ера фільма пра выдатнага кампазітара і піяніста.
Дзеянне фільма пачынаецца ў Парыжы ў 1835 годзе, калі 25-гадовы Фрыдэрык Шапэн зʼяўляецца любімцам парыжскіх салонаў, арыстакратыі і караля Францыі. Ніводная значная падзея не абыходзіцца без яго ўдзелу; ён кампануе шэдэўры і грае канцэрты, якія выклікаюць эйфарыю і захапленне.
Міхал Квяцінскі тлумачыць, што хацеў, перш за ўсё, паказаць, якім быў Фрыдэрык Шапэн:
- Я прапусціў гэты фільм праз сябе, праз сваё ўяўленне асобы Шапэна. Гэта вельмі асабісты фільм. Больш за ўсё мне залежала на Шапэне як чалавеку. Я хацеў паглядзець на Шапэна як на свайго знаёмага, на чалавека, якога я ведаю. З аднаго боку зорка, але з іншага, што мы ведаем пра дом зоркі? Я хацеў увайсці ў гэты дом, не паказваць тое, што звонку.
Ролю Фрыдэрыка Шапэна сыграў Эрык Кульм. Акцёр падкрэслівае, што гэтая роля стала рэалізацыяй яго акцёрскай мары:
- Я заўсёды хацеў зайграць Шапэна, ад моманту, калі стаў акторам. Міхал, калі гэта пачуў, сказаў: добра. І пачаў дзейнічаць. Мы стараліся даведацца пра Шапэна, пра тое, якім ён быў, на аснове кніг.
«Шапэн, Шапэн» адкрые (22 верасня) 50-ы Польскі кінафестываль у Гдыні. Фільм выйдзе ў кінатэатрах 10 кастрычніка.
ав