Беларуская Служба

«Я раскажу вам сваю гісторыю». Сібіракі правядуць нас па пастаяннай выставе ў Музеі памяці Сібіры ў Беластоку

12.09.2025 14:35
Унікальная магчымасць прыняць удзел у гэтай экскурсіі прадастаўляецца толькі адзін раз у год, у Сусветны дзень сібірака.
Аўдыё
  • Музей памяці Сібіры ў Беластоку арганізуе шэраг мерапрыемстваў з нагоды Сусветнага дня сібірака
  , 14 ,            :
У бліжэйшую нядзелю, 14 верасня, Музей памяці Сібіры запрашае на спецыяльную экскурсію па пастаяннай выставе пад назвай: «Я раскажу вам сваю гісторыю»Fot. Jan Szewczyk, Muzeum Pamięci Sybiru

17 верасня адзначаецца 86-я гадавіна савецкай агрэсіі супраць Польшчы і Сусветны дзень сібірака, калі палякі ўшаноўваюць суайчыннікаў, дэпартаваных углыб Расіі. З гэтай нагоды Музей памяці Сібіры ў Беластоку арганізуе шэраг мерапрыемстваў, звязаных з гэтай гадавінай.

Музей памяці Сібіры ў Беластоку – гэта не толькі музей, але і адна з найважнейшых навукова-даследчых установаў у гэтай частцы Еўропы, якая займаецца дэпартацыямі польскага насельніцтва не толькі ў Сібір, але таксама, напрыклад, у Казахстан.

Штогод, 17 верасня ў Беластоку праводзяцца галоўныя ўрачыстасці, прысвечаныя нападу Чырвонай Арміі на ўсходнія тэрыторыі даваеннай Польшчы ў 1939 годзе. У гэты ж дзень адзначаецца і Сусветны дзень сібірака, нагадвае дырэктар Музея памяці Сібіры ў Беластоку прафесар доктар габілітаваны Войцех Сляшыньскі (Wojciech Śleszyński):

- Гэта дзень памяці аб тых, хто быў дэпартаваны падчас савецкай акупацыі 1939-1941 гадах, але таксама і аб тых, хто быў дэпартаваны пасля 1944 года. Вядома, мы таксама нагадваем пра дэпартацыі, якія праводзілі царскія ўлады ў XIX, а нават у XVIII стагоддзях.

17 верасня асноўныя ўрачыстасці ў Беластоку адбудуцца а 12:00 ля помніка «Гераічным маці-сібірачкам»:

- На гадзіну раней мы зможам сустрэцца ля іншых помнікаў, якія таксама ёсць у нас, у Беластоку: Помніка-магілы невядомаму сібіраку ля касцёла Святога Духа. Затым мы пяройдзем на вуліцу Траўгута да Помніка ахвярам савецкіх дэпартацыяў. З гэтага месца адпраўляліся цягнікі на Усход. А 12:00 мы збяромся на асноўныя ўрачыстасці перад Музеем памяці Сібіры.

Асноўныя ўрачыстасці 17 верасня завершацца, а 21:00 паказам мультымедыйная праекцыя пад загалоўкам: «17.09 Мы памятаем». Mapping будзе высвятляцца на фасадзе будынка музея з боку вуліцы Палескай. Гэта асноўныя прапановы, якія адбудуцца ў рамках галоўных урачыстасцяў.

Між тым, у бліжэйшую нядзелю, 14 верасня, Музей памяці Сібіры правядзе спецыяльную экскурсію па пастаяннай выставе пад назвай: «Я раскажу вам сваю гісторыю»:

– У нядзелю запрашаем усіх жыхароў Беластока, а таксама гасцей горада на дзве ўнікальныя экскурсіі па нашай пастаяннай экспазіцыі. Толькі раз у год нашымі экскурсаводамі па выставе з'яўляюцца сібіракі – асобы, якія прайшлі ссылку. З дапамогай нашых супрацоўнікаў яны праводзяць гасцей па выставе і распавядаюць свае гісторыі. Мы запрашаем у нядзелю, 14 верасня, на 10:45 і на 11:30.

Гэта рэдкая магчымасць пачуць гісторыю з першых вуснаў – не толькі праз дакументы і экспанаты, але і праз сведчанні людзей, якія самі прайшлі праз Сібір. Як запэўнівае дырэктар Музея памяці Сібіры, квіткі на гэтую экскурсію раскупляюцца вельмі хутка:

- Наша пастаянная экспазіцыя пабудавана і заснавана на ўспамінах пра сібірскую ссылку. Шпацыруючы па нашым музеі, даследуючы лёс дэпартаваных, мы можам таксама паслухаць сапраўдныя ўспаміны і сапраўдныя галасы тых, хто быў дэпартаваны. Між тым, прысутнасць сібіракаў на нашай выставе адпавядае асноўнай канцэпцыі пастаяннай экспазіцыі. Гэта дадатковы элемент, які ўзмацняе пасыл.

Усяго некалькі дзён таму адбылася прэмʼера аўдыякнігі па ўспамінах палкоўніка Рамуальда Ліпіньскага: «Біяграфія, напісаная гісторыяй». Палкоўнік Рамуальд Ліпіньскі – сібірак і жаўнер, які ваяваў пад Монтэ-Касіна.

Зараз яму больш за 100 гадоў і ён жыве ў Вашынгтоне. Роўна паўтара года таму ён перадаў свае ўспаміны беластоцкаму музею. Аўдыяверсію мемуараў агучыў вядомы польскі акцёр:

- Гэтыя мемуары былі апублікаваныя на польскай і англійскай мовах і выклікалі велізарную цікавасць, таму мы вырашылі выпусціць іх у выглядзе аўдыякнігі. Аўдыякнігу чытае вядомы акцёр Адам Варановіч, які не толькі сыграў галоўную ролю ў фільме «Сібірада» (Syberiada)(«Сібірада» – гэта польская гістарычная драма з 2013 года, у якой рэжысёр Януш Заорскі распавядае пра лёс палякаў сасланых у Сібір у 1940-х гадах – рэд.), але і сам родам з Беластока. Менавіта таму, выбар яго на лектара быў натуральны.

Аўдыякнігу можна набыць на сайце музея www.sybir.białystok.pl у раздзеле «Крама». Таксама быў апублікавы невялікі даведнік пра гісторыю самой агучкі.

Музей памяці Сібір – гэта адносна новая музейная ўстанова, якая афіцыйна адкрылася ў 2021 годзе, але можа ўжо пахваліцца прэстыжнымі ўзнагародамі. Як адзіны музей у Польшчы, ён атрымаў дзве важныя еўрапейскія ўзнагароды: Музейную прэмію Савета Еўропы і Прэмію Форуму Еўрапейскай акадэміі музеяў.

Чаму музей, прысвечаны такой тэме быў створаны менавіта ў Беластоку?:

– Чаму Беласток? Чаму гэтае месца? Таму што гэта, несумненна, найважнейшае месца ў сучасных межаў Польшчы, звязанае з дэпартацыямі ў Сібір і Казахстан. Менавіта адсюль у 1940 – 1941 гадах, а таксама пасля 1944 года, з месца, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба музея, савецкія ўлады адпраўлялі палякаў на Усход. Падкрэсліваю, што гаворка ідзе пра сучасную тэрыторыю Польшчы, бо, вядома, раней такія месцы былі таксама ў Вільні, Гродне, Брэсце і Львове, але гэтыя гарады цяпер знаходзяцца па-за межамі нашай краіны. Менавіта таму Беласток – гэта месца, якое павінна памятаць і памятае пра дэпартаваных суайчынніках, а таксама клапаціцца пра іхных нашчадкаў. Мы працуем з другім і трэцім пакаленнямі сібірскіх ссыльных, якія працягваюць памяць пра дэпартацыях продкаў. Гэта дзеці і ўнукі сібірскіх ссыльных, якія жывуць у Польшчы, але таксама раскіданыя па ўсім свеце.

Чаму захаванне памяці пра лёс палякаў, выгнаных на гэтую «нечалавечую зямлю», усё яшчэ важнае? «Мы памятаем пра мінулае, каб будаваць сучаснасць і будучыню», – паясняе Войцех Сляшыньскі:

- Памяць і мінулае – гэта тое, што нас фарміруе. Вельмі часта ў сацыяльных дыскусіях мы чуем, навошта нам гісторыя; няма сэнсу памятаць, асабліва пра гэтую цяжкую, траўматычную гісторыю (...) Без мінулага мы не можам зразумець сучаснасці і, вядома ж, не можам пабудаваць будучыні (...) Памяць, мінулае – гэта тое, што ў нас ёсць, што мы павінны працягваць? Так, памятаць пра мінулае трэба, перш за ўсё, таму, каб будаваць сучаснасць і будучыню.

- канстатаваў дырэктар Музея памяці Сібіры прафесар доктар габілітаваны Войцех Сляшыньскі.

А мы нагадваем, што 25 верасня ў музеі адбудзецца сустрэча з Войцехам Ласкім, падчас якой аўтар абмяркуе закуліссе стварэння фотасерыі: «Сібірскі свет. Жыццё – Гісторыя – Выжыванне», і падзяліцца асабістымі разважаннямі пра працу ў Сібіры, сустрэчы з нашчадкамі польскіх ссыльных і рэаліі жыцця ў адным з самых суровых рэгіёнаў свету.

Таксама да 28 верасня можна пазнаёміцца з выставай пад адкрытым небам: «Мінулае вачыма сучаснасці. Беласток ʼ39». Выстава складаецца з дзевяці інфармацыйных дошкаў, размешчаных у розных месцах горада, і заахвочвае да прагулкі па слядах яго гісторыі.

Анна Задрожна



Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

«Найлепшая грамадская прастора ў Еўропе» знаходзіцца ў Варшаве. Такое званне атрымаў сталічны парк (ФОТА)

01.08.2025 15:01
Яго «нефармальную эстэтыку» пазітыўна ацанілі як жыхары горада, так і архітэктары.

600-гадовае яйка, пісьмовы стол сына Напалеона І, прататып крокамера... Якія яшчэ скарбы хавае музей у Цешыне? (ФОТА/ВІДЭА)

22.08.2025 17:17
Запрашаем у найстарэйшы публічны музей у Польшчы і адзін з найстарэйшых публічных музеяў у Цэнтральнай Еўропе.