2025 год быў абвешчаны Сеймам Годам Стэфана Жаромскага ў Польшчы. Ён прымеркаваны да стагоддзя смерці пісьменніка, якое выпадае 20 лістапада бягучага года. Круглая гадавіна – гэта дасканалая нагода, каб нагадаць пра постаць пісьменніка, публіцыста і палітычнага дзеяча, які фармаваў нацыянальныя погляды пакаленняў палякаў, а таксама пачаць важную размову пра яго культурную спадчыну ў сучаснай Польшчы.
Музей Стэфана Жаромскага ў горадзе Кельцэ (Kielce) ад пачатку ангажаваўся ў ініцыятыву ўшанавання стагоддзя смерці выдатнага польскага пісьменніка, кажа кіраўнічка ўстановы Сільвія Захаж (Sylwia Zacharz):
- Пачалося з таго, што мы, разам з рознымі іншымі ўстановамі, якія маюць нейкае дачыненне да творчасці Стэфана Жаромскага, ці якіх патронам ён з’яўляецца, напісалі петыцыю ў Сейм з просьбай абвясціць 2025 год Годам Стэфана Жаромскага. Ініцыятыва сустрэлася з падтрымкай дэпутатаў.
Творы Стэфана Жаромскага з самага пачатку выклікалі як энтузіязмам, так і ажыўленыя дыскусіі і палеміку асабліва сярод польскай інтэлігенцыі. Паводле літаратуразнаўцаў, цяжка пераацаніць значэнне яго творчасці ў жыцці польскага грамадства ў часы падзелаў, Другой Рэчы Паспалітай і Польскай Народнай Рэспублікі.
Што зараз адбываецца з творчай спадчынай пісьменніка? Між іншым, на гэтае пытанне пастараюцца адказаць удзельнікі агульнапольскай навуковай канферэнцыі: «Жаромскі нанава. Што здарылася з гэтай спадчынай?», якая адбудзецца дакладна ў сотую гадавіну смерці пісьменніка:
- Наша сёлетняя дзейнасць, звязаная з ушанаваннем Года Стэфана Жаромскага, сканцэнтраваная на некалькіх справах. Найважнейшай з іх, несумненна, з'яўляецца трохдзённая агульнанацыянальная навуковая канферэнцыя, якая пройдзе 19-21 лістапада ў Кельцах, у прыватнасці ў Палацы кракаўскіх біскупаў і ва Універсітэце Яна Каханоўскага. Тэма канферэнцыі: «Жаромскі нанава». Мы хочам паказаць, як зараз – па-новаму, можна чытаць творы Жаромскага. Фактычна, мы будзем не толькі чытаць яго творы, але і разважаць пра тое, што здарылася са спадчынай Жаромскага; ці прысутнічае ён у новых СМІ; ці зʼяўляюцца новыя ўстановы, якія займаюцца яго творчай спадчынай і як цяпер згаданая трорчасць успрымаецца.
Паводле арганізатараў, канферэнцыя таксама дасць магчымасць успомніць найбольш выдатнага даследчыка жыцця і творчасці Стэфана Жаромскага – прафесара Здзіслава Ежы Адамчыка, які прысвяціў пісьменніку амаль усю сваю даследчую дзейнасць.
Удзельнікі мерапрыемства задумаюцца, між іншым, пра тое, ці варта перавыдаваць класікаў літаратуры – гэта ў кантэксце важнай выдавецкай падзеі, звязанай з Жаромскім:
- Неўзабаве свет убачаць «Дзённікі Жаромскага» ў чарговай апрацоўцы. Гэта тым больш важная падзея, што яны ніколі не публікаваліся без цэнзуры. Зараз упершыню «Дзённікі Жаромскага» ўбачаць свет у форме, у якой іх напісаў аўтар – гэта значыць без выкрасленняў, якія тычацца звычаяў ці поглядаў Жаромскага, напрыклад, у дачыненні да Расіі.
Акрамя трохдзённай канферэнцыі, якая зʼяўляецца найбуйнейшым мерапрыемствам у Польшчы, арганізаваным з нагоды Года Жаромскага, у музеі ў Кельцах праходзіць таксама шэраг меншых мерапрыемстваў, скажам так, больш музейнага характару, нагадвае спадарыня Сільвія Захаж:
- Мы падрыхтавалі выставу з інфармацыйных дошак, якую мы прапануем усім установам, якія жадаюць яе паказаць. Гэта выстава пра жыццё, працу і сямʼю Стэфана Жаромскага. Нядаўна яна наведала Сейм і працавала там некалькі дзён. Цяпер яна пераязджае ў чарговыя месцы. У нас таксама ёсць шэраг адукацыйных лекцый, прысвечаных Жаромскаму і яго бліжэйшым асобам.
Несумненна важным праектам, які ўдалося запусціць у рамках святкавання Года Жаромскага ў Польшчы, з’яўляецца праект па пашырэнні музея ў Кельцах:
- Мы спадзяемся адкрыць новы аб’ект у 2028 годзе. Сёлета мы забяспечылі фінансаванне праекта і ўжо пачынаем працу па стварэнні новай музейнай установы, прысвечанай найважнейшаму пісьменніку з нашага рэгіёна. Гэта будзе першы ў Польшчы музей, які распавядзе гісторыю ўсяго жыцця Жаромскага. Як я ўжо згадала, нашая цяперашняя музейная ўстанова шмат гадоў працавала, як музей прысвечаны школьнаму перыяду жыцця Стэфана Жаромскага. Музей у Налэнчаве распавядае, пра часы, калі там пражываў Жаромскі, у Каралеўскім замку ў Варшаве ёсць кватэра Жаромскага (там ён правёў апошні год жыцця і памёр – рэд.), віла ў Канстанціне – таксама паказвае нейкі, канкрэтны перыяд жыцця пісьменніка. У сваю чаргу ў Польшчы не хапала музея, які б паказваў жыццё пісьменніка поўнасцю, скажам так, ад нараджэння да смерці праз творчасць і іншую дзейнасць… Наш намер – стварыць такую ўстанову ў месцы адкуль пісьменнік родам.
Новая экспазіцыя будзе размяшчацца насупраць цяперашняга музея ў будынку з канца XIX стагоддзя. Тут калісьці пражываў дырэктар школы, у якой у дзяцінстве вучыўся Стэфан Жаромскі, нагадвае спадарыня Захаж:
- Тут мы засяродзімся на гэтым, каб паказаць, якім пісьменнікам быў Жаромскі; што яго матывавала; якія ідэі ён прасоўваў. Хочам паказаць яго сацыяльную і палітычную актыўнасць. Нагадваю, на парозе незалежнасці Польшчы ён быў лідарам маладога пакалення, які пераконваў, што трэба змагацца за незалежнасць і свабоду. У асноўным, гэта ідэя, якая ляжыць у аснове нашай новай установы. Спадзяемся, што новая выставачная прастора дазволіць нам паказаць Стэфана Жаромскага значна шырэй, чым мы можам зрабіць гэта зараз.
Абвешчаны Сеймам Год Стэфана Жаромскага павінен, перш за ўсё, памяняць сучасны падыход да пісьменніка і яго творчасці; паказаць, колькі Жаромскі зрабіў для Польшчы і палякаў, лічыць Сільвія Захаж:
- Больш за ўсё хацелася б бачыць змену стаўлення да Жаромскага, які цягам часу стаў успрымацца, скажам так, як сумны і складаны пісьменнік. На самой справе, нашая навуковая канферэнцыя, выстава ці праект па стварэнні комплекснага музея, прысвечанага Жаромскаму, накіраваныя на тое, каб нагадаць, што Жаромскі быў чалавекам, які шмат рабіў для Польшчы, палякаў і польскай дзяржаўнасці. Напрыклад, мала хто ведае, што Жаромскі быў прэзідэнтам Закапанскай Рэспублікі, або паехаў на Вармію і Мазуры, дапамагаць у правядзенні плебісцыта. Ён пераконваў Юзафа Пілсудскага, што калі дзяржава не паклапоціцца пра тамтэйшых людзей, Польшча плебісцыт прайграе. Мала хто таксама ведае, што Жаромскі быў ваенным карэспандэнтам у Вышкаве; што, калі прыйшоў час мабілізацыі, ён апрануў вайсковую форму… Пра гэта цяпер амаль гаворка не ідзе(…). Жаромскі быў пісьменнікам, які верыў, што калі ты звернеш увагу на памылкі, ты іх больш не паўторыш, бо трэба вучыцца на гісторыі і рабіць з яе высновы(…) Гаворка ідзе пра тое, што творчасць Стэфана Жаромскага і тое, як яна цяпер прадстаўлена, не цалкам адлюстроўвае сапраўдныя погляды Жаромскага.
- заявіла кіраўнічка Музея Стэфана Жаромскага ў Кельцах Сільвія Захаж (Sylwia Zacharz).
Стэфан Жаромскі памёр 20 лістапада 1925 года. Пасля смерці пісьменніка ў Польшчы была абвешчана нацыянальная жалоба. Яго пахаванне на могілках евангелічных рэфарматараў на вуліцы Жытняй у Варшаве пераўтварылася ў буйную дэманстрацыю польскага грамадства, для якога пісьменнік быў «сумленнем народа».
Анна Задрожна