На пачатку кастрычніка ва Уроцлаўскім Доме літаратуры адбылася апошняя лекцыя з цыклю «Доўгая дарога да дому», якая была прысвечаная сучаснай беларускай паэзіі. Выступоўца - вядомы беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч - засяродзіўся на аўтарах, якія найбольш прысутнічаюць у польскіх перакладах. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Польшчы выйшлі 4 прэзэнтатыўныя анталогіі беларускай паэзіі, якія стварылі цэльны партрэт, характэрны для свайго часу.
На думку выступоўцы ў 20 стагоддзі найбольш пашчасціла быць вядомым у Польшчы пісьменніку і паэту Максіму Танку. Сваёй біяграфіяй ён моцна ўрос у Польшчу, меў тут сяброў, любіў яе культуру, тут ён бачыцца як мадэрнісцкі еўрапейскі аўтар, распавёў Андрэй Хадановіч.
— Максім Танк – абсалютна ў каноне еўрапейскай паэзіі аўтар, які змяшчыў вершы напісаныя ў вольнай форме (верлібры) паміж камуністычнымі дрындушкамі. Цэнзары прапускалі і тое і другое, і таму цяпер Танка вельмі лёгка друкаваць. Застаецца выкінуць усё лішняе і перад намі сотні актуальных, мудрых, філасоўскіх вершаў.
Больш сучасную беларускую паэзію ў Польшчы можна адкрыць яшчэ праз выдавецтва «Пагранічча» у Сэйнах і Краснагрудзе, дзе выходзіла паэтычная серыя, у якой друкаваліся вершы Алеся Разанава, Марыі Мартысевіч, Веры Бурлак ды іншых. Алесь Разанаў – гэта максімальнае ўвасабленне абсягаў беларускай паэзіі ў 20-м стагоддзі, зазначыў Андрэй Хадановіч.
— Разанаў - гэта паэт-метафізік, рэфарматар, ціхі і нескандальны рэвалюцыянер, які злучаў адразу дзве замежныя ды экзатычныя для Беларусі традацыі: заходнееўрапейскі інтэлекталізм ды усходнія медытатыўныя формы літаратуры. Усё гэта спалучалася ды іскрылася ў мове. Разанаў прыслуховаўся да гучання словаў і выцягваў іх сэнс.
У ХХІ-м жа стагоддзі у беларускай паэзіі рэй вядуць паэткі, якім ёсць што сказаць, і, якія ведаюць, як гэта зрабіць, падкрэсліў вступоўца.
— Гэта паэзія, якая можа быць класічна афрмленай, альбо выбухаць эфектнымі рыфмамі. Яна можа быць напісаная аскетычнымі вольным вершам, а можа зачароўваць нас каскадамі гукапісу і славеснымі пералівамі. Яна можа ўражваць нас сваёй шорсткасцю ды калючасцю, як ў паэткі трагічнага голасу – Вальжыны Морт. Іншы прыклад на стыку цялеснасці ды лінгвістыкі дае вядомая ў свеце беларуская паэтка, прадстаўленая ў Польшчы дзьвюма кніжкамі – Юлія Цімафеева. Кажучы пра жаночую паэзію, мы кажам пра адвагу, пра правакацыю, як у вершах Веры Бурлак.
Выказаўся Андрэй Хадановіч і на тэму таго, ці ёсць у беларускай паэзіі будучыня, калі прысутныя слухачы спыталі, ці не пагражае ёй стаць удзелам вузкага кола «дзівакоў».
— Паэты заўсёды былі прарокамі ды «фрыкамі», гэта трэба памножыць і ўзяць квадратны корань, і пасярэдзіне будзе сутнасць. Паэты і паэткі былі гарадскімі вар’ятамі, абкуранымі піфіямі, якія прамаўлялі ірацыянальныя прароцтвы. Іх роляй было да канца прагаварыць тое, ад чаго нам страшна і некамфортна. Паэзія будзе разам з іншымі кульутнымі прадуктамі прасочвацца туды, куды нельга, але што запатрабавана. Сёння беларускія паэты засвойваюць стыхію музыкі ды перформансу, як экспертыменты і паэтычныя танцы Дзмітрыя Строцава, як музычныя праекты Віталя Рыжкова, Уладзя Лінкевіча, Сяргея Пукста, які паэт і па сумяшальніцтве віртуозны музыка, ці Дар’і Бялькевіч, якой зрабілася цесна ў сферы паэтычнага выступлення, яе цягне спяваць. Нікуды не дзенуцца і ўніверсітэцкія пасядзелкі са свечкамі на Каляды, каб шэптам нешта магічнае чытаць. Паэзія самы просты спосаб максімальна мабілізавацца ў мінімальны прамежак часу.
Юры Ліхтаровіч