Беларуская Служба

Фрыдэрык Шапэн быў не толькі таленавітым музыкам, але і моднікам

06.11.2025 16:01
Усе лісты Фрыдэрыка Шапэна ўрэшце выдадзены Выдавецтвамі Варшаўскага ўніверсітэта.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Скоўран пра Ф.Шапэна.
      Korespondencja Fryderyka Chopina    .
Збігнеў Скоўран з першым томам выдання Korespondencja Fryderyka Chopina ў студыі Польскага радыё.Viktar Korbut

17 кастрычніка 1849 года ў Парыжы пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця Фрыдэрык Шапэн — паляк, адзін з найвялікшых кампазітараў у гісторыі музыкі. Ён завяшчаў, каб ягонае сэрца вярнулі ў Варшаву. Так і адбылося: яно спачывае ў касцёле Святога Крыжа ў сталіцы Польшчы.

Музыка Шапэна апоўдні і апоўначы стала фірменнымі пазыўнымі Польскага радыё. А які быў Шапэн не толькі ў музыцы, але і ў штодзённым жыцці? Чвэрць стагоддзя спатрэбілася, каб выдаць перапіску Фрыдэрыка Шапэна, якая раскрывае яго славу і пакуты. Усе лісты, якія захаваліся да нашага часу, былі сабраны Зоф’яй Хэльман, Ханнай Урублеўскай-Штраўс і Збігневам Скоўранам і выдадзены — Korespondencja Fryderyka Chopina («Перапіска Фрыдэрыка Шапэна») — Выдавецтвамі Варшаўскага ўніверсітэта (Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego). Сёлета выдавецкі праект быў завершаны. А першы том быў выдадзены ў 2009 годзе.

Збігнеў Скоўран (Zbigniew Skowron), польскі музыказнавец, прафесар на пенсіі Варшаўскага ўніверсітэта, даследчык біяграфіі Шапэна, прыйшоў у студыю Польскага радыё, каб расказаць нам пра невядомага Шапэна, чыя асоба раскрываецца перад намі праз яго лісты.

— Перш за ўсё варта сказаць пра лісты да сям’і — менавіта яны складаюць найбольшую частку ўсёй перапіскі Шапэна. Ён пісаў іх з маладосці і да сталых гадоў. Гэта вельмі аб’ёмныя лісты: знаходзячыся ў эміграцыі — спачатку ў Парыжы, а потым на працягу некалькіх месяцаў у Англіі, — ён падрабязна расказваў бацькам і сёстрам, Людвіцы і Ізабэлі, пра ўсё, што яго акружала. Што да перапіскі з прадстаўнікамі музычнага свету таго часу, то гэта перш за ўсё выдаўцы. Шапэн выдатна ўмеў арганізоўваць працэс публікацыі сваіх твораў: ён дасылаў ужо адрэдагаваныя і перапісаныя рукапісы сваім выдаўцам у Францыі (Парыж), Германіі (Лейпцыг) і Англіі. Фігуры выдаўцоў былі ключавымі для распаўсюджвання яго музыкі, і сам факт публікацыі меў для Шапэна вялікае значэнне. Ён вельмі клапаціўся пра тое, каб яго творы выходзілі адначасова ў некалькіх краінах. Сярод іншых адрасатаў можна назваць яго вернага сябра, віяланчэліста Агюста Франкома, з якім ён шмат часу праводзіў за размовамі і музыкай. Вядома, ёсць і лісты да іншых кампазітараў і дзеячаў мастацтва таго часу. Але асноўную частку перапіскі складаюць менавіта лісты да сям’і і польскіх сяброў. Гэта і ёсць ядро той перапіскі, якую мы сёння ведаем.

Якім жа Шапэн паўстае перад намі ў святле сваіх лістоў?

— Лісты Шапэна — найлепшае сведчанне для тых, хто хоча ўбачыць яго як чалавека, жывога і сапраўднага, у паўсядзённым жыцці. Перш за ўсё ён быў чалавекам неверагодна дасціпным, з выдатным пачуццём гумару і тонкім назіраннем за светам. Акрамя таго, ён быў сапраўдным перфекцыяністам — клапаціўся не толькі пра дасканаласць сваіх кампазіцый, але і пра свой знешні выгляд. Да такой ступені, што ў парыжскія гады ён стаў сапраўдным узорам элегантнасці. Гаварылі, напрыклад, пра яго пальчаткі, але і ўвогуле пра яго бездакорны густ — Шапэн славіўся сваёй вытанчанасцю. Ён быў чалавекам з надзвычай багатай фантазіяй і жывым успрыманнем жыцця. І пры гэтым — з глыбока асабістым, закрытым унутраным светам. Можна сказаць, што Шапэн быў адным чалавекам на людзях, а другім — у адзіноце. У штодзённым жыцці ён быў ветлівы, інтэлігентны і далікатны настаўнік — такім яго бачылі вучні. Але ў адзіноце яго мучылі глыбокія ўнутраныя сумненні, туга па бацьках, па бацькаўшчыне і па польскіх сябрах, з якімі ён падтрымліваў перапіску. Тым не менш гэта была надзвычай яркая асоба. У «знешнім» Шапэне асабліва вылучалася яго пачуццё гумару — яно бліскуча праяўляецца ў яго лістах. Ён меў развітае пачуццё такту, заўсёды ведаў, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях. У гэтым ён быў сапраўдным дыпламатам. Дзякуючы адкрытасці і ўменню трымацца, ён меў шмат сяброў — у тым ліку сярод парыжскай арыстакратыі і фінансавай эліты. Ён выдатна арыентаваўся ў свецкім асяроддзі — і гэта таксама важная частка яго характару. Фізічна Шапэн быў чалавекам невысокім, далікатным, на жаль, хваравітым. Хвароба пачала праяўляцца ўжо ў 1830-х гадах і няўхільна прагрэсаваць. Яна прыносіла яму пакуты і ўнутраныя мукі на працягу многіх гадоў — аж да канца жыцця.

На жаль, як мы ведаем, Шапэну давялося жыць і тварыць не толькі на радзіме, у Польшчы, у Варшаве, але і пазнаць жыццё эмігранта. Як ён адчуваў сябе дома і на чужыне? Як гэта адбілася на яго творчасці?

— Я лічу, што абодва этапы дзейнасці Шапэна былі надзвычай важныя. У варшаўскі перыяд у яго былі выдатныя ўмовы для музычнага развіцця — дзякуючы вучобе ў Варшаве ў Юзэфа Эльснера, які адкрыў яму вялікую еўрапейскую музычную традыцыю. Гэты найбагацейшы багаж ведаў Шапэн узяў з сабой, калі пакінуў Варшаву 2 лістапада 1830 года — усяго за месяц да пачатку Лістападаўскага паўстання (супраць расійскага панавання, якое неўзабаве было падаўлена. — Рэд.). Варшаўскія гады далі яму не толькі веды, але і вялікі музычны вопыт. Ён сфарміраваўся як музыкант ва ўсіх адносінах і быў ужо цалкам сталым, калі пакідаў бацькаўшчыну. Таму гэты этап мае выключнае значэнне. Не менш важным быў і парыжскі перыяд, калі талент Шапэна сапраўды раскрыўся і набыў шырокі маштаб. Гэта стала магчымым дзякуючы інтэнсіўнаму музычнаму жыццю Парыжа — аднаго з галоўных культурных цэнтраў Еўропы таго часу. Асабліва Шапэна прыцягвала опера, якую ён вельмі любіў. Аднак свецкае і прафесіянальнае жыццё ў Парыжы, пры ўсёй сваёй насычанасці, не заўсёды дазваляла яму цалкам аддавацца творчасці. І тут на першы план выходзіць трэці важны этап — гады, праведзеныя ў маёнтку Наан (Château de Nohant), які належаў французскай пісьменніцы Жорж Санд. Яна, закаханая ў Шапэна ў сярэдзіне 1830-х гадоў, запрасіла яго ў свой летні дом. Іх адносіны мелі любоўны характар, і менавіта там, у Наане, Шапэн мог працаваць у спакоі і адзіноце — ва ўмовах, якія былі ідэальныя для творчасці. На жаль, гэты трэці этап завяршыўся ў 1847 годзе балючым разрывам. Шапэн быў чалавекам тонкім і ўразлівым. Ён не быў у курсе планаў Жорж Санд адносна шлюбу яе дачкі — і гэта стала прычынай разрыву, нягледзячы на іх глыбокую сувязь і плённае супрацоўніцтва, якое адыграла велізарную ролю ў яго творчым жыцці.

Віктар Корбут

Аўтар дзякуе выдавецтву Варшаўскага ўніверсітэта — дырэктару Бэаце Янковяк-Конік і галоўнаму рэдактару Малгажаце Пшыбышэўскай — за садзейнічанне ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ежы Марэк Навакоўскі: Гісторыя іграе сур'ёзную ролю ў пабудове нацыянальных ідэнтычнасцей

08.05.2025 16:46
Былы дырэктар праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё разважае пра ролю гісторыі ў палітыцы.