Беларуская Служба

Андрэй Хадановіч: Караткевіч быў глыбока несавецкім чалавекам

27.11.2025 15:05
У гэтым годзе споўнілася 95 год з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – вядомага беларускага літаратара, чалавека жыццядзейнага, моцна любімага беларусамі.
Цытата з рамана Уладзіміра КараткевічаWrocławski Dom Literatury

95 год таму 26 лістапада нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. Пісьменніка часта называюць «рамантыкам, які запаліў беларушчынай сэрцы», «выбітнай і выключнай постаццю нацыянальнай культуры, які навучыў любіць Беларусь сэрцам». Аднак у краіне са школьнай праграмы выкінулі яго раман «Каласы пад сярпом тваім» і цалкам праігнаравалі гадавіну нараджэння творцы.

Уладзімір Караткевіч, які пражыў няпоўныя 53 гады, меў складаныя адносіны з тагачаснай уладай, яго не раз цэнзуравалі. Больш падрабязна пра гэта сёлета распавёў Андрэй Хадановіч, падчас прачытанай ва Уроцлаве лекцыі пра беларускую літаратуру «Доўгая дарога дадому».

— На двары часы глыбокага застою, ад літаратараў патрабуюць вернасці канонам сацыялістычнага рэалізму. Караткевіч быў глыбока несавецкім чалавекам, быў глыбока беларускім у часы, якія не спрыялі нічому нацыянальнаму, разам з тым ён не быў антысаветчыкам, не быў дысідэнтам, не пісаў у шуфляду. Ён рабіў усё, каб яго тэксты траплялі да чытачоў. Чытачы плацілі пісьменніку ўзаемнасцю.

Дачыненні ў пісьменніка з цэнзурай былі часам вельмі складаныя, даходзіла нават да змены назвы твораў.

— Раман «Нельга забыць» – некараткевіцкая назва, як савецкі імператыў: Ідзі і глядзі, Жыві і памятай, Нельга забыць. Арыгінальная назва «Леаніды не вернуцца на зямлю». Гаворка ішла пра метэарытны дождж, але ў часы застою слова «Леаніды» было непрымальнае для цэнзараў. Цяпер паціху аматары Караткевіча вяртаюць яго ў неацэнзураваным выглядзе чытачам.

Што больш за ўсё не падабалася цэнзарам?

— Беларус, Беларусь, беларускае – вылятала бязбожна ў цэнзуры.

Караткевіч навучыўся гуляць з цэнзурай і перамагаць яе, не гуляючы па навязаных правілах.

— Караткевіч навучыўся падманваць цэнзуру, прыкладна так, як яго герой Гервасій Выліваха гуляў у шахматы са смерцю. Спачатку прайграваў. Бо спрабаваў гуляць па правілах, а потым пачаў парушаць гэтыя правілы і нечакана перамог. Прыкладна тую ж гульню вёў з цэнзарамі Караткевіч. Трэба даць фігуру пад бой у шахматнай тэрміналогіі. Трэба побач з крамольным месцам, якое табе важна правесці, даць яшчэ большую крамолу, роля якой адна – запаліць чырвоную лямпачку ў вачах цэнзара.  

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч нагадаў запавет, які Караткевіч пакінуў нашчадкам: «Рабі як ніхто, рабі як не бывае, тады пераможаш!»

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч