«Беларускі архіў» — гэта месца, дзе збіраюцца і захоўваюцца дакументы, фатаграфіі, сведчанні і артэфакты, звязаныя з жыццём беларускай меншасці ў Польшчы, але не толькі. Гэта праект, які дапамагае зразумець гісторыю, кім мы былі і кім з’яўляемся сёння.
Яраслаў Іванюк пра мэты, выклікі і першыя вынікі працы архіва размаўляе з дырэктарам Цэнтра беларускай культуры Анатолям Вапам.
— Ідэя вельмі простая - трэба дакументаваць жыццё беларускай супольнасці на Беласточчыне, а таксама наогул беларусаў, якія жывуць не толькі на Беласточчыне і ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Мы збіраем матэрыялы пра ўсіх беларусаў. Бо трэба ж памятаць, што з Беласточчыны многія людзі выязджалі ў XIX–XX стагоддзях, падчас Другой сусветнай вайны — у эміграцыю, у Амерыку ці ў Заходнюю Еўропу, шукаючы працу і лепшае жыццё. Матэрыялы пра іх таксама намі збіраюцца.
Калі казаць пра нашу калекцыю за два гады існавання Цэнтра, нам удалося сабраць вельмі многа — больш за 4000 дакументаў, фотаздымкаў, паштовак, розных друкаў і лістовак, абвестак, якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў. Але гэта яшчэ толькі частка таго, што нам патрэбна, нават для самой Беласточчыны, каб атрымаць поўную карціну.
Большасць матэрыялаў паходзіць з XX стагоддзя. Да Другой сусветнай вайны і пасля яе. Таксама ёсць цікавыя зборы з другой паловы XIX стагоддзя. Ранейшыя матэрыялы сустракаюцца вельмі рэдка. Мы маем дакументы пра падаткі, пабудову гаспадарчых збудаванняў, беларускія паштоўкі, прэсу, кнігі.
Хто тыя людзі, якія перадаюць гэтыя матэрыялы ў «Беларускі архіў», якім займаецца Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. І ці цяжка іх пераконваць перадаць нешта?
— У асноўным гэта перадаюць беларускія дзеячы з 80‑х і 90‑х гадоў. Бывае, што нават з 70-х, сем'і перадаюць матэрыялы сваіх дзядоў ці бацькоў. Часта яны не ведаюць, хто на фотаздымках, але ў нас ёсць магчымасць іх ідэнтыфікаваць праз розныя газеты, архівы, размовы з людзьмі. Таксама мы купляем матэрыялы з антыкварыяту і інтэрнэту, калі ёсць магчымасць. Калі нам хто-небудзь перадае матэрыялы, іх трэба апрацаваць, апісаць і ўпісаць у інвентарныя кніжкі — гэта займае вельмі шмат часу. Асабліва складана ідэнтыфікаваць асоб на фотаздымках ці здарэнні, якія на іх адлюстраваны, трэба праглядаць старыя часопісы, кнігі, размаўляць з людзьмі.
А якія найбольш цікавыя, каштоўныя артэфакты ў Беларускім архіве?
— Наш найбольш каштоўны артэфакт — гэта ліст караля Жыгімонта Аўгуста з 1570 году. Гэта вайсковы дакумент XVI стагоддзя з подпісам Жыгімонта Аўгуста, складзены ў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага на беларускай мове. Таксама вельмі каштоўныя матэрыяльна: збор Сцяпана Копы, музычны архіў з запісамі песень на касетах, але таксама і нотныя запісы. Нядаўна мы атрымалі сямейны архіў бацюшкі Сяргея Петрушкевіча. Там 1200–1300 дакументаў і фотаздымкаў ад канца XIX стагоддзя да 2000‑х гадоў. Ёсць унікальныя фотаздымкі з беларускіх вёсак і мястэчак, зробленыя немцамі ў час Другой сусветнай вайны. Збор дакументаў і фотаздымкаў вельмі цікавы, але пакуль не поўны. Цэнтр беларускай культуры чакае ад людзей, якія захавалі ў сваіх хатніх архівах дакументы і фотаздымкі, каб яны перадавалі іх у архіў.
Гэта вельмі важна, бо нават звычайныя сямейныя фотаздымкі могуць утрымліваць інфармацыю пра звычаі, знешні выгляд, лад жыцця людзей і святкаванні. Мы можам цыфрызаваць матэрыялы, упарадкаваць іх і зрабіць даступнымі для даследчыкаў і шырокай грамадскасці.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл
Ліст: 2 лістапада 1570 г., Варшава
Змест: Жыгімонт Аўгуст, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, заключыўшы перамір'е з вялікім князем маскоўскім [Іванам IV], выдае Гентольту Влоху, капітану кавалерыі, які знаходзіўся ў Лепельскім замку, новы рэкамендацыйны ліст на 50 пяхотнікаў, пасля таго як другія 50 салдат перадаў іншаму лепельскаму капітану кавалерыі, Станіславу Русецкаму.
Мова: старабеларуская
Апісанне: Пад тэкстам размешчаны подпісы караля і Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта Аўгуста (лацінская мова) і Мацея Савіцкага (беларуская мова), пісара Вялікага Княства Літоўскага, а таксама адбітак праз паперу пячаткі канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. На палях — запіска, якая паведамляе пра прадстаўленне дакумента 12 чэрвеня 1807 г. двару камергера-камісара Себежскага павета; на адваротным баку — кароткі змест.
Ліст з пячаткай польскага караля.
Ліст з подпісам польскага караля.