Беларуская Служба

Польскія традыцыі пляцення ўнесеныя ў спіс ЮНЕСКА (ВІДЭА)

19.12.2025 14:01
Такім чынам, пляценне стала сёмай польскай традыцыяй, унесенай у згаданы прэстыжны спіс.
Аўдыё
  • Польскія традыцыі пляцення ўнесеныя ў спіс ЮНЕСКА
Польскія традыцыі пляцення ўнесеныя ў спіс ЮНЕСКАfot. MKiDN

Пляценне – гэта адно з найстарэйшых рамёстваў у Польшчы. На працягу стагоддзяў пляценне кошыкаў, посуду і ёмістасціяў для захоўвання розных прадуктаў іг.д. было часткай паўсядзённага жыцця. Часта яно выконвалася побач з іншымі сельскагаспадарчымі мерапрыемствамі, а ў рэгіёнах са слабаразвітой прамысловасцю і неўрадлівай глебай яно з часам стала асноўным заняткам.

Традыцыя пляцення грунтуецца на мастацтве рамёстваў, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне, і глыбокім веданні прыроды, якое дазваляе атрымліваць і правільна рыхтаваць натуральную сыравіну – лазу, салому і карані дрэў.

Дзе ў Польшчы гэтая традыцыя надалей жывая? Хто займаецца гэтым рамяством? Што робіць польскае лазапляценне ўнікальным?

10 снежня 2025 года падчас 20-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Нью-Дэлі польская традыцыя пляцення была афіцыйна ўнесеныя ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Такім чынам, пляценне стала сёмай польскай традыцыяй, унесенай у згаданы прэстыжны спіс, нагадвае старшыня Польскай асацыяцыі пляцення Войцех Свянткоўскі (Wojciech Świątkowski):

- Мы чакалі гэтага вельмі доўга і на канец дачакаліся. Гэта сёмая польская традыцыя, унесеная ў гэты спіс, але першая, якая прадстаўляе даволі буйную групу рамеснікаў. Паводле маіх ацэнак, згаданую традыцыю ў Польшчы зараз працягвае 6-7 тысяч чалавек.

Нагадваем, раней у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва былі ўнесеныя кракаўскія шопкі, пчалярства, сакалярства, традыцыя стварэння кветкавых дываноў на Дзень Божага Цела, лесасплаў і традыцыйны польскі танец паланез.

Пляценнем у Польшчы зараз займаюцца, як мужчыны, так і жанчыны. У Польшчы для пляцення выкарыстоўваецца не толькі лаза, кажа спадар Войцех Свянткоўскі:

- У Польшчы галоўнай сыравінай, якая выкарыстоўваецца для пляцення, з’яўляецца лаза, у прыватнасці маладыя, аднагадовыя парасткі вярбы, даўжынёй, як мінімум, у 50 сантыметраў. З лазы вырабляецца больш за 80% усіх вырабаў. Польская лаза ў асноўным паходзіць з плантацый, вельмі рэдка з натуральнага асяроддзя. Акрамя лазы для пляцення выкарыстоўваюцца таксама салома, рагоз, корань хвоі і ядлоўца.

Такую сыравіну можна выкарыстаць для пляцення кошыкаў, галантарэйных вырабаў, мэблі і ландшафтнай архітэктуры.

Агулам пляценне ў Польшчы можна падзяліць на дзве катэгорыі, кажа старшыня Польскай асацыяцыі пляцення:

- Гэта пляценне розных вырабаў і пляценне, якое выкарыстоўваецца ў іншых мэтах. Гаворка ідзе пра тое, што пляценне можна выкарыстоўваць таксама ў культуры, анімацыі, эргатэрапіі; рэабілітацыі і развіцці маторных здольнасцей.

Пляценне – нялёгкая прафесія, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і грунтуецца на глыбокім веданні прыроды:

- Паводле майго досведу, каля 180 гадзінаў вучобы спатрэбіцца, каб сказаць, што мы збольшага авалодалі гэтым майстэрствам – на такім аматарскім узроўні. У сваю чаргу, дзеля атрымання асноўных прафесійных сертыфікатаў, спатрэбяцца ўжо каля 600 гадзінаў практычных заняткаў – гэта такі мінімум. Далей застаецца рашучасць, адданасць справе, час і велізарны аб'ём зыходнага матэрыялу, які праходзіць праз рукі – усё гэта неабходнае, каб можна было сказаць, што ў нас досвед і «добрыя зносіны» з матэрыялам.

Пляценне кошыкаў, гэта перш за ўсё рамяство, якое можа быць мастацтвам, кажа спадар Войцех:

- Рамяство, таму што мы пляцем і прадаем кошыкі. Гэты камерцыйны аспект у гэтай дзейнасці – то бок арыентаваны на прыбытак, таксама павінен быць, таму, што мы гэтым зарабляем на жыццё. Традыцыя – гэта адно, але мы таксама прадпрымальнікі – праўда рознага маштабу. Зразумела не кожны, хто займаецца пляценнем кошыкаў, абавязаны займацца гэтым прафесійна. Усё ж, факт, што каля 80% вырабаў прадаецца, сведчыць за тое, што пляценне кошыкаў у Польшчы – гэта рамяство.

Дарэчы польскім вырабам з лазы характэрная высокая якасць і іншыя адметныя рысы:

- На розных рынках з’явілася шмат падобных вырабаў, але іхная якасць у сувязі, выкарыстаным матэрыялам, розная. Польскім вырабам з лазы характэрны цагляна-чырвоны колер. Гэта колер лазы з польскіх плантацыі, у прыватнасці віду «Salix americana». Гэта від вярбы, які ў 1885 годзе ў Еўропу прывёз Эрнст Хёдт (Ernst Hoedt). Вырабы з іншых куткоў свету, могуць быць выкананыя з іншай сыравіны, гэта можа быць – бамбук, рафія, вадзяны гіяцынт, які нагадвае наш рагоз. Тым не менш, польская лаза вельмі харакрэтная.

- кажа старшыня Польскай асацыяцыі пляцення Войцех Свянткоўскі (Wojciech Świątkowski).



Заяўка на ўнясенне польскай традыцыі пляцення ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва была падрыхтавана ў супрацоўніцтве з носьбітамі традыцыі і шматлікімі партнёрамі, у тым ліку няўрадавымі арганізацыямі, культурнымі ўстановамі і прадстаўнікамі мясцовых органаў улады.

Асаблівую ролю адыгралі майстры з рэгіёнаў з моцнымі традыцыямі пляцення, сярод якіх лідзіруюць у тым ліку Вялікапольшча, у прыватнасці горад Новы-Томысль (Nowy Tomyśl) і Падкарпацце, у прыватнасці Руднік-на-Сане (Rudnik nad Sanem), дзе працавала першая школа пляцення кошыкаў і дзе вырошчваюцца вялікія плантацыі лазы. Тут традыцыя пляцення дагэтуль практыкуецца і перадаецца наступным пакаленням.

Між тым, багатымі традыцыі пляцення могуць пахваліцца таксама Падляшша, Курпы, Ніжняя Сілезія і ў рэгіён Ловіча (Łowicz) у цэнтры Польшчы.

эп/Польская служба/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Без пастушаства няма традыцыйнай культуры горцаў у Бяскідах. Гэта стае зразумелым пасля візіту ў Цэнтры пастушаства ў Канякаве (ФОТА)

24.10.2025 15:00
Пастушаства – гэта не толькі галоўная традыцыя бяскідскіх горцаў, але і элемент унікальнага ландшафту Бяскідаў.