207 гадоў таму ў касцёле св. Мікалая ў маленькім аўстрыйскім мястэчку Аберндорф (ням. Oberndorf) ля Зальцбурга ўпершыню прагучала калядная песня «Ціхая ноч». Ніхто, нават ейныя стваральнікі, не здагадваўся, што ў будучыні гэтая простая мелодыя кране сэрцы мільёнаў людзей і стане самай вядомай каляднай песняй у свеце – сапраўдным гімнам Раства, а нават будзе ўнесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
«Ціхая ноч» – самая вядомая калядная песня ў свеце, якую спяваюць на ўсіх кантынентах. З моманту стварэння яна была перакладзеная на больш за 300 моў і дыялектаў; запісаная, верагодна, у больш за тысячу версіяў.
Словы песні, без якой большасць з нас не ўяўляе сабе святкавання Калядаў, у 1816 годзе напісаў у выглядзе верша аўстрыйскі вікарый з прыхода ў Аберндорфе ля Зальцбурга Іозеф Франц Мор (Joseph Franz Mohr).
Верагодна, калі ў калядны вечар, 24 снежня 1818 года, у мясцовай святыні сапсаваўся арган, святар уручыў свой верш мясцоваму арганісту і настаўніку Францу Ксаверу Груберу (Franz Xaver Gruber) з просьбай скласці для яго мелодыю.
Franz Xaver Gruber. Autorstwa Sebastian Stief - Ten plik jest fragmentem innego pliku, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5866931
Грубер справіўся, напісаў музыку за адзін дзень і падчас каляднай імшы апоўначы вернікі ўпершыню пачулі песню, якая цягам часу стала найбольш вядомай каляднай песняй у свеце і сапраўдным гімнам Раства.
Як паведамляюць гістарычныя крыніцы, Мор спяваў тэнарам і іграў на гітары, а Грубер суправаджаў яго басам.
Рукапіс з 1816 года, напісаны Іозефам Морам, у 1995 годзе выпадкова знайшла бібліятэкар Рэната Эбелінг-Вінклер (Renate Ebeling-Winkler). Дзякуючы гэтаму даследчыкі маглі пазнаёміцца не толькі з почыркам аўтара, але і з адной з версіяў кампазіцыі.
Joseph Franz Mohr. Autorstwa Nieznany - https:\/\/www.facebook.com/wienbibliothek, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=17717239
Дарэчы Іозеф Мор, сам па сабе, цікавая персона. Ён быў незаконнанароджаным дзіцем Анны Шойберын і дэзерціра з аўстрыйскай арміі Франца Мора, які кінуў маці Іозефа яшчэ да яго нараджэння. Паколькі ён нарадзіўся па-за шлюбам, яму спатрэбіўся спецыяльны дазвол, каб пачаць касцельную адукацыю.
Святаром Іозеф стаў у 1815 годзе і з таго часу шмат гадоў працаваў у розных парафіях, пакуль у 1836 годзе быў прызначаны на пасаду пробашча ў Ваграйне, дзе і памёр праз дванаццаць гадоў.
Ён быў вядомы сваёй шчодрасцю, ахвяруючы амаль усе свае даходы на дапамогу патрабуючым. У Ваграйне(Wagrain) заснаваў школу і стварыў спецыяльны фонд, каб даць магчымасць вучыцца дзецям з бедных сем'яў. З 2006 года ў мясцовым музеі працуе пастаянная экспазіцыя, прысвечаная памяці Іозефа Мора.
Капліца «Ціхай ночы» ў Аберндорфе ля Зальцбурга. CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=446254
Кампазітар мелодыі Франц Грубер ахарактарызаваў песню, як «простую» і не надаў ёй асаблівага значэння. Аднак мясцовым жыхарам песня спадабалася і неўзабаве яна стала вядомай у рэгіёне. У 1854 годзе ёй зацікавіўся Каралеўскі прыдворны аркестр у Берліне. Афіцыйнай рэлігійнай песняй «Ціхая ноч» была прызнаная ў Зальцбургу толькі ў 1866 годзе.
Вяртаючыся да тэксту песні… Знойдзены ў 1995 годзе рукапіс складаецца з чатырох куплетаў. У сучаснай традыцыі мы спяваем толькі тры, хоць песня ў розныя перыяды і, паводле розных версіяў, мела ад 6-8 куплетаў. У знойдзены ў 1995 годзе рукапісе, у апошнім куплеце змешчаны заклік да міру для ўсіх, нават ворагаў.
Дырыжор і піяніст Славак Адам Врублеўскі (Sławek Adam Wróblewski) паясняў калісьці ў эфіры Польскага радыё, што тэкст песні «Ціхая ноч» адносіцца да гістарычнага перыяду, у які яна была напісана:
- Гэта было звязанае з тагачаснай напружанасцю ў свеце. Нагадваю, гэта была эпоха напалеонаўскіх войнаў… Паводле мяне, адтуль у тэксце разважанні пра мір у свеце і жаданне, каб Божае дзіця дала нам спакой і цішыню таямніцы Божага нараджэння… і гэтая Божая Маці, якая ўсміхаецца і назіранне за спячым дзіцём… Думаю, што гэта кранае кожнага з нас.
Штогод «Ціхая ноч» гучыць у сотнях тысяч святыняў па ўсім свеце. Нягледзячы на мову выканання песня ніколі не страчвае сваёй чароўнай прыгажосці – гэта выключная справа, лічыць спадар Врублеўскі:
- Гэтую калядную песню ведаюць амаль ва ўсіх кутках свету. Яна цудоўна гучыць на кожнай мове: карэйскай, габрэйскай, кітайскай, літоўскай ігд. Можна смела сказаць, што няма ў свеце чалавека, які не ведае гэтай песні і гэта незвычайнага справа.
Існуе і некалькі беларускіх перакладаў песьні «Ціхая ноч». Самы вядомы належыць паэтцы Наталлі Арсенневай:
Ціхая ноч, святая ноч!
Спіць усё, сніць даўно.
Толькі Маці Святая ўсцяж
ціха ў яслях люляе Дзіця:
«Спі, Сыночак малы,
Спі, Сыночак малы!»
А ўгары ўсё гарыць
Серабром зорных крыг.
Хор анёлаў пяе пастухом
Аб Дзіцяці, што будзе Хрыстом,
Светлай песняй хвалы
Славяць Збаўцу Зямлі.
Ціхая ноч, святая ноч,
У родны край завітай,
Людзям сум і тугу разгані,
Хай жа цешацца ў гэтыя дні,
У ціхую, святую ноч,
У ціхую, святую ноч!
(Наталля Арсеннева)
«Ціхая ноч» мела шмат музычных інтэрпрэтацый. Яна была ў рэпертуары Мірэй Мацье, Бінга Кросбі, Элвіса Прэслі, Луі Армстранга, Элы Фіцджэральд і Фрэнка Сінатры:
Паводле слоў Славака Адама Врублеўскага, калядка карыстаецца вялікай папулярнасцю, перш за ўсё, дзякуючы сваёй прастаце:
- Гэта простая мелодыя ў тэмпе шэсць восьмых, у танальнасці Рэ мажор, напісаная на два галасы і гітару. Зараз можна сказаць, што яна распрацаваная пад усе магчымыя, музычныя інтэрпрэтацыі – ад сімфанічных аркестраў, хораў, па эстрадную музыку… Сіла згаданай песні ў тым, што кожны можа яе напяваць.
Палякі пачалі спяваць «Ціхую ноч» з пачатку 1930-х гадоў, калі кампазітар, дырыжор і педагог Пётр Машыньскі (Piotr Maszyński) напісаў польскую версію тэксту.
Сёння «Ціхая ноч» (побач з такімі песнямі, як: «Бог нарадзіўся», «Сёння ў Віфлееме» і «Прыйшлі ў Віфлеем») – гэта адна з найбольш часта і ахвотна спяваных калядак у польскіх дамах; абавязковы пункт у рэпертуары кожнага спевака, які сягае па гэты музычны жанр.
У 2011 годзе «Ціхая ноч» была ўнесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
аз