Калядная ёлка – гэта не проста дэкаратыўнае ўпрыгажэнне Калядаў. Гэта ў першую чаргу «дрэва добрых вестак», закадзіраваных у цацках, якія на ім знаходзяцца. Дарэчы, сваю сімволіку мае не толькі кшталт, але і колер цацак. Гэта добра разумеюць у Музеі ёлкавых цацак у Мілічы (Milicz)– горадзе ў Ніжняй Сілезіі, які цесна звязаны з рамяством вырабу шкляных ёлкавых цацак.
Музей ёлкавых цацак у Мілічы. Фота прадастаўленае музейнай установай
Музей ёлкавых цацак у Мілічы размешчаны ў комплексе былой Фабрыкі шкляных ёлкавых цацак, якая працавала тут да 2008 года. Гэта быў буйны вытворца ёлкавых упрыгожанняў – адзін з найбуйнейшых у Польшчы, які працаўладкоўваў да 700 супрацоўнікаў, нагадвае Ізабэля Брымэрска (Izabela Brymerska) з Музея ёлкавых цацак у Мілічы:
- Так, насамрэч, у свой час гэта была найбуйнейшая фабрыка ў Польшчы, 90% прадукцыі якой экспартавалася за мяжу (...) Цяпер маштаб гэтага рамяства скараціўся, але ў рэгіёне ўсё яшчэ працуе шмат фабрык і невялікіх майстэрняў. Іхны сапраўдны цэнтр знаходзіцца ля Чэнстаховы. Там зараз працуе, верагодна, каля 20 такіх фабрыкаў, у тым ліку тых з буйнымі традыцыямі, якія бяруць свой пачатак з XX стагоддзя. І, наколькі мне вядома, пераважная большасць з іх надалей экспартуе сваю прадукцыю за мяжу.
Мілічскія цацкі вырабляліся ўручную, нагадвае спадарыня Брымэрска:
- Так, вытворчасць была цалкам ручной, а заказаў было настолькі шмат, што часам фабрыка была прымушаная выкарыстоўваць паўфабрыкаты – машынна выдзіманыя шарыкі, якія набываліся ў іншых фабрыках-падрадчыках. Фабрыка ў Мілічы таксама супрацоўнічала з некалькімі фабрыкамі ў Ніжняй Сілезіі, Вялікапольшчы, а нават у цэнтральнай Польшчы. Тым не менш, дэкарыраванне цацак выконвалася ўручную ў Мілічы.
Пасля таго, як фабрыка была закрытая ўзнікла ідэя паклапаціцца пра захаванне памяці аб згаданых традыцыях:
- Нарадзілася ідэя выкарыстаць астатнія рэсурсы, то бок цацкі, якія штогод захоўваліся, як узор – дакументацыя таго, што выпускалася ў дадзены годзе на рынак. Узнікла прапанова, размясціць гэтыя цацкі ў вітрынах і зрабіць іх даступнымі для будучых пакаленняў: наведвальнікаў, гасцей, турыстаў, якія прыязджаюць у Даліну Барыч і саміх жыхароў, якія былі вельмі моцна звязаны з традыцыяй вырабу шкляных ёлкавых упрыгожанняў.
Музей ёлкавых цацак у Мілічы. Фота прадастаўленае музейнай установай
Такім чынам, у 2016 годзе была створана пастаянная экспазіцыя, на якой прадстаўлены цацкі з былой мясцовай фабрыкі:
- Гэта ў асноўным адна выставачная зала, у якой знаходзіцца 6 000 цацак. Усе яны паходзяць з былой Фабрыкі шкляных ёлкавых цацак у Мілічы. Сярод іх ёсць цацкі, выдзіманыя і фармаваныя на агні, а таксама цацкі, выдзіманыя ў адмысловых формах, якія маюць больш складаны кшталт. Цяпер пры Музеі ёлкавых цацак працуе Мануфактура ніжнесілезскіх ёлкавых цацак.
Хоць, як мы сказалі, у цяперашні час на пастаяннай экспазіцыі можна пабачыць выключна цацкі, вырабленыя ў Мілічы, то ўстанова мае большыя амбіцыі. Узнікла ідэя, каб Музей ёлкавых цацак у Мілічы стаў амбасадарам згаданага рамяства ў Польшчы, кажа спадарыня Брымэрска:
- Мы хацелі б паказваць нашую родную польскую прадукцыю ёлкавых цацак. З гэтай мэтай мы наведалі дзясятак фабрык у Польшчы, з прапановай паказваць у нас свае ўнікальныя, шкляныя вырабы. Мы хочам супрацоўнічаць з іншымі, каб паказваць традыцыю шкляных ёлкавых цацак. Спадзяюся, што ў наступным годзе госці, якія наведаюць наш музей, змогуць убачыць першыя такія экспанаты.
Гісторыя шкляных ёлкавых упрыгожанняў пачалася ў XIX стагоддзі ў Германіі. Але цацкі вырабляліся не толькі са шкла, а таксама з паперы, саломы. На ёлках вешалі таксама садавіну: яблыкі, арэхі іг.д. Усё ж, калядная ёлка заўсёды была «дрэвам добрых вестак», то бок цацкі на ёй мелі сваё сімвалічнае значэнне:
– Напрыклад, простыя круглыя шарыкі – сімвалізуюць бесперапыннасць і цыклічнасць чалавечага жыцця, а таксама адраджэнне, бясконцасць, паўнату стварэння. У рэлігійным аспекце – гэта вечная натура Бога. Напрыклад, птушкі ўсіх відаў з'яўляюцца ўніверсальным сімвалам шчасця і радасці. Гэта своеасаблівыя пасланцы любові і міру, якія прыносяць добрыя навіны. Рыба – гэта раннехрысціянскі сімвал Хрыста, а прысутнасць рыбы на каляднай ёлцы сведчыць пра нараджэнне Ісуса. Гэта таксама сімвал посных страў, бо раней людзі пасціліся 100 дзён у годзе і елі ў гэты час тое, што было дазволена, у тым ліку рыбу. Такім чынам, рыба сімвалізуе стравы, якія не могуць адсутнічаць падчас куцці. Грыбы таксама зʼяўляюцца сімвалам такіх калядных страў. Яблыкі – гэта сімвал прыгажосці, а арэхі – мудрасці і здароўя. Вельмі папулярныя былі шышкі і жалуды, як сімвалы ўрадлівасці і багацця. Яны гарантавалі дабрабыт, сілу і здароўе сям’і. Вельмі цікавым упрыгожаннем з’яўляецца яйка. Аказваецца, што гэта не абавязкова велікодны сімвал. Яйка – гэта ўніверсальны сімвал жыцця, памнажэння і абароны. Ва ўсім свеце яно па сутнасці зʼяўляецца сімвалам дабрабыту і ўдачы. Анёлы абвяшчаюць добрыя навіны, Святы Мікалай – гэта ахоўнік дома, а званкі абвяшчаюць Раство.
Колер цацкі таксама меў сваё значэнне, тлумачыць спадарыня Брымэрска:
- Самы папулярны колер – чырвоны, гэта сімвал жыццёвай сілы. Зялёны - гэта вечнае жыццё, дарэчы не толькі ў цацках. Увогуле, раней дамы ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі ёлкі, што павінна было сімвалізаваць вечнае жыццё. Золата – сімвал Божага святла, багацця, перамогі дабра над злом. Белы колер заўсёды асацыяваўся з нявіннасцю, з праўдай, але ён таксама непасрэдна намякае на зіму, гэта значыць на заснежаныя пейзажы. Сярэбра ў дэкаратыўных матывах выкарыстоўваецца для адпужвання злых духаў. Трэба сказаць пра адну асаблівую цацку, якую варта мець на сваёй каляднай ёлцы менавіта для адпужання злых духаў – гэта шарык з адтулінай – так званае «вядзьмінае вока».
Музей ёлкавых цацак у Мілічы. Фота прадастаўленае музейнай установай
Госці, якія наведваюць Музей ёлкавых цацак у Мілічы, шукаюць адной, канкрэтнай цацкі:
- Гэта варʼяцтва, яны шукаюць цацкі ў выглядзе агурка. І аказваецца, што гэта звязана з нямецкай традыцыяй. Гаспадар вешаў такі агурок на багата ўпрыгожаную калядную ёлку. Дарэчы, яго цяжка было знайсці сярод іншых цацак. Між тым, пасля куцці госці павінны былі знайсці гэтую цацку. Хто знайшоў яе першым, той атрымліваў дадатковы падарунак ад гаспадара і надзею на поспех на ўвесь год. Гэтыя агуркі таксама можна набыць у нашай краме, якая дзейнічае побач з музеем і прадае калядныя цацкі з нашай майстэрні.
Экскурсія па музейнай экспазіцыі адбываецца з аўдыягідам, які падрабязна расказвае пра паасобныя экспанаты. Такім чынам, падчас візіту ў музеі наведвальнікі набываюць сапраўднае багацце ведаў пра калядную сімволіку:
- Што да самога музея, многія наведвальнікі казалі, што чакалі, што там будуць проста калядныя ёлкі, упрыгожаныя цацкамі, і чакалі нейкага народнага стылю. Аднак наш музей распрацаваны даволі сучасна. Рэакцыя на экспазіцыю – незалежная ад узросту. Святло, якое адлюстроўваецца ў цацках, пах і музыка – усё гэта стварае незабыўную святочную атмасферу(…) Але мне таксама падабаецца рэакцыя прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія стаяць ля экспанатаў і шукаюць цацак са свайго дзяцінства. Шчыра кажучы, я не сутыкнулася з дрэннай рэакцыяй гасцей.
Музей ёлкавых цацак у Мілічы – гэта амбасадар «рэгіянальнага сілезскага лагатыпа»(поль. wzornik śląski) – гэта сучасная ідэя графічнага сімвала шматкультурнасці рэгіёна. Дэкаратыўныя матывы, распрацаваныя ў яго рамках, можна паглядзець, напрыклад, на шкляных ёлкавых цацках, якія выпускае мясцовая майстэрня:
– Канцэпцыя рэгіянальнага сілезскага лагатыпа, то бок дэкаратыўнага ўзору, прадугледжвае спалучэнне ўзораў прыкладнога або выяўленчага мастацтва, народных касцюмаў характэрных для розных этнічных груп, якія пасяліліся ў Сілезіі пасля 1945 года, то бок пасля заканчэння вайны(...)Наша задача, як амбасадара –папулярызаваць і распаўсюджваць гэтую канцэпцыю сярод жыхароў Польшчы і нашага рэгіёна. І мы робім гэта, між іншым, шляхам розных майстар-класаў і музейных заняткаў. Нашая Мануфактура ніжнесілезскіх ёлкавых цацак выпускае, напрыклад, ёлкавыя шары, з такім лагатыпам. У сваю чаргу, сёлета наш музей у супрацоўніцтве з Польскай поштай (Poczta Polska) падрыхтаваў паштовую марку ў 10 злотых, з выявай ніжнесілезскай цацкі. Нам вельмі прыемна бачыць, як зараз гэтая ідэя распаўсюджваецца па ўсім свеце.
– кажа Ізабэля Брымэрска (Izabela Brymerska) з Крэатыўнага шматфункцыянальнага цэнтра ў Мілічы і Музея ёлкавых цацак.
Нагадваем, цяпер у адрамантаваным комплексе былой фабрыкі размяшчаецца Крэатыўны шматфункцыянальны цэнтр, які ўключае Музей ёлкавых цацак, турыстычны цэнтр з кафэ, адукацыйны цэнтр і грамадскую школу імя Астрыд Ліндгрэн.
Падсумоўваючы, гэта месца, якое варта наведаць не толькі пры нагодзе Калядаў.
Анна Задрожна