Беларуская Служба

Дзяніс Трусаў: Мне важна дзяліцца з людзьмі сваім разуменнем беларускай праблематыкі

24.12.2025 09:22
У выдавецтве фонду «Камунікат» выйшаў раман «Боў і мерць у Хротне» гарадзенца Дзяніса Трусава, які аўтар перапрацаваў і пераклаў з расійскай мовы.
Аўдыё
  • У Варшаве адбылася прэзентацыя раману гарадзенскага музыкі Дзяніса Трусава
    -
Дзяніс Трусаў і Ян Памідор-Рэўцкі на прэзентацыі ў беларускай просторы "Вырай" у ВаршавеPolskie Radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

Гарадзенскі музыка Дзяніс Трусаў выдаў раман па-беларуску. Гэта постмадэрнісцкі раман-пазл «Боў і мерць у Хротне», які поўны загадак, распавёў старшыня фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк.

— Гэта кніга абсалютна беларуская. Кніга абсалютна гарадзенская, пра што сведчыць фара на вокладцы нават, і паходжанне аўтара. Аўтар, што праўда, цяпер нейкі час ужо находзіцца ў В'етнаме, але ён сам гарадзенец. Гэтая кніга была напісаная па расійску, а мы выдалі ў перакладзе на беларускую мову. Тое, што было падрыхтавана па расійску таксама мела сваю завядзёнку, таму што ўся кніга па расійску, а апошні сказ па беларуску, што абазначала такі аптымістычны пасыл. Я гэту ў кнігу атрымаў у фармаце PDF ад аўтара Дзяніса Трусава з Вʼетнаму, прачытаў яе. Мне яна вельмі спадабалася. Гэта такая постмадэрновая кніга. Я не асаблівы фанат постмадэрнізму, але кніга чытаецца вельмі добра. І гэта такая, я б сказаў, футурыстычная кніга. Крыху так сама аўтар пазіцыянуе яе, пра такое беларускае мястэчка Твінпікс.

Прэзентацыя адбылася нядаўна ў Варшаве ў краме з беларускімі вырабамі «Вырай». Сустрэчу зладзіў прадстаўнік крамы Ян Памідор-Рэўцкі.

— Проста здарылася такая нагода, Дзяніс насамрэч першы раз за 10 год прыехаў у Варшаву, і я не мог прапусціць. Заўтра будзе 13 год, як мы з Дзянісам знаёмыя, першы раз сустрэліся. Месца выбраў «Выдаўца» кніжкі. Гэта крама беларускіх тавараў, кніжак, беларускай сімволікі «Вырай». У нас ёсць планы рабіць больш розных культурных рэчаў, выставы і прэзентацыі.

Аўтар на стала жыве ў Вʼетнаме і ўпершыню за некалькі год завітаў у Польшчу, Дзяніс Трусаў распавёў пра свой вʼетнамскі досвед ды творчыя планы.

— Яны вельмі да нас падобныя вʼетнамцы, вельмі. Я заўсёды на гэты рэчы гляджу. Тады лягчэй перанесці эміграцыю. Я ў эміграцыі з 1999-го года. Я калісьці з’ехаў, каб пад Беластокам выкладаць ангельскую, а ў 2016-ым годзе пераехаў у Вʼетнам. Там мяне ўразіла перш за ўсё свабода. Такая побытавая свабода. Калі ты можаш выйсці з дому ў піжаме і ніхто нічога не скажа. Шмат свабоды для дробнага бізнесу таксама, калі параўноўваць з Польшчай ці Беларуссю, там проста чалавек можа ў сваім доме адкрыць кавярню на першым паверсе. Вʼетнамцы жывуць, парушаючы правілы, законы там жорсткія, але іх моцна не пільнуюць. Яшчэ там лягчэй дыхаць. У культурным аспекце, мне пашанцавала, бо я таксама займаюся музыкай, і пазнаў суполку «Дом-дом». Гэта вʼетнамцы, якія граюць акадэмічны авангард. Пазнаёміўся з альтэрнатыўнай сценай, эксперыментальнай музыкай. Праз іх трапіў у кола творчай інтэлігенцыі. У маёй творчасці ўсё пачыналася з паэзіі. Першую кніжку я выдаў у 2012-м годзе ў Гродне, потым ужо у Вʼетнаме выйшаў зборнік апавяданняў. Потым была кніжка па беларуску, па расійску, і нават па вʼетнамску, і вось цяпер новы раман. Для мяне творчасць гэта такі modus operandi, калі хочацца падзяліцца думкамі, каб давесці да людзей маё разуменне праблематыкі. Напрыклад, вось гэтая кніжка, яна пра беларускую самасвядомасць. Таму для мяне важна было тут яе прэзентаваць.

Раман «Боў і мерць у Хротне» – гэта чацвёртая кніга аўтара. Кнігу Дзяніса Трусава можна замовіць у выдавецтве фонду «Камунікат».

Юры Ліхтаровіч