Лысая Гара, Лысец або Святы Крыж (поль. Łysa Góra, Łysiec, Święty Krzyż) – гэта другая па вышыні (595 метра над узроўнем мора) вяршыня Свентакшыскіх гор, якія размяшчаюцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Польшчы.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Хоць вышыня Лысай Гары не робіць вялікага ўражання на турыстах, асабліва ў параўнанні з іншымі гарамі Польшчы, то складаная гісторыя гэтага месца, ахутаная шматлікімі легендамі, усё ж такі ўражвае.
Малая базіліка Святой Тройцы. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
З спрадвечных часоў людзі ахвотна выбіралі розныя ўзгоркі для месцаў рэлігійнага пакланення. У гэтым аспекце Лысая Гара – не выключэнне. Людзі збіраліся тут яшчэ ў дахрысціянскія часы. Паводле гістарычных крыніцаў, згаданае месца бярэ свой пачатак з лужыцкай культуры (1300-400 гг. да н.э.).
Малая базіліка Святой Тройцы. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Легенды, звязаныя з Лысай Гарой, распавядаюць не толькі пра ведзьміныя шабашы, пакланенне божаствам, але і пра цэнтр улады, які папярэднічаў заснаванню тут кляштара бэнэдыктынцаў.
Аднак гістарычныя хронікі, якія апісваюць прыбыццё законнікаў на Лысец, супярэчлівыя і поўныя легендаў. Гэта тычыцца, у тым ліку, часу і месца, адкуль бэнэдыктынцы прыбылі.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, рызніца. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Паводле вядомага сярэднявечнага летапісца Яна Длугаша (Jan Długosz (1415-1480), на вяршыні ўзгорка ў 1006 годзе быў заснаваны кляштар, у якім неўзабаве з’явіліся неверагодна каштоўныя рэліквіі Сапраўднага Крыжа або Жыватворнага Крыжа. Фрагменты крыжа, на якім, згодна з хрысціянскім веравучэннем, быў укрыжаваны Ісус Хрыстос, па сённяшні дзень застаюцца найвялікшым скарбам мясцовага санктуарыя, які лічыцца адным з найстарэйшых у Польшчы.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Перадача рэліквій запачаткавала традыцыю паломніцтваў на Лысую Гару інакш Святы Крыж. Сюды прыбывалі шматлікія пілігрымы, у тым ліку, каралі, кардыналы, біскупы, дабрадзеі кляштара, прадстаўнікі вядомых польскіх родаў і, перш за ўсё, простыя людзі.
Kапліца Алесніцкіх, таксама вядомая як капліца Рэліквій Святога Крыжа. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Калі гаворка ідзе пра рэліквіі, то яны, верагодна, паходзяць з Венгрыі, магчыма, іх прывёз на Лысец польскі князь Баляслаў Крывавусты (1085-1138 гады). Паводле іншай легенды, рэліквіі былі падораныя абацтву сынам караля Венгрыі Іштвана І князем Эмерыкам, які заблудзіўся ў лесе падчас палявання. За выратаванне з пушчы князь пакінуў на гары тое, што ў яго было самае каштоўнае, то бок рэліквіі.
Kапліца Алесніцкіх, таксама вядомая як капліца Рэліквій Святога Крыжа. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Паводле яшчэ іншай легенды, пра якую расказвае спецыяліст па адукацыі Свентакшыскага нацыянальнага парку Войцех Гарбач (Wojciech Garbacz), Эмерык пакінуў рэліквіі ўражаны сустрэчай з велізарным аленем:
- Але, гэта быў не такі звычайны алень, бо з характэрным крыжам паміж рагамі. Паводле легенды, каля тысячы гадоў таму кароль Баляслаў Храбры запрасіў на паляванне ў мясцовыя лясы сваяка венгерскага князя Эмерыка, які ў падарожжа забраў з сабой рэліквіі Святога Крыжа. Падчас палявання госць пагнаўся за магутным аленем. Калі ўжо збіраўся стрэліць з лука, убачыў на галаве аленя бліскучы крыж. Князь успрыняў гэта як знак, вырашыў пакінуць рэліквіі на месцы сустрэчы з жывёлай, дзе пазней быў пабудаваны кляштар.
У цяперашні час знакамітыя рэліквіі можна ўбачыць у капліцы Алесніцкіх у спецыяльным табернакулі ў форме крыжа.
Рэліквіi Святога Крыжа. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Касцёл і манастыр Святога Крыжа за сваю тысячагадовую гісторыю стаў сведкам многіх гістарычных падзей, узлётаў і падзенняў радзімы. Сам таксама перажыў гады росквіту, закінутасці і прыніжэння.
Яго неаднаразова рабавалі і разбуралі ворагі, знішчалі пажары і нашэсці, але ён таксама неаднаразова аднаўляўся і пашыраўся. Напрыклад, у 1241 і 1260 гадах яго разбурылі татары, а ў 1370 годзе – літоўцы. У 1819 годзе бэнэдыктынскае абацтва было распушчана па царскім указе.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
З 1882 года ажно да пачатку Другой сусветнай вайны ў кляштарным комплексе размяшчалася цяжкая турма. Тут утрымліваліся як палітычныя вязні, так і звычайныя злачынцы. Найбольш вядомымі вязнямі турмы на Святым Крыжы былі кіраўнік АУН Сцяпан Бандэра і пісьменнік Сяргей Пясецкі, які менавіта тут, у 1937 годзе напісаў свой самы вядомы раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Падчас Другой сусветнай вайны ў комплексе размяшчаўся лагер смерці для рускіх ваеннапалонных, з якіх загінула каля 4 000 чалавек.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У 1936 годзе, калі ў комплексе яшчэ размяшчалася турма, Сандамежская дыяцэзія перадала кляштар і касцёл Місіянерам-аблатам Найсвяцейшай і Беззаганнай Панны Марыі. Разам з касцёлам аблаты ўзялі на сябе апеку над рэліквіямі Святога Крыжа.
Малая базіліка Святой Тройцы. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Галоўным храмам комплекса з'яўляецца Малая базіліка Святой Тройцы, пабудаванaя ў стылі барока-класіцызму ў 1781- 1806 гадах. Гэта аднанефны храм з даволі сціплым інтэрʼерам. У галоўным і шасці бакавых алтарах размешчаны сем карцін Францішка Смуглевіча (Franciszek Smuglewicz (1745-1807). Смуглевіч лічыцца найвыдатнейшым польскім мастаком часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і пачатку XIX стагоддзя.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, рызніца. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Да касцёла прымыкае прасторная рызніца. Тут варта звярнуць увагу на столь, паліхромію, якая адлюстроўвае сцэны з жыцця святога Бэнэдыкта і мэблю з другой паловы XVІІІ стагоддзя.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, рызніца. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Аднак самым важным месцам у комплексе Святога Крыжа зʼяўляецца згаданая ўжо капліца Алесніцкіх, таксама вядомая як капліца Рэліквій Святога Крыжа. Яна была пабудавана на пачатку XVII стагоддзя люблінскім ваяводам Мікалаем Алесніцкім (Mikołaj Oleśnicki (1558-1629).
Kапліца Алесніцкіх, таксама вядомая як капліца Рэліквій Святога Крыжа. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Капліцу накрывае купал з ліхтаром, а на скляпенні і сценах намаляваныя карціны з выявамі Дванаццаці апосталаў і сцэны, звязаныя з рэліквіямі Святога Крыжа, якія тут захоўваюцца.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У падвале кляштара мы таксама можам наведаць крыпты, дзе пахаваныя законнікі. Тут таксама знаходзіцца шкляная труна з муміфікаваным целам. Паводле легенды, гэта астанкі князя Іерамія Вішнявецкага (Ярэмы) (Jeremi (Jarema) Michał Korybut Wiśniowiecki (1612-1651), хоць навукоўцы аспрэчваюць гэтую тэорыю.
Місіянерскі музей. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
На тэрыторыі кляштарнага комплекса можна таксама наведаць невялікі Місіянерскі музей з сапраўдным багаццем экспанатаў, прывезеных з місіяў у Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Можна таксама даведацца пра гісторыю абацтва, убачыць макет Лысай Гары і паглядзець фатаграфіі разбуранага падчас Другой сусветнай вайны касцёла.
Назіральная вежа з тэрасай на вышыні 35 метраў. Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Побач з музеем знаходзяцца сувенірная крама, кафэ, сталовая і прыбіральні.
Адной з найбуйнейшых славутасцяў комплекса на Святым Крыжы зʼяўляецца назіральная вежа з тэрасай на вышыні 35 метраў, з якой можна паглядзець адну з найпрыгажэйшых панарамаў Свентакшыскіх гор – верагодна ў адпаведных умовах надвор’я адсюль можна ўбачыць Татры.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы, Свентакшыскія горы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Варта таксама зазірнуць у Музей прыроды Светакшыскага нацыянальнага парку, які знаходзіцца побач з абацтвам:
- На пачатку мы можам пазнаёміцца тапаграфіяй парку – гістарычнай і сучаснай мапамі. Тут паглядзім экспанаты пра культуру і гісторыю чалавечай дзейнасці, якая квітнела тут у рымскія часы; выставы, прысвечаныя лесакарыстанню, паколькі некалі тут існавала вялізная Свентакшыская пушча. Потым мы знаёмімся з геалагічнай гісторыяй Свентакшыскіх гораў; глядзім дыяраму, якая паказвае характэрны свентакшыскі лес. Тут ёсць таксама выставы, прысвечаныя курумам іг.д.
Лысая Гара або Лысец – таксама выдатнае месца для тых, хто любіць лёгкія горныя паходы. Ёсць некалькі варыянтаў маршрутаў на выбар, якія вядуць праз дадатковыя маляўнічыя славутасці.
Найпрасцейшы шлях на Святы Крыж вядзе з вёскі Шкляна Гута. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Найпрасцейшы шлях на Святы Крыж вядзе з вёскі Шкляна Гута(Szklana Huta) ў гміне Беліны. Па дарозе мы можам паглядзець курумы, то бок каменныя россыпы валуноў, якія ўзніклі ў працэсе марознага выветрывання. Менавіта, пад вяршыняй Лысай Гары размяшчаюцца найбуйнейшыя такія россыпы, плошчай 3,84 гектара, за якімі можна назіраць з агляднай пляцоўкі, нагадвае Войцех Гарбач:
- Самы просты варыянту – шлях «Шкляна Гута – Лысая гара» (Szklana Huta – Łysa Góra). Можна прыпаркавацца на пачатку гэтага шляху. Шпацыр зойме прыкладна 45-60 хвілін. Пераадолець трэба каля 1,6 км. Гэта камфортна, асфальтаваная дарога з тратуарам. Зручная сем’ям з дзецьмі. Па дарозе варта спыніцца на адмысловай агляднай пляцоўцы і паглядзець, унікальныя ў Польшчы, курумы.
На больш дасведчаных турыстаў чакае сіняя сцежка з Новай Слупі (Nowa Słupia). Маршрут ідзе па гэтак званым Каралеўскім шляху. Яго даўжыня складае каля 2 кіламетраў, а час праходжання – гэта каля адной гадзіны.
Гістарычная званіца на Святым Крыжы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Альтэрнатывай гэтаму маршруту зʼяўляецца навуковая сцежка (з чырвонай пазнакай) – на 200 метраў даўжэйшая і крыху больш патрабавальная.
Кляштарны комплекс на Святым Крыжы. Брамa з XVІІ стагоддзя. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Уваходзячы на тэрыторыю кляштарнага комплекса з гэтага боку, праходзім праз прыгожую браму з XVІІ стагоддзя, размешчаную ў сцяне, якая акружае комплекс.
Анна Задрожна