Беларуская Служба

Як польскія чыноўнікі ў 1920-я гады вырашалі кватэрнае пытанне ў заходняй Беларусі

19.02.2026 15:18
У Баранавічах, Нясвіжы, Навагрудку, Брэсце захаваліся сімпатычныя невялікія дамкі з калонамі і высокімі дахамі. 
Аўдыё
  • М.Пшчулкоўскі пра архітэктуру заходняй Беларусі.
   .  1925 .   . Narodowe Archiwum Cyfrowe, sygn. 1-U-4335.
Чыноўніцкая калонія ў Навагрудку. Каля 1925 г. Фота Яна Булгака. Narodowe Archiwum Cyfrowe, sygn. 1-U-4335.Narodowe Archiwum Cyfrowe, sygn. 1-U-4335

Пра гэта расказвае кніга Міхала Пшчулкоўскага Czterdzieści miast-ogrodów. Dzieje budowy i architektura kolonii urzędniczych na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej. 1924–1925.

У Баранавічах, Нясвіжы, Навагрудку, Брэсце захаваліся сімпатычныя невялікія дамкі з калонамі і высокімі дахамі. Гэта будынкі чыноўніцкіх пасёлкаў, якія будаваліся ў 1920-я гг., калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Польшчы.

У 1924 годзе Міністэрства грамадскіх работ Рэспублікі Польшча (Ministerstwo Robót Publicznych Rzeczypospolitej Polskiej) ініцыіравала будаўніцтва жылых пасёлкаў для чыноўнікаў. Па-польску — kolonia urzędnicza. Сёння яны знаходзяцца на тэрыторыі чатырох дзяржаў — Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Пра гэту з’яву ў гісторыі архітэктуры напісаў працу вядомы польскі даследчык архітэктуры Міхал Пшчулкоўскі (Michał Pszczółkowski). Яго кніга пад назвай Czterdzieści miast-ogrodów. Dzieje budowy i architektura kolonii urzędniczych na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej. 1924–1925 («Сорак гарадоў-садоў. Гісторыя будаўніцтва і архітэктуры чыноўніцкіх пасёлкаў на ўсходніх тэрыторыях II Рэспублікі Польшча. 1924–1925 гг.») выйшла летась. Яна багата ілюстравана: планы, чарцяжы, фотаздымкі.

Аўтар расказаў падрабязнасці пра цікавую з’яву ў гісторыі архітэктуры.

— Будаўніцтва так званых чыноўніцкіх пасёлкаў — жылых дамоў для дзяржаўных служачых на ўсходніх землях даваеннай РП было маштабнай дзяржаўнай праграмай, ініцыіраванай урадам у 1924 годзе. У той час назіралася вострая нястача жылля і патрэба ў службовых кватэрах. У гэты час таксама ішло фарміраванне польскай дзяржавы, у тым ліку стваралася сістэма дзяржаўнага апарату. Узнікала сетка ваяводскіх упраўленняў, павятовых устаноў, старостваў. Аднак чыноўнікі, якіх накіроўвалі на працу ў малыя і вялікія гарады ўсходніх зямель, сутыкаліся з элементарнай праблемай — ім проста не было дзе жыць. Там не існавала дастаткова жыллёвага фонду, і яго неабходна было ствараць з нуля. Аптымальным рашэннем стала мэтавае будаўніцтва новага жылля. Менавіта гэтай задачы і служыла праграма: забяспечыць дзяржаўных служачых жыллём на ўзроўні, які адпавядаў стандартам ХХ стагоддзя.

А пакуль чыноўніцкія пасёлкі не былі пабудаваны, дзе жылі дзяржслужачыя?

— Чыноўнікі літаральна начавалі на працы — можна сказаць, на сталах. Пра гэта сведчаць справаздачы і службовыя запіскі таго часу, у якіх падрабязна апісваецца, у якіх умовах ім даводзілася працаваць. Дзяржаўныя служачыя заставаліся на ноч непасрэдна ў памяшканнях устаноў, бо ім проста не было куды ісці... Шматлікія ўспаміны і афіцыйныя справаздачы сведчаць пра надзвычай цяжкія ўмовы пражывання: спалі па некалькі чалавек у адным ложку, на падлозе, жылі ў адных памяшканнях з хворымі. Усё гэта было бясконца далёка ад таго, што можна было чакаць ад адроджанай польскай дзяржавы.


Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага Czterdzieści miast-ogrodów. Dzieje budowy i architektura kolonii urzędniczych na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej. 1924–1925. Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага Czterdzieści miast-ogrodów. Dzieje budowy i architektura kolonii urzędniczych na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej. 1924–1925.

Адпаведна, будаўніцтва жылля для чыноўнікаў мела не толькі практычнае значэнне — вырашыць кватэрнае пытанне, але і палітычнае.

— Чыноўніцкія пасёлкі станавіліся ўзорамі, свайго роду мадэлямі, якія затым выкарыстоўваліся і ў планіроўцы гарадской прасторы, і ў архітэктурных рашэннях. Гаворка ідзе пра першую палову 1920-х гадоў, калі найбольш папулярным кірункам быў так званы «сядзібны стыль» (styl dworkowy). Менавіта ў гэтым ключы праектаваліся гэтыя пасёлкі. З самага пачатку меркавалася, што гэта будзе нацыянальны праект у «польскім стылі», які павінен быў падкрэсліць прысутнасць польскай дзяржавы на гэтых тэрыторыях. Архітэктурны воблік калоній павінен быў адлюстроўваць польскі нацыянальны дух. Гэты вобраз быў прапанаваны як мадэль для пераймання — і сапраўды стаў ёю. Гэта добра відаць у пазнейшых праектах: мясцовыя інвестары і архітэктары арыентаваліся на гэтыя пасёлкі як на ўзор. У гэтым сэнсе чыноўніцкія пасёлкі адыгралі важную ролю, бо гэта быў этап паланізацыі зямель, якія лічыліся польскімі.

Дзяржаўны праект ажыццяўлялі канкрэтныя людзі.

— Гэта быў параўнальна невялікі калектыў, але пры гэтым — сапраўды згуртаваная каманда. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць адна цікавая дэталь, выяўленая ў архіўных дакументах. У захаваных матэрыялах згадваецца своеасаблівы сюрпрыз, які падрыхтавалі ў Брэсце для галоўнага каардынатара праграмы — архітэктара Аляксандра Прухніцкага. У якасці падарунка на дзень нараджэння яму набылі радыё і, больш за тое, таемна ўстанавілі ў яго кабінеце. Гэты эпізод выразна сведчыць пра цёплую, даверлівую атмасферу ўнутры калектыву. Архітэктары, прыцягнутыя да працы над праектамі будынкаў, працавалі ў няпросты пасляваенны час — складаны і ў палітычным, і ў эканамічным плане. У той час дзяржаўны служачы успрымаўся як чалавек на пэўнай прыступцы ў грамадстве, ніжэй за ўзровень якой нельга было апускацца. Высокая культура ўзаемаадносін, безумоўна, уплывала і на ажыццяўленне праграмы будаўніцтва жылля.

Прайшло больш за сто гадоў, а спадчына даваеннай РП дагэтуль упрыгожвае гарады, у тым ліку беларускія.

— Найбольш мяне цікавіў стан захаванасці гэтых пасёлкаў — тое, у якой ступені яны дайшлі да нашых дзён. І амаль кожны раз гэта аказвалася своеасаблівым адкрыццём, бо часта гаворка ідзе пра месцы, дзе нават мясцовыя жыхары не ўсведамляюць, што гэта за будынкі і да якога перыяду яны належаць. Асабліва прыемна здзівіў Брэст. Там на тэрыторыі былога чыноўніцкага пасёлка пабудавана гасцініца, архітэктура якой вельмі выразна адсылае да стылю самога пасёлка. Гэта сведчыць пра тое, што, прынамсі ў гэтым выпадку, усведамленне архітэктурнай каштоўнасці гэтай спадчыны сапраўды існавала, калі яе выкарысталі як аснову для праектавання сучаснага будынка, каб ён арганічна ўпісваўся ў гістарычнае асяроддзе.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Ірыне Завішы за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Былы саветнік міністра абароны Літвы: Разам з Польшчай мы ўмацоўваем бяспеку на граніцы з Беларуссю

20.11.2025 14:56
Гедрус Часнакас расказвае пра абарончую стратэгію Літвы і Польшчы ў выпадку агрэсіі з боку Расіі і прарасійскага рэжыму Лукашэнкі.

Палякі Літвы і Беларусі маюць агульнае паходжанне, але жывуць у розных умовах

08.01.2026 16:01
Палітолаг з Вільні Анджэй Пукшта расказвае пра палякаў у Літве і навуковую канферэнцыю «Палякі ў краінах Балтыі».