Беларуская Служба

25 гадоў з дня смерці забытай легенды польскай эстрады Эдмунда Фэтынга

30.01.2026 15:42
Эдмунд Фэтынг застаўся ў гісторыі як чалавек, чый голас і сёння гучыць у памяці слухачоў, нават калі не ўсе ведаюць яго імя.
Аўдыё
  • Эдмунд Фэтынг марыў стаць акцёрам насуперак волі бацькі і кіраўніцтва Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школы, куды ён паступіў.
    . , 1974 .
Польскі актор і спявак Э. Фэтынг, 1974 г. Фота: PAP/CAF

Эдмунд Фэтынг — акцёр, якога сёння ў Польшчы згадваюць радзей, чым ён таго варты. Аднак большасць аматараў польскага кіно і тэлебачання выдатна ведае яго голас. Менавіта ён выканаў хіты, што сталі класікай: Nim wstanie dzień з фільма Prawo i pięść  («Закон і кулак») і Deszcze niespokojne («Неспакойныя дажджы») з легендарнага серыяла «Czterej pancerni i pies» («Чатыры танкісты і сабака»). Каб заваяваць прызнанне, яму давялося пераадолець мноства жыццёвых выпрабаванняў.

Тэмбр Эдмунда Фэтынга пазнаюць з першых гукаў. Ён спяваў так, што меланхолія і надзея ў ягоным голасе гучалі як нешта сапраўднае і асабістае. Выдатна адчуваў сябе і на сцэне, хоць яшчэ падчас вучобы педагогі казалі, што ў яго «занадта сумны твар».

«Эдмунд Фэтынг заўсёды будзе мне нагадваць маю маладосць. Калі я, як маладая журналістка, працавала ў газеце Głos Wybrzeża, я хадзіла ў клуб Rudy Kot. Эдэк там граў на фартэпіяна і спяваў. Я была ў яго вельмі закаханая, таму прыходзіла туды кожны вечар», — успамінала легендарная польская паэтка, аўтарка дзясяткаў хітоў Агнешка Асецкая.

Эдмунд Фэтынг марыў стаць акцёрам насуперак волі бацькі і кіраўніцтва Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школы, куды ён паступіў. Ён настаяў на сваім і з часам здабыў павагу і ў сям’і, і ў прафесійным асяроддзі. Хоць яго ролі не так шырока вядомыя, як песні, менавіта дзякуючы баладам ён застаўся ў памяці палякаў. Шмат хто спрабаваў пераспяваць Nim wstanie dzień, але ніхто не здолеў так дакладна перадаць тонкую сумесь смутку і надзеі, закладзеных у словах Асецкай.

Фэтынг уражваў элегантнасцю і ўнутраным спакоем. Яго акторская манера была стрыманай, але магнетычнай. Ён аднолькава пераканаўча ўвасабляў і лірычных, высакародных герояў, і халодных, цынічных антыгерояў, заўсёды захоўваючы ўнутраную дыстанцыю. У інтэрв’ю Польскаму радыё ён тлумачыў, што значыць для яго прафесія:

«Калі я іграю ролю Х ці Y, я не я. Я думаю, што б зрабіў, апынуўшыся ў сітуацыі гэтага чалавека. У гэтым, напэўна, і ёсць сэнс майго існавання ў прафесіі. Гэта мяне шалёна хвалюе і дае імпульс да працы. Я б, шаноўны, проста зламаўся, калі б мусіў восем гадзін сядзець за сталом, а пасля ісці дадому. Гэта немагчыма».

Аднак выкладчыкі пазналі яго талент позна. Фэтынга выключылі з вучэльні — нібыта за адсутнасць здольнасцяў і «занадта сумны» выгляд. Праз гады ён усё ж здаў акцёрскі экзамен экстэрнам. Рашэнне было адно: з’ехаць з Варшавы і вучыцца рамяству на менш вядомых сцэнах. Ён працаваў у Калішы, потым у Лодзі, а затым трапіў у Труймяста. Гэта аказалася сапраўдным трапленнем у дзясятку. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў сталіцу ўжо прызнаным артыстам, але родны ацька доўгія гады саромеўся сына, лічачы акторства «несур’ёзнай прафесіяй»:

«Толькі пасля сямі гадоў маёй тэатральнай прыгоды, калі ён выйшаў са спектакля «Злачынства і пакаранне», ішоў са мной па вуліцы, дзесяць хвілін нічога не гаварыў, урэшце сціснуў мне руку і сказаў: «Ведаеш, я не чакаў». З таго часу мой бацька змяніўся на сто восемдзесят градусаў у пытанні простага прыняцця маёй прафесіі. Сем гадоў было адно «не», — узгадваў акцёр.

У Гданьску Фэтынг пазнаёміўся з Агнешкай Асецкай, з якой яго звязала творчае паразуменне. Менавіта яна напісала словы да Nim wstanie dzień і Deszcze niespokojne і менавіта яна ўгаварыла яго спяваць.

«Я вяртаюся да моманту, калі на Польскім радыё ўзнікла так званая Радыёстудыя песні, а я быў дыктарам у гэтай перадачы. Падбадзёраны Асецкай, бо яна ўявіла сабе мяне як дыктара, сказала: «Ты маеш такі добры для гэтага голас — усё будзе добра». Я адказаў: калі ласка, сапраўды, у гэтым быў нейкі сэнс. Але чым далей у лес… і мы дайшлі да таго, што сама Агнешка сказала: «Слухай, ты павінен сам заспяваць». Я кажу: не, кінь гэта, але яна ўперлася: «Паспрабуй, у нас ёсць студыя, у нас усё ёсць». І, уласна, так усё і пачалося», — узгадваў актор.

Але найважнейшай жанчынай у яго жыцці заставалася маці. Акцёр не хаваў у мастацкім асяроддзі, што ён гей. Аднак гэта не перашкаджала яму мець мноства прыхільніц. Некаторыя былі ў яго вар’яцка закаханыя. Аднойчы пасля спектакля перад тэатрам яго чакала жанчына з нажом. Калі Фэтынг выйшаў, яна падбегла і закрычала: «Калі вы мяне не захочаце, я заб’ю сябе». Ён спакойна выняў нож з яе рукі, паглядзеў і з іроніяй заўважыў, што шкада псаваць такі прыгожы сталовы нож.

Пра асабістае жыццё Фэтынг у СМІ амаль не гаварыў, але сябры ведалі, што ён быў у адносінах з мужчынам — маладзейшым танцорам. У 1980-я той выехаў з Польшчы, і гэта стала для акцёра цяжкім ударам. Ён адышоў ад публічнага жыцця, яго здароўе пагоршылася. Апошні раз ён з’явіўся перад камерай у 1989 годзе ў міні-серыяле Gdańsk 39.

Эдмунд Фэтынг памёр 30 студзеня 2001 года ва ўзросце 74 гадоў. Яго пахавалі побач з маці, Стэфаніяй, на Старых Павонзках у Варшаве. Ён застаўся ў гісторыі як чалавек, чый голас і сёння гучыць у памяці слухачоў, нават калі не ўсе ведаюць яго імя.

Слухайце аўдыё!

эж

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Постаці польскай культуры: акцёр Ян Махульскі – узломшчык сейфаў Генрык Квінта са славутага «Ва-банку» (ФОТА)

24.11.2023 18:11
Сучаснікі ўспамінаюць Яна Махульскага як вельмі прыемнага і пазітыўнага чалавека, з вялікім пачуццём гумару, які да кожнай асобы адносіўся з павагай.

Тадэвуш Бахэньскі – першы голас даваеннага Польскага радыё

08.05.2024 06:02
У 1920-1930-х гадах дыктар быў сапраўднай зоркай у Польшчы.

Легенда польскага тэатру і кіно Данута Шафлярска — яна працягвала выходзіць на сцэну ў 102 гады (ФОТА/ВІДЭА)

21.02.2025 06:03
У свае 102 гады яна выходзіла на тэатральную сцэну, калі ж з’явіліся праблемы з перасоўваннем, то актрыса выязджала на яе на інвалідным вазку.

Легендарнаму польскаму ансамблю Czerwone Gitary – 61 год (ВІДЭА)

03.01.2026 06:02
Адзін з самых папулярных польскіх музычных гуртоў шасцідзясятых Czerwone Gitary быў заснаваны ў Гданьску ў студзені 1965 года.