У 2025 годзе адбылося ўрачыстае пераадкрыццё ўстановы, якая раней працавала, як Этнаграфічны музей у Познані. Апрача грунтоўнага рамонту, музейная ўстанова прайшла таксама «рэбрэндынг» і цяпер яна дзейнічае пад шыльдай: Музей культур свету.
Што прычынілася да змены, усталяванай дзесяцігоддзямі назвы, якім чынам гэтая «рэвалюцыя» паўплывала на працу ўстановы, якія магчымасці і задачы адкрыла перад ёй. На гэтыя ды іншыя пытанні мы пастараемся адказаць у нашым матэрыяле.
Музей культур свету размяшчаецца ў Старым горадзе Познані, у прыватнасці ў будынку былой масонскай ложы з першай паловы XIX стагоддзя. Установа з’яўляецца адным са шматлікіх аддзелаў Нацыянальнага музея ў Познані. Нягледзячы на грунтоўны рамонт аб’ект захаваў свой гістарычны характар, запэўнівае яго кіраўнічка Анэта Скібіньска (Aneta Skibińska):
- Сярод іншага, у нас цяпер ёсць хуткі інтэрнэт – не толькі для супрацоўнікаў, але і для нашай аўдыторыі; сучасныя прыбіральні, сучасная каса і дзве новыя пастаянныя выставы. Аднак сам будынак захаваў свой прыгожы гістарычны характар. У яго новы дах, новыя вокны, новы фасад і прыгожая знешняя падсветка, якая адрознівае яго ад многіх іншых будынкаў на вуліцы Гробля (Grobla). Нагадваю, увайсці ў музей можна з боку вуліцы Мастовай (Mostowa). У нас ёсць таксама стары гістарычны парк.
Гелена Ціховіч - прэзідэнт Познанскага этналагічнага таварыства. Партрэтная фатаграфія.
На пачатку этнаграфічная калекцыя была сканцэнтраваная на польскай народнай культуры, пераважна культуры рэгіёна Вялікапольшчы, расказвае кіраўнічка музея:
- Першая этнаграфічная калекцыя была створана на пачатку XX стагоддзя. У прыватнасці, у 1910 годзе заснавальніца этнаграфічнай калекцыі Гелена Ціховіч (Helena Cichowicz) стварыла Народазнаўчае таварыства (поль. Towarzystwo Ludoznawcze), у рамках якога сабрала калекцыю і праз год арганізавала першую этнаграфічную выставу. Пазней, пасля атрымання Польшчай незалежнасці, гэтая калекцыя была перададзена ў наш музей. І цяпер яна з'яўляецца часткай нашых фондаў. У 2027 годзе годзе, у чэрвені, згаданая калекцыя адзначыць сваё 105-годдзе.
Аднак цягам часу этнаграфічныя фонды музея пашыраліся таксама на артэфакты, якія прадстаўлялі іншыя культуру свету. Таму змена назвы ўстановы, якая адбылася ў 2025 годзе, дапамагла, перш за ўсё, удакладніць сферу дзейнасці музея, паясняе спадарыня Анэта Скібіньска:
- Мы імкнуліся змяніць назву «Этнаграфічны музей», бо этнаграфія – гэта толькі адна дысцыплін, якімі мы займаемся. Яна (назва – рэд.) не да канца дазваляла зразумець нашым наведвальнікам, што ўтрымліваюць нашы калекцыі і які характар мае наш музей. У прыватнасці, яны не заўсёды асацыявалі яго з прадметамі з іншых куткоў свету; яны думалі, што наш музей у асноўным прадстаўляе культуру нашага рэгіёна – народныя касцюмы, некаторыя святочныя традыцыі … Гэта было такое памылковае стаўленне. Між тым, нашыя фонды паступова пашыраліся на калекцыі з іншых кантынентаў.
Адна з першых экзатычных калекцый папоўніла музейныя фонды ў міжваенным перыядзе. Гэта былі каштоўныя артэфакты з Новай Гнівеі:
- Яе прывёз геолаг, прафесар Юзаф Звяжыцкі(Józef Zwierzycki), які нарадзіўся ў Вялікапольшчы. Ён працаўладкаваўся ў Галандыі і прымаў удзел у геалагічных даследаваннях у Новай Гвінеі. Там, у рамках сваіх прыватных зацікаўленняў, сабраў прыгожыя прадметы карэннага насельніцтва. Каштоўную калекцыю навуковец прывёз у Польшчу і перадаў яе ў наш музей, які тады называўся Вялікапольскім музеем. Калекцыя перажыла вайну і зʼяўляецца надзвычай каштоўнай, паколькі прадстаўляе культуру карэннага насельніцтва Новай Гвінеі да часу, калі яна стала мяняцца пад уплывам заходняй цывілізацыі. Такім чынам, можна сказаць, што сёння гэта ўнікальная калекцыя.
У 1950-х гадах значная частка калекцыі прафесара Звяжыцкага пераехала ў Этнаграфічны музей у Варшаве. Цяпер яна вярнулася ў познаньскі музей на падставе дамовы аб дэпазіце, была абʼяднана з мясцовай часткай і паказваецца на новай пастаяннай выставе:
- Да Другой сусветнай вайны ў музей у Познані таксама паступіла калекцыя афрыканскіх кідальных нажоў. Гэтая калекцыя захавалася да нашых часоў толькі часткова; Нажоў было некалькі сотняў, а засталося толькі 22. Гэта ўжо быў пачатак нашага калекцыянавання прадметаў з іншых куткоў свету.
Другая сусветная вайна аказала вялікі ўплыў на музейныя фонды, якія былі рашуча знішчаныя. У тым ліку, прыгожыя вялікапольскія народныя касцюмы, сабраныя Геленай Ціховіч. Пасля заканчэння вайны пачаліся працы па адбудове музейных фондаў. Згаданую працу паскаралі розныя фактары, у тым ліку дынамічныя эканамічныя пераўтварэнні ў Вялікапольшчы, якія прычыніліся да хуткіх культурных змены ў рэгіёне.
Паралельна з польскімі фондамі пачалі пашырацца таксама замежныя калекцыі. Цяпер музей распараджаецца прадметамі, якія прадстаўляюць 54 краіны свету і, як паяснее кіраўнічка ўстановы, гэта яшчэ адна прычына змены назвы:
- Мы (палякі – рэд.), як і ўсе астатнія, адна з многіх культур свету, таму госці нашага музея пачынаюць наведванне на першым паверсе з прыгожых прыдарожных крыжоў – гэта крыжы з XIX стагоддзя, якія калісьці былі неадʼемнай часткай ландшафту Вялікапольшчы. Менавіта тут мы і пачынаем нашу экскурсію па культурах свету.
На другім паверсе можна паглядзець выставу, якая навязвае да пачатку этнаграфічных фондаў у Познаі і з’яўляецца ўшанаваннем памяці іхнай заснавальніцы Гелены Ціховіч:
- На другім паверсе (на першай з дзвюх пастаянных выставаў («Kreacje. Stroje ludowe rysowane na miarę») – рэд.) мы дэманструем 60 архіўных і ўнікальных малюнкаў. Як я ўжо згадвала, калекцыя, сабраная спадарыняй Геленай Ціховіч больш за 100 гадоў таму ў Вялікапольскім рэгіёне, была страчана ў выніку Другой сусветнай вайны. Дачка спадарыні Гелены, Вяслава Ціховіч, якая апекавалася калекцыямі пасля маці – працавала куратарам музея – вяла вельмі грунтоўную дакументацыю экспанатаў. У тым ліку яна запрашала сваіх сяброў-мастакоў, стварыць малюнкі прыгожых рэгіянальных касцюмаў. І вось, нейкім цудам, гэтыя малюнкі перажылі вайну ў яе прыватным доме. Вяслава Ціховіч па завяшчанні перадала свае калекцыі музею. Сярод розных артэфактаў мы знайшлі менавіта 60 малюнкаў. Гэта адзіны след арыгінальных народных касцюмаў канца XIX стагоддзя з Вялікапольскага рэгіёну.
У сваю чаргу, другая пастаянная экспазіцыя, якую можна зараз убачыць у Музеі культур свету ў Познані, паказвае разнастайнасць музейных фондаў:
- На выставе пад назвай «Экзотыка» («Exotica») мы прадстаўляем агляд. Тут можна ўбачыць нашую першую экзатычную калекцыю, то бок калекцыю прафесара Юзафа Звяжыцкага – гэтаму прысвечаная адна з выставачных залаў. Другая – гэта агляд усіх нашых калекцый з усіх краін і кантынентаў, у тым ліку і з Польшчы. Гэтая выстава падкрэслівае падабенства і адрозненні – пра што, дарэчы, мы хочам гаварыць на нашых экспазіцыях. Напрыклад, калі мы паказваем мексіканскія паласатыя спадніцы, то побач паказваем падобныя спадніцы з рэгіёна польскага Ловіча (Łowicz). Аказваецца, што гледачы не заўсёды здагадваюцца, якая з іх з Ловіча, а якая з Перу, бо ў іх так шмат агульнага.
Музей культур свету ў Познані можа пахваліцца найбуйнейшай у Польшчы калекцыяй прадметаў з Балканаў – Албаніі і Косава. Другая важная калекцыя, якой ганарыцца музей – гэта гуцульская калекцыя з Пакуцця (цяпер ва Украіне). Выключным экспанатам з’яўляецца казахская юрта, якіх наогул у еўрапейскіх музеях захавалася толькі некалькі. Вельмі каштоўная таксама калекцыя сакральнага і рытуальнага мастацтва з Вялікапольшчы, у тым ліку згаданыя ўжо прыдарожныя крыжы:
- Акрамя таго, у нас ёсць і асобныя прадметы, якія зʼяўляюцца ўнікальнымі. У нас ёсць два рунічныя календары са Скандынавіі. Вельмі мала такіх календароў захавалася ў Еўропе. Іх, напэўна, можна пералічыць на пальцах, і два з іх ёсць у нашай калекцыі. У нас ёсць такія каштоўныя экспанаты, як капялюш пілігрыма. Гаворка ідзе пра паломніцтвы ў Сантʼяга-дэ-Кампастэла. Гэта адзін з двух такіх прадметаў у Еўропе, а значыць, можна смела сказаць, і ў свеце. Цікава, што гэты капялюш падалей «падарожнічае», бо яго пазычаюць у нас для выстаў у іншыя музеі і іншыя краіны.
- кажа кіраўнічка Музея культур свету Анэта Скібіньска (Aneta Skibińska).
А мы заахвочваем сачыць за старонкай Музея культур свету ў Познані і рознымі цікавымі заняткамі, якія, акрамя выставаў – пастаянных і часовых – установа прапануе. Музей вітае, як групы, так і індывідуальных наведвальнікаў, семʼі і школьныя экскурсіі.
Дарэчы, кожны аўторак уваход і экскурсіі па выставах Музея культур свету ў Познані бясплатныя.
Анна Задрожна