У Варшаве прайшоў Міжнародны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Пустое крэсла чакала на беларускага выдаўца і кніганошу Рамана Цымберава, які памёр за некалькі дзён да фестывалю ад раптоўнай хваробы... Прэмію Міхася Стральцова за кнігу «На тым краі зямлі» атрымаў Мікола Захаранка. Прэмія была прысуджана «за творчае ўвасабленне і захаванне традыцый, вернасць мове палескай глыбінкі, метафарычна-фальклорнае асваенне духоўнага свету беларусаў».
Як кажа Ціхан Чарнякевіч з Міжнароднага саюза пісьменнікаў, канцэпцыя перанесці фестываль з Вільні ў Варшаву сябе апраўдала.
Ціхан Чарнякевіч: Упершыню пасля чатырох гадоў у Літве мы вырашылі зрабіць такі эксперыментальны крок і паспрабаваць з новай аўдыторыяй, якая часам наракала, што да Літвы далёка ехаць. Было сапраўды так: у нас дзясяткі літаратараў жывуць у Польшчы, і гэта аб’ектыўная рэч — яны не даязджалі да фестывалю, хаця хацелі пабачыцца там, пачытаць і выступіць.
Аўдыторыя ў Літве зусім іншая, і мы радыя, што ўдалося сабраць такую добрую, удзячную публіку. Вельмі шмат добрых водгукаў — і ад паэтаў, і ад перакладчыкаў — менавіта пра аўдыторыю, якая вельмі цёпла прымае.
Андрэй Сцепанюк: Я вельмі цешуся, што мяне яшчэ запрашаюць на фестываль. Бо я ўжо ветэран: я яшчэ меў нагоду выступіць у 2018 годзе нават у Мінску — у тых месцах, якіх ужо няма: «Галерэя tut.by», кавярня «Грай» — іх проста ўжо няма, яны былі ліквідаваныя. Таксама выступаў некалькі разоў потым у Вільні, а цяпер — у Варшаве.
Уражанні, як заўсёды, вельмі пазітыўныя. Па-першае, можна пачуць сапраўдных беларускіх паэтаў. Па-другое, можна з імі паразмаўляць, бо гэта таксама вельмі важна. Ну і па-трэцяе, гэта для мяне дасканалае месца, дзе я магу набыць шмат кніг. Бо тут ёсць выдаўцы, ёсць аўтары, якія могуць іх і падпісаць. Так што я з Варшавы напэўна таксама буду з’язджаць з вельмі моцнымі ўражаннямі.
І яшчэ для мяне «Вершы на асфальце» будуць, напэўна, яшчэ даволі доўга трываць, бо буду чытаць кніжкі, якія тут набыў, і буду да іх вяртацца. І вельмі прыемна, што і мы ў нейкі спосаб тут, дзякуючы арганізатарам, можам паказаць сваю прысутнасць у гэтай агульнабеларускай літаратуры. Бо трэба сказаць, што хоць мы тут, на Падляшшы, жывём, усё ж такі маем сваё месца ў гэтай агульнай беларускай літаратуры. І гэта таксама вельмі важна.
Яраслаў Іванюк: На Стральцоўскі фэст у Варшаву прыехалі прадстаўнікі з Беласточчыны: Ганна Кандрацюк, Андрэй Шчапанюк, Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Даша Бялькевіч, Алесь Кіркевіч і іншыя. Цяпер можна сказаць, што ўсе яны — з Беласточчыны.
Ціхан Чарнякевіч: Сапраўды так атрымалася: я пабачыў, што даволі шмат прозвішчаў менавіта рэгіянальных, і мы вырашылі іх крыху аб’яднаць. Алесь і Настасія, можа, не займаюцца паэзіяй сур’ёзна, але займаюцца яе прамоцыяй.
І напярэдадні, літаральна за пару тыдняў таму, мы нават падпісалі дамову пра супрацоўніцтва паміж арганізацыямі з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. Гэта ўжо стала афіцыйна: мы партнёры. Бо звычайна гэта былі вусныя дамовы пра партнёрства і падтрымку.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл
"Вершы на асфальце".
"Вершы на асфальце".
"Вершы на асфальце".
"Вершы на асфальце".
Літаратурны фестываль у Варшаве.
Літаратурны фестываль у Варшаве.