Беларуская Служба

«Калі вы размаўляеце па-расійску, вас могуць прыйсці "вызваляць"». Беларускі музыкант пра творчасць і мову

21.02.2026 07:00
Ілля Фаляжынскі прымеркаваў прэзентацыю новага сінгла да 21 лютага – Сусветнага дня роднай мовы.
Аўдыё
  • Ілля Фаляжынскі прэзентуе новы сінгл на Дзень роднай мовы.
 .
Вокладка сінгла. Фота: Ілля Фаляжынскі.

Ілля Фаляжынскі – беларускі аўтар-выканаўца і мастак, які жыве і працуе ў Варшаве – прадставіў свой новы сінгл «Сузіранне». Ён уключае тры кампазіцыі, дзве з якіх напісаныя самім аўтарам, а трэцяя – гэта пераклад санета Уільяма Шэкспіра. Публікацыю песень Ілля прымеркаваў да 21 лютага – Сусветнага дня роднай мовы. Ілля Фаляжынскі наведаў нашу студыю, распавёў пра сваю музычную дзейнасць і стаўленне да беларускай мовы, у тым ліку пра тое, чаму Дзень роднай мовы з’яўляецца для яго важнай датай.

 Я мэтанакіравана выбраў гэтую дату, каб прэзентаваць сінгл. У яго ўваходзяць тры песні, а назва – «Сузіранне». Гэта тры песні – «Захварэў на цябе», «Адзіноты, 5» і «Далей». Яны не зусім новыя. У час пандэмічных абмежаванняў я распачаў праект «Песні на карантыне». Гэта была спроба заняць сябе і зацікавіць слухачоў. А цяпер надышоў час апублікаваць песні, але ўжо ў студыйнай апрацоўцы.

Ілля Фаляжынскі. Ілля Фаляжынскі.

 А чым для вас з’яўляецца родная беларуская мова? Ці гэта толькі інструмент зносінаў, ці важнейшы генетычны код, без якога няма будучыні?

– Беларуская мова стала фундаментам, на падставе якога я пачаў змяняць сваё жыццё. Не заўсёды я размаўляў па-беларуску, але на дадзены момант не ўяўляю жыцця без яе. Я лічу, што без беларускай мовы не будзе беларускай нацыі. Без мовы мы знікнем, улічваючы яшчэ палітычную сітуацыю ў рэгіёне.

– Нездарма «рускі мір» змагаецца з украінскай мовай ва Украіне. І вайна пачалася між іншым таму, што расіяне пайшлі быццам бы вызваляць сваіх – расійскамоўных ва Украіне.

- Так, вельмі не хацелася б, каб такая сітуацыя паўтарылася ў Беларусі. І трэба трымацца за надзею, што гэта нас абміне, але трэба памятаць: калі вы размаўляеце па-расійску, то чакайце, што вас калісьці могуць прыйсці вызваляць ад беларускіх нацыяналістаў.

Усе тры трэкі Іллі Фаляжынскага былі запісаныя ў Варшаве на студыі Everest Media пры ўдзеле прадзюсара Паўла Сінілы. Аранжаванне, звядзенне і майстарынг ажыццявіў Дзмітрый Матуйза, з якім артыст супрацоўнічаў і раней – у працы над альбомамі, EP і сінгламі.

Вокладку Ілля стварыў сам – гэта новая карціна пад назвай «Suzirańnie». У ёй мастак звярнуўся да стылю пуантылізм, для якога характэрная тэхніка пісьма асобнымі кропкавымі ці прамавугольнымі мазкамі. Паводле аўтара, у працы ён хацеў перадаць адчуванне радзімы нават па-за яе межамі: у абрысах мясцовай пальмы праглядаецца бяроза – сімвалічны для беларускай прыроды вобраз.

Слухайце поўную гутарку і фрагменты кампазіцый у далучаным гукавым файле

Наталля Грышкевіч