Беларуская Служба

Знакавыя беларускія брэнды вядуць свой радавод з польскіх часоў

05.03.2026 16:02
Дам’ян Маркоўскі расказвае пра эканоміку заходняй Беларусі да і пасля 1939 года.
Аўдыё
  • Д.Маркоўскі пра эканоміку заходняй Беларусі пасля 1939 г.
   ,  .  -.   . 1926 .   .
Фрагменты графінаў для лікёра, фасон «Напалеон». Стыль ар-дэко. Вытворчасць шклозавода «Нёман». 1926 год. Беларуская прыватная калекцыя.https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9D%D0%B5%D0%BC%D0%B0%D0%BD_(%D1%81%D1%82%D0%B5%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D0%B7%D0%B0%D0%B2%D0%BE%D0%B4)#/media/%D0%A4%D0%B0%D0%B9%D0%BB:1534_CARAFES_HUTA_NIEMEN_1926_STOLLE_Brzoz%C3%B3wka_Biaroza%C5%ADka_Belarusian_Private_COLLECTION.jpg / Tatiana Markina. Собственная работа / CC BY-SA 4.0

Як жылі людзі, як развівалася эканоміка на заходнебеларускіх землях у складзе Польшчы да 1939 года і пасля, калі іх анексаваў СССР? У Варшаве, у Інстытуце  салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага выйшла кніга гісторыкаў Мірослава Клусэка (Mirosław Kłusek) і Дам’яна Маркоўскага (Damian Markowski) аб’ёмам 960 старонак Dzieje gospodarcze ziem polskich w latach 1939–1945 («Эканамічная гісторыя польскіх зямель у 1939–1945 гадах»). Як адзначае Ежы Гапыс (Jerzy Gapys), прафесар Універсітэта імя Яна Каханоўскага ў Кельцах, моцным бокам кнігі з’яўляецца крыніцазнаўчая база. Аўтары звярнуліся да матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архівах не толькі Польшчы, але і Германіі, Украіны і Беларусі.

Прафесар Дам’ян Маркоўскі з Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага і Інстытута ваенных страт імя Яна Карскага ў кнізе закрануў тэмы, звязаныя з эканамічнай гісторыяй менавіта ўсходніх зямель даваеннай Польшчы — г.зн. тых, што апынуліся пад савецкай акупацыяй, у тым ліку заходнебеларускіх.

— У гісторыі ёсць моманты, якія змяняюць усё. Такім пераломным момантам стаў 1939 год, калі ў выніку савецкай акупацыі на даваенных усходніх тэрыторыях Польшчы практычна цалкам змянілася эканамічная рэальнасць. Уявіце сабе сітуацыю: раптам людзі былі вымушаны плаціць іншай валютай, многія страчвалі кватэры, дамы, агароды або цэлыя прадпрыемствы — гэта значыць большую частку вынікаў сваёй працы, а часам і працы цэлых папярэдніх пакаленняў. З такой рэальнасцю сутыкнулася ўсё насельніцтва ўсходніх ваяводстваў даваеннай Польшчы — не толькі палякі, але і беларусы, украінцы, яўрэі ды іншыя жыхары гэтых зямель, якія мелі польскае грамадзянства. Гэтыя эканамічныя пераўтварэнні закранулі ўсіх і радыкальна змянілі паўсядзённае жыццё на гэтых тэрыторыях.


Кніга Dzieje gospodarcze ziem polskich w latach 1939–1945. Кніга Dzieje gospodarcze ziem polskich w latach 1939–1945.

У літаратуры, што публікуецца, напрыклад, у Беларусі або Расіі, часта сцвярджаецца, што ўсходнія ваяводствы даваеннай РП былі «адсталымі» і што пасля іх уключэння ў склад савецкай дзяржавы нібыта павысіўся ўзровень іх эканамічнага развіцця. Але ці так гэта? І як тады разумець нацыяналізацыю, калектывізацыю? Ці не стала штодзённае жыццё мясцовых жыхароў залежаць не столькі ад іх працы, колькі ад патрабаванняў савецкага таталітарнага рэжыму?

— Савецкая прапаганда вельмі часта ў якасці крыніцы інфармацыі выкарыстоўвала польскую прэсу, у якой Польшча падзялялася на так званыя Польшчу A, B і C. Польшча A уключала найбольш эканамічна развітыя рэгіёны, такія як Вялікая Польшча і Верхняя Сілезія, у той час як Польшчу B і C складалі ўсходнія тэрыторыі, якія часта лічыліся эканамічна адсталымі. Аднак рэальнасць была значна больш складаная. На тэрыторыях, якія пазней былі ўключаны ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, знаходзіліся адны з найлепшых польскіх лесапілень, з сучасным абсталяваннем і арганізаваных так, каб лясны рэсурс заставаўся аднаўляльным. Можна сказаць, што гэта была ў значнай ступені экалагічная прамысловасць. Пасля прыходу савецкіх войск многія з гэтых лесапілень былі сапсаваны з-за няправільнага выкарыстання, часткова дэмантаваны і вывезены ўглыб СССР. Калі ж прыйшлі немцы, лесапільні працавалі ў тры змены, каб максімальна выкарыстоўваць сыравіну для патрэб акупанта. Гэты прыклад паказвае, наколькі радыкальна змяняліся гаспадарчыя ўмовы ў залежнасці ад акупанта, а таксама як савецкая прапаганда спрашчала і скажала карціну эканамічнага жыцця ўсходніх ваяводстваў даваеннай Польшчы.

Асобнае пытанне — гэта развіццё сельскай гаспадаркі. У Польшчы не было калгасаў і саўгасаў. А ў СССР не існавала прыватнай уласнасці на зямлю. З чым сутыкнуліся сяляне ў 1939 годзе?

— Што да тэрыторый, якія сталі савецкімі, напрыклад, Вілейскай або Маладзечанскай абласцей БССР, то сельскагаспадарчая вытворчасць у гэтых рэгіёнах за некалькі месяцаў савецкай акупацыі вырасла ўсяго на адну дзясятую. У іншых месцах вытворчасць знізілася, нягледзячы на тое, што была прыцягнута вялікая колькасць тэхнікі і абсталявання, каб штучна і механічна павысіць прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Парадокс заключаецца ў тым, што гэтыя меры не прынеслі чаканых вынікаў. Спробы «скачка» ў эканоміцы былі несістэмныя і часта прыводзілі да дэградацыі існуючай інфраструктуры і зніжэння якасці прадукцыі. Гэта паказвае, што адной толькі тэхнікі і спроб тэхнічных змен было недастаткова для рэальнага эканамічнага развіцця на акупіраваных тэрыторыях.


Дам’ян Маркоўскі.
Фота: Viktar Korbut. Дам’ян Маркоўскі. Фота: Viktar Korbut.

Нельга не ўзгадаць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі працягваюць дзейнічаць прадпрыемствы, якія існавалі яшчэ ў даваеннай Польшчы. Гэта Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», ААТ «Шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы пад Лідай, у Пінску — запалкавая фабрыка, якая, праўда, закрылася ў 2019 годзе. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў стала сімваламі Беларусі. Гэта паказвае, што асобныя галіны эканомікі на ўсходніх землях даваеннай Польшчы функцыянавалі дастаткова паспяхова.

— Тут быў узгаданы шклозавод «Нёман», размешчаны пад Лідай. Мне здаецца, што падобныя прадпрыемствы, якія былі адноўлены пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, прыносілі не толькі матэрыяльную карысць савецкай дзяржаве. Шмат сыравіны і абсталявання было вывезена нацыстамі, але самі прадпрыемствы, такія як шклозавод «Нёман», таксама прыносілі і матэрыяльны прыбытак, і адыгрывалі важную іміджавую ролю. Шклозавод «Нёман» быў не проста прадпрыемствам — гэта быў цэлы сацыяльны цэнтр, які арганізоўваў жыццё мясцовай супольнасці. Пры фабрыцы да 1939 года дзейнічала школа для дзяцей работнікаў, існавалі розныя спартыўныя, адукацыйныя і культурныя аб’яднанні. Гэта паказвае, што прамысловасць у гэтым рэгіёне давала больш, чым проста капітал і прадукцыю — яна стварала нематэрыяльныя даброты і падтрымлівала фарміраванне сацыяльнай ідэнтычнасці. У выпадку шклозавода «Нёман» можна сказаць, што СССР, Беларусь атрымалі выгаду не толькі ў эканамічным, але і ў іміджавым і сацыяльна-культурным вымярэнні.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Як польскія чыноўнікі ў 1920-я гады вырашалі кватэрнае пытанне ў заходняй Беларусі

19.02.2026 15:18
У Баранавічах, Нясвіжы, Навагрудку, Брэсце захаваліся сімпатычныя невялікія дамкі з калонамі і высокімі дахамі.