Калі рукі нямеюць ад працы, але не ад мары
Спадарыня Вольга арганізавала для беларускіх эмігрантаў у Познані гурток па беларускай вышыўцы і ўжо другі год праводзіць яго на валанцёрскіх пачатках. А вось апошнім часам, як сумна заўважае мая суразмоўца, займацца валанцёрскай працай стала вельмі няпроста, паколькі яна стамляецца на асноўнай працы.
— Каб добра дапамагаць іншым, вучыць іх, патрэбна да гэтага рыхтавацца, матэрыялы нейкія нарыхтоўваць, а на гэта не стае часу, а часам і сілаў. У нас так прынята, што індывідуальны падыход да кожнага, бо нехта вышывае, нехта тчэ, і кожнаму патрэбна намаляваць нешта пад яго. Часам прыходзяць новыя людзі, і ім трэба надаваць больш увагі. І кожны раз знаходзіцца новая праца.
Пасля працы рукі нямеюць
Насамрэч я назіраю, як часта да спадарыні звяртаюцца яе вучаніцы, паколькі вышыўка патрабуе шмат увагі і ведаў: да ўсяго трэба арыентавацца ў нітках і матэрыялах.
Спадарыня Вольга трохі стомленым голасам распавядае, што вымушана была пайсці на даволі нялёгкую працу, паколькі ў сям’і патрэбныя грошы, а знайсці нешта па спецыяльнасці ці хаця б крыху лягчэйшае не атрымліваецца.
— Праца на складзе цяжкая фізічна, а я не вельмі магу фізічна працаваць, і мне гэта даволі цяжка даецца — здароўе не дазваляе. Маю праблему з рукамі, і пасля працы яны нямеюць, не разгінаюцца, а працую па дзесяць з паловай гадзін. За тыдзень вельмі стамляешся, і за выходныя нават цяжка адысці ад гэтага, а трэба яшчэ і хатнія справы зрабіць. А яшчэ хочацца зрабіць нешта творчае, што ты любіш, але на гэта ўжо няма ніякіх сіл. І пакуль застаецца спадзявацца, што прыйдзе час, калі змагу займацца тым, што люблю.
Каму патрэбны адмысловец з беларускім народным строем?
Цікаўлюся ў спадарыні, ці ёсць нейкае выйсце ў яе сітуацыі, ці спрабавала яна рабіць нейкія крокі, каб змяніць цяжкую фізічную працу. Больш за тое, яна як спецыяліст па беларускай народнай вышыўцы ў Познані — адзінкавая такая асоба.
Спадарыня Вольга, трохі ўздыхаючы, кажа, што першая яе адукацыя звязаная з фатаграфіяй, а другая датычыцца беларускага народнага строю, і менавіта гэтым ёй хацелася б займацца.
— Паколькі я не з’яўляюся спецыялістам, які тут суперзапатрабаваны, то і вельмі складана знайсці нейкую працу. Выбар невялікі: альбо крамы, альбо склады, альбо яшчэ больш фізічна цяжкая праца. А канкураваць з палякамі нават на самых звычайных працах не даводзіцца. Усе мае спробы знайсці добрую працу пакуль што скончыліся не вельмі ўдала. Не ведаю, якое тут можа быць выйсце: жыць і спадзявацца на лепшае, рабіць, што можаш, і верыць у цуд.
Замкнёнае кола і часам не да творчасці
Спадарыня кажа, што звярталася да сваіх блізкіх знаёмых з просьбай дапамагчы ў пошуках працы, але нічога, паводле яе, і ў іх не атрымалася. Дарэчы, суразмоўца адзначае, што раней яна мела свой праект, шмат працавала на валанцёрскіх пачатках, але гэта было за кошт сям’і.
— Гэта была рэальная валанцёрская праца па 12 гадзін кожны дзень. Я рабіла відэа на YouTube, малявала схемы, праводзіла гурток, вывучала новыя матэрыялы, думала, як стварыць праграму для пачаткоўцаў, якія менавіта за мяжой знаходзяцца, хочуць заняцца беларускай вышыўкай, ткацтвам, але якім няма больш да каго звярнуцца. На жаль, прыйшоў момант, калі мая сям’я не магла больш падтрымліваць мой праект. Мужу давялося змяніць працадаўцу, і зараз ён таксама ў пошуку новых кліентаў. А рахункі трэба плаціць. Кожны месяц даводзіцца аддаваць значную суму за кватэру, а атрымаць іпатэку немагчыма, паколькі трэба мець пастаянную добрую працу. Нейкае замкнёнае кола… І часам становіцца не да творчасці.
Беларуская народная вышыўка ў выкананні Вольгі. Фота з архіву гераіні матэрыялу
Гэта тая справа, якую я люблю
Тым не менш мая суразмоўца кажа, што пакінуць гурток яна так і не змагла, нягледзячы на тое, што ад іншых валанцёрскіх праектаў давялося адмовіцца. Цікаўлюся ў яе, што дае сілы, каб працягваць пасля цяжкай фізічнай працы хадзіць у нядзелю на гурток і вучыць іншых беларускай вышыўцы.
— Насамрэч гэта тая справа, якую я люблю больш за ўсё, і мэта майго жыцця — каб беларуская вышыўка жыла, квітнела, пашыралася і каб як мага болей людзей ёй займалася. А для гэтага трэба працаваць. І я разумею, што як бы цяжка ні было, але калі нават пяць–дзесяць чалавек за нейкі час чамусьці навучацца, то гэта будзе проста супер. Беларуская вышыўка будзе тады жыць і ў Познані, не толькі ў Беларусі. Таму мяне гэта заўсёды натхняе, і я магу займацца гэтым бясконца. Сёння, напрыклад, мне давялося паспаць толькі дзве гадзіны, але я з задавальненнем прыйшла і хачу натхніць іншых на гэтую справу.
Ці можа беларуская супольнасць дапамагчы беларускаму праекту?
На жаль, як заўважае мая суразмоўца, такія праекты, як яе, нікім не падтрымліваюцца. Ды і сама яна прызнаецца, што не ўмее прасіць гранты. Спадарыня Вольга лічыць, што практычна знікаючая беларуская нацыянальная вышыўка мала каму вядомая, пра яе амаль нідзе не пішуць, яна не запатрабаваная ў штодзённым жыцці, але застаецца сярод нашых каранёў, якія нельга губляць.
— Ладна, калі чалавек не хоча вышываць. Але калі б ён разумеў, што можа падтрымаць такі праект, даць на яго пяць даляраў у месяц — а гэта не такія і вялікія грошы, — і каб такіх знайшлося, скажам, чатырыста, то гэты праект жыў бы і функцыянаваў, дазволіў бы развівацца тым, хто гэтага патрабуе. Але ў нас няма такой супольнасці, якая магла б гэта падтрымаць. Разумею, што ў эміграцыі ўсім цяжка, і пяць даляраў — гэта можа быць крытычна.
— Атрымліваецца, як і сто гадоў таму: беларуская культура плача ціхенька ў кутку?
— Не ведаю, я не плачу ў кутку. Кожны ўсё па-свойму ўспрымае. Для мяне, калі нават адзін чалавек нешта зробіць, і ты разумееш, што дапамог яму гэта зрабіць, а чалавек нават і не чакаў, што можа вышыць тую ж кашулю, — мяне, наадварот, гэта толькі натхняе. І плакаць не хочацца…
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл
Падтрымаць фінансава праект беларускай народнай вышыўкі ў эміграцыі можна па спасылцы