Беларуская Служба

Паляк - рэдактар беларускай Вікіпедыі пра Беларусь, НРМ і правілы бяспекі ў сеціве

06.03.2026 07:15
Размова з палякам Тамашам Бладынцам, вікіпедыстам, які напісаў амаль тысячу матэрыялаў пра Беларусь па-польску і па-беларуску. Гаворым пра тое, як нарадзілася цікавасць жыхара Варшавы да Беларусі, як можна вывучаць беларускую мову праз музыку і чаму ў Вікіпедыі ніколі не будзе бізнес-рэкламы.
Аўдыё
  • Паляк - рэдактар беларускай Вікіпедыі пра Беларусь, НРМ і правілы бяспекі ў сеціве
Тамаш БлядынецЗамежнае вяшчанне Польскага радыё

–Тамаш Бладынец — чалавек, які ведае як будаваць масты. Раней ён будаваў з бетону і сталі, а цяпер працягвае будаваць масты паміж польскім і беларускім народамі. Скажыце, калі ласка, адкуль у вас такая зацікаўленасць беларускай тэматыкай?

— Калі мне было 16–17 гадоў і я пачаў цікавіцца міжнароднай палітыкай. Гэта быў якраз той час, калі ў нас дома з’явіўся інтэрнэт. І гэта было для мяне вельмі цікава, бо нарэшце з’явілася магчымасць непасрэдна паразмаўляць з людзьмі з суседніх дзяржаў. Я размаўляў з украінцамі, з беларусамі. Для мяне было нечаканасцю, што ўкраінцы і беларусы — гэта народы, з якімі ў нас шмат супольнай гісторыі, якія вельмі падобныя да нас, а мы пра іх ведаем надзвычай мала. З часам мяне ўсё больш цікавіла Беларусь і я зразумеў, што яна для палякаў — своеасаблівая terra incognita. Краіна знаходзіцца вельмі блізка, але калі размаўляеш са знаёмымі, аказваецца, што яны ведаюць толькі некалькі самых асноўных рэчаў, а ўвогуле ведаюць пра яе вельмі мала. Гэта быў таксама час так званых «каляровых рэвалюцый» у Еўропе. Я хацеў удзельнічаць у тым, каб змяняць свет да лепшага.

І вы сапраўды былі вельмі актыўныя, бо арганізоўвалі беларускія канцэрты ў Варшаве, таксама належалі да арганізацыі, якая працавала на карысць беларусаў. Мы цяпер размаўляем па-беларуску, але, напэўна, слухачы заўважаюць наш польскі акцэнт. Я – беларуска з Падляшша, але, здаецца, я ніколі не сустракала вас у кантэксце беларускай меншасці ў Польшчы. У вас няма сувязяў з Гайнаўкай, Беластокам, Бельскам Падляшскім?

— Не, абсалютна не. Мая сям’я ўжо шмат пакаленняў жыве ў Варшаве, і я не маю беларускіх каранёў. Я проста вывучыў беларускую мову, бо яна мяне вельмі зацікавіла.

Вы вывучалі беларускую мову, між іншым, на тэкстах песень гурта N.R.M.

— Так, сапраўды. Значна лягчэй вывучыць словы, калі слухаеш песню. Нават калі спачатку не ўсё разумееш, пасля можна карыстацца гэтымі словамі, спрабаваць гаварыць. У мяне менавіта так і было: я вывучыў песні N.R.M., яшчэ не цалкам разумеючы іх змест. А пазней, паступова, калі размаўляў з людзьмі, зразумеў, што яны сапраўды гавораць словамі, як у гэтых песнях.

Мы сустрэліся сёння, бо ўжо неўзабаве ў Варшаве адбудуцца майстар-класы для рэдактараў Вікіпедыі. Вы напісалі сотні артыкулаў пра Беларусь. Раскажыце, калі ласка, што гэта за падзея і чаму менавіта цяпер ладзяцца гэтыя майстар-класы?

— Гэта сустрэча для беларусаў, якія яшчэ не займаліся Вікіпедыяй або не вельмі добра яе ведаюць. Мы будзем распавядаць, як рэдагаваць беларускую Вікіпедыю. Шмат беларусаў, якія з’ехалі з краіны і цяпер жывуць у Польшчы, шукаюць спосаб захаваць актыўнасць і працаваць на карысць сваёй радзімы, нават знаходзячыся за мяжой. Яшчэ ў 2014–2015 гадах мы арганізоўвалі падобныя навучанні не толькі ў Варшаве, але і ў Празе, Вільні, Познані. Яны былі вельмі паспяховымі. Цяпер мы робім асаблівы акцэнт на ананімнасць і бяспеку, бо ў апошнія гады некалькі рэдактараў беларускай Вікіпедыі былі арыштаваныя ў Беларусі. Многія людзі пачалі баяцца пісаць. Мы раскажам, як захаваць ананімнасць, каб пазбегнуць праблем.

Ці складана пісаць артыкулы для Вікіпедыі?

— Спачатку можна проста рэдагаваць ужо існыя артыкулы. Ёсць вялікая супольнасць, якая дапамагае. Калі чалавек лічыць, што распаўсюджанне свабодных ведаў — гэта важна, ён можа далучыцца, і мы дапаможам. Супольнасць Вікіпедыі — гэта сусветная супольнасць, але ў кожнай краіне і мове ёсць свая. Сярод рэдактараў ёсць прафесары, дактары, студэнты, а ёсць і падлеткі 15–16 гадоў.

Як правяраецца, ці інфармацыя праўдзівая?

— Рэдактары Вікіпедыі не з’яўляюцца даследчыкамі. Мы збіраем ужо апублікаваныя веды. Пішам толькі на аснове агульнадаступных і надзейных крыніц. Да кожнага сцвярджэння дадаем спасылкі на кнігі, артыкулы, аўтарытэтныя сайты. Беларуская Вікіпедыя існуе ў двух правапісах — «наркамаўцы» і «тарашкевіцы». Гэта не дзве розныя мовы, а два правапісы. Адносіны паміж групамі бываюць розныя, часам складаныя. Афіцыйная Вікіпедыя мае каля 260 тысяч артыкулаў, на «тарашкевіцы» – каля 90 тысяч. Я лічу, што беларуская Вікіпедыя павінна быць адзінай, але гэта рашэнне павінны прыняць самі беларусы.

Атрымліваецца, што Вікіпедыя можа быць палітычным інструментам?

— Так. Асабліва сёння, калі ў свеце назіраецца тэндэнцыя да аўтарытарызму. Некаторым палітыкам не падабаецца арганізацыя, якая дае свабодны доступ да ведаў і дзе яны маюць вельмі абмежаваны ўплыў на змест. Вікіпедыя не фінансуецца ўрадамі. Яна існуе дзякуючы ахвяраванням людзей. Няма рэкламы, і мы вельмі цэнім сваю незалежнасць.

Вяртаючыся да мінулага: калі вы працавалі інжынерам у будаўнічай фірме і супрацоўнічалі з беларускімі кампаніямі, вы настойвалі, каб карэспандэнцыя вялася па-беларуску.

— Так. Я прапаноўваў весці перапіску па-беларуску. Кампаніям, магчыма, было б прасцей па-руску, але я хацеў падкрэсліць, што беларуская мова існуе, яна афіцыйная і вартая выкарыстання.

І апошняе пытанне. Беларусы — гэта…?

— Беларусы — гэта народ вельмі блізкі палякам. Варта, каб мы больш размаўлялі адны з другімі, больш супрацоўнічалі і лепш разумелі адзін аднаго.

Дзякуй вам за візіт у студыю Беларускай службы Польскага радыё.

Гутарыла Яланта Смялоўская