Беларуская Служба

Лявон Вольскі: Беларусам трэба захоўваць станоўчасць і пазітыў!

07.03.2026 07:23
На 25 Сакавіка, на Дзень Волі ў варшаўскім клубе Niebo запланаваны вялікі канцэрт, які зайграе Лявон Вольскі з гуртом «Крамбамбуля». Напярэдадні выступу Беларуская служба Польскага радыё паразмаўляла з чалавекам, які стварае рок для пакаленняў беларусаў – з Лявонам Вольскім.
Аўдыё
  • Лявонам Вольскім пра канцэрт на 25-га сакавіка, жыццё ў эміграцыі ды адносіны з польскімі музыкамі
Zoom-
Zoom-размова з музыкам Лявонам ВольскімPolskie radio dla Zagranicy

Крамбамбуля — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», так называецца канцэрт, які на 25 сакавіка рыхтуе ў Варшаве Лявон Вольскі. Напярэдадні выступу Беларуская служба Польскага радыё паразмаўляла з музыкам пра канцэрт, жыццё ў эміграцыі ды новыя праекты.

Спадар Лявон, скажыце, якая ваша першая і галоўная асацыяцыя з 25-м Сакавіка.

— Безумоўна, гэта свята для кожнага беларуса. Гэтае свята праходзіла праз розныя забароны, праз ледзь не афіцыёз, калісьці ў 1990-ых мы гралі канцэрт на Дзень Волі ажно ў Оперным тэатры ў Мінску, потым каля Опернага тэатру, у Палацы чыгуначнікаў, калі было пару гадоў дэмакратыі. Тады гэта адзначалася не зусім на афіцыйным узроўні, але былі такія дзяржаўныя ініцыятары, якія праводзілі такія канцэрты, і было шмат людзей, і была трансляцыя. Потым ясна, што гэтае свята адзначалася больш на плошчах, на вуліцах, на маніфестацыях, на пратэсных акцыях. Таксама, яшчэ да забаронаў, мы ўдзельнічалі, як музыкі, граючы на шэсцях, на імправізаваных сцэнах.

Што вы можаце распавесці пра саму імпрэзу 25 сакавіка ў Варшаве? Апошнім часам вы выступалі альбо сола альбо з гуртом «Volski», а ў абвестках гаворыцца, што запланаваны канцэрт гурта «Крамбабуля». Хто будзе граць разам з вамі?

— Будзе граць «Крамбамбуля», якую мы рэанімавалі летась, сыгралі некалькі канцэртаў у Вільні, на фестывалі «Тутака», і ў Варшаве, таксама на фестывалі «Грай». Нам усім падаецца, што для святкавання Дня Волі, «Крамбамбуля» як найлепей падыходзіць, бо альбом «Чырвоны штраль» – гэта ўжо цалкам змагарскі альбом.

Але ж у вас змяняўся склад, былі розныя выканаўцы, якія далучаліся да «Крамбамбулі» у розныя гады. Хто сёлета выступіць? Вы можаце некага назваць?

— У гэтым годзе будзе традыцыйны склад «Крамбамбулі» — гэта той самы склад, што ў гурта «Volski», толькі плюс духавая секцыя. Гэта значыць саксафон Павел Аракелян. На трубе ў нас зараз грае трубач родам са Злучаных Штатаў — Нэйтэн Уільямс. У нас інтэрнацыянальны склад атрымліваецца. Плюс яшчэ будуць нечаканыя калабарацыі. Адну з гэтых калабарацый я магу назваць. Да нас далучыцца Томаш Арганэк. Мы, спадзяемся, што праспяваем з ім дзве песні, адну дакладна. Гэта песня «Слава Украіне», якую мы выпусцілі адразу пасля трагічных падзей, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Томаш з намі спяваў таксама на запісе і мы выконвалі яе з ім у эфіры розных тэлеканалаў.

Дарэчы, калі выйшла першая «Крамбабуля» — гэта была музыка пра напоі, пад застолле, для забавы. На вашу думку, сёння беларусам ёсць што адзначаць і з чаго весяліцца?

— Заўсёды ёсць што адзначаць і беларусам ды розным іншым нацыям. Я разумею, што беларусам у Беларусі зараз вельмі цяжка адзначаць, але ўсё роўна трэба спрабаваць захоўваць станоўчасць, нейкі пазітыў. Музыка першых альбомаў «Крамбамбулі» як найлепей падыходзіць да гэтых мэтаў. Усё пачыналася ў 2002-м годзе, калі быў такі адносны палітычны зацішак. Хаця мы ведаем таксама, што і тады адбываліся рэпрэсіі, тады саджалі людзей. Але мы вырашылі, тагачасны мой праект «Zet», што калі ўвесь час гараваць, рэагаваць на сумную грамадска-палітычную беларускую рэчаіснасць, прысвячаць гэтаму сваю творчасць, тады давядзецца заўсёды хадзіць з адкрытай ранай.

Мы вырашылі і самі для сябе, і для публікі зрабіць адпачынак, перапынак ды зрабіць такі альбом, дзе не трэба будзе думаць пра рэчаіснасць, пра тое, што цябе атачае, а можна проста павесяліцца, проста, паплыць па хвалях пазітыву. Але, як казаў спадар Ульянаў, што жывучы ў грамадстве, немагчыма быць вольным ад грамадства, і паступова тое грамадства, тая рэчаіснасць упаўзла і ў творчасць «Крамбамбулі». Пачалося гэта ад забароны «Крамбамбулі».

Яе забаранілі бадай жа апошняй з беларускіх гуртоў. Гэта быў, мне падаецца, 2005 год — восень. Пасля ў наступны альбом «Крамбамбуля святочная» 2007-га году ўжо праніклі ноткі пратэсту. Там ёсць пару такіх песняў пра 7-ы лістапад, Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У тых песнях было больш сарказму, больш сатыры. Наступны «Чырвоный штраль» быў цалкам ужо прысвечаны барацьбе з савецкімі захопнікамі. Там ужо ў адкрытую мы выступалі ў адпаведных строях.
Тады ўжо была татальная забарона, выхад альбому быў у 2015-м годзе, запісаны ён быў у 2014-м, калі ўжо пачалася вайна ва Украіне, не такая гарачая, як цяпер фаза была, але ўсё роўна, было ўварванне, і трэба было рэагаваць, і натуральна, што мы не маглі маўчаць, і натуральна, што на той час мы былі ў глухой забароне. Гэта адбілася на творчасці, безумоўна.

Калі паглядзець на геаграфію вашых апошніх канцэртаў — гэта Вільня, Рыга, Варшава, Прага, Берлін ды шмат іншых гарадоў. З чым гэта звязана? Вы граеце старыя песні, ці матэрыял з новых альбомаў таксама?

— Натуральна, з новых. Немагчыма толькі старыя песні спяваць. Тым больш, што людзі слухаюць новыя, а калі хтосьці не пачуў, заўсёды можна на канцэрце падказаць і паказаць новыя песні. Натуральна, што мы заўсёды граем новыя кампазіцыі на кожным канцэрце. Нудна граць толькі старыя, тады атрымліваецца, што ты ператвараешся ў нейкі кавэр-бэнд на самога сябе.

Я якраз быў на Вашым калядным канцэрце, і там было больш класічных кампазіцый. На днях я праслухоўваў вашыя два апошні альбомы «Эмігранты» і «Амерыка». Там вельмі шмат цікавага матэрыялу, файна было б пачуць гэта на канцэрце.

— Альбом «Амерыка» выйшаў 2020-ым годзе, гэта не самы апошні альбом. З альбома «Амерыка» заўсёды іграецца песня «Палон», яна досыць папулярная і надалей актуальная для беларускай публікі, для беларускай рэчаіснасці. Яшчэ граем шэраг іншых песняў з кожнага з альбомаў, якія выйшлі пасля 2020-го году.

Наколькі, як разумею, вы ўжо 5-6 год за мяжой, так?

— З лета 2021-га года, таму пяці яшчэ няма, улетку, пры канцы ліпеня будзе 5 гадоў.

Як для вас быць за мяжой? Кажучы словамі з вашай песні: «часова перасядзець» ці ўжо ідзецца пра нейкую іншую перспектыву?

— Пра перасядзець ужо не вядзецца. Цяпер вядзецца пра паўнавартасную эміграцыю. На шчасце, ці на жаль, але цяпер за мяжой вельмі шмат беларусаў. Ніколі не было такой колькасці публікі на нашых замежных канцэртах. Я езджу не першае дзесяцігоддзе, і за мяжу ў тым ліку, але цяпер і згуртаванасць больш высокая, чым раней была, і проста болей беларусаў. Куды не паедзеш, напрыклад, мы ўлетку рабілі міні-тур па Нямеччыне, былі ўпершыню ў Штутгардзе, і мне здавалася, што можа будзе 15 чалавек, а было вельмі шмат. Наведвальнасць у Злучных Штатах таксама перавысіла мае чаканні. У некаторых месцах было па 300 чалавек на акустычным канцэрце. Гэта і крыху сумна, але і абнадзейвае, што людзі не пасіўныя, што яны не сядзяць проста па хатах. Я так падазраю, што беларусаў і раней шмат было за мяжой. Проста яны былі не згуртаваныя, для іх беларуская культура была нечым маргінальным. Пасля 2020-го году ўспрыманне беларускай культуры, беларускай музыкі змянілася ў лепшы бок.

Як вы ацэньваеце вымушаную эміграцыю, кажуць, што калі зачыняюцца адныя дзверы, тады адчыняюцца іншыя. Як ёсць у вашым выпадку?

— Для мяне і для ўсіх беларускіх музыкаў, якія з'ехалі, адчыніліся практычна ўсе еўрапейскія дзверы. У ЕС няма межаў, такіх як мае Беларусь, няма татальных праверак дакументаў, багажу, і можна, проста сесці ў сваю машыну і паехаць у Швейцарыю, каб зайграць канцэрт. Калі ты жывеш у Беларусі, у нас зусім іншая тэрыторыя. Еўрасаюз — адна справа, а Беларусь — ужо, так бы мовіць, задворкі расійскай імперыі. Ментальна — гэта зусім іншая тэрыторыя. Раней, нават, калі арганізатары і хацелі запрасіць, яны думалі, што лепш узяць кагосьці з ЕС, чым хвалявацца вечна з-за мяжы, дзе ты мог прастаяць тры, пяць, шэсць гадзін. Цяпер увогуле даходзіць да абсурду. Некалькі содняў трэба стаяць на мяжы. Цяпер жа з намі арганізатары звязваюцца, напрыклад, з Нідэрландаў, і дамаўляюцца на выступ праз два месяцы на Купаллі на Паўночным моры. Гэта значна прасцей. Раней была такая сітуацыя, што я наведваю Злучаныя Штаты з 2005 году, але іншыя беларускія музыкі там ніколі не канцэртавалі. Цяпер, калі прылятаеш у ЗША, ды граеш тур, даведваешся, што перад табой двойчы быў Стыльскі, тройчы быў Пугач, пасля ўсіх праехаўся Маляваныч. Не думаю, што дагэтуль у беларускіх музыкаў было такое актыўнае замежнае канцэртнае жыццё.

Нядаўна вы правялі анлайн-канцэрт у Беларусі? Чаму менавіта выбар такога фармату і якія вашы ўражанні?

— У нас раней была цэлая эпоха анлайн-канцэртаў падчас Кавіду, «Сусветны тур» мы іх называлі, бо гралі адзін канцэрт для асобных краін. Напрыклад, для Нямеччыны, куды маглі зайсці толькі слухачы з Нямеччыны. Таксама быў канцэрт для Швейцарыі, для Злучаных Штатаў, для Ізраілю. Я нават прызвычаіўся да гэтага фармату, што нават адчуваў зваротную сувязь. Тут было тое самае, бо ёсць пакуль такія межы, якія немагчыма фізічна пераадолець, але можна пры дапамозе Інтэрнэту. Тым больш, што ёсць энтузіясты, якія гэтым займаюцца. Аляксандр Чарнуха — арганізатар такіх шоу для Беларусі. Насамрэч, канцэрт глядзела шмат людзей з Беларусі, і былі нават водгукі. Гэта мяне моцна расчуліла, адчувалася, што людзі даўно не былі на канцэртах, і ўспрымалі гэта як прысутнасць на сапраўдным выступе. Людзі падпявалі, хтосьці сцёр з твару скупую мужчынскую слязу, хтосьці пасмяяўся. Усё было звычайным нармальным канцэртам. Аляксандр Чарнуха падчас канцэрту паміж песнямі, зачытваў каментары. Дзякуем за гэта. Гэта быў такі жывы кантакт.

У вашых планах далей спрабаваць гэта працягваць?

— Хутчэй, час ад часу будзем рабіць. Па-першае, гэта досыць дорага. Мы хочам якасна рабіць, а калі ёсць цэлы гурт гэта досыць цяжка наладзіць, каб усё гучала. Мусіць быць прафесійная тэхніка, мусіць быць прафесійны гукарэжысёр, шмат усяго, за што трэба плаціць. Музыка, увогуле, адна з самых дарагіх творчых прафесіяў.

У звязку з гэтым хацеў спытацца пра ваша стаўленне да ШІ. Напрыклад, у Spotify я бачу ўжо цэлыя альбомы створаныя з дапамогай ШІ. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Нармальна стаўлюся. Я не карыстаюся штучным інтэлектам, ствараючы музыку і тэксты. Але я не выключаю, што некаторыя музыкі могуць карыстацца дапамогай штучнага інтэлекту, калі ім табе трэба нешта спецыфічнае, напрыклад, нейкая аранжыроўка. Я карыстаюся крыху штучным інтэлектам, калі, малюю ілюстрацыі. Мая жонка піша блог для парталу «Будзьма», я маляваў ёй ілюстрацыі, і ўпершыню скарыстаўся штучным інтэлектам. Але я спачатку раблю эскіз, а потым даю запытанне ШІ, што мне трэба, каб гэта выглядала ўсё ў стылі савецкага плакату, напрыклад. Але, каб мець вынік, трэба з ШІ весці доўгія перамовы. Ён яшчэ дурнаваты. Агулам, мне вельмі цікава, як далей гэта будзе развівацца, асабліва як ШІ будзе кампанаваць тэксты з музыкай. Калісьці энтузіясты папрасілі ШІ зрабіць кампазіцыю ў стылі гурта НРМ, даслалі прыклады музыкі і тэкстаў. Але ў ШІ атрымалася такая лухта, што цяжка было слухаць.

Не баіцеся, што кампʼютар заменіць чалавека?

— Калі заменіць, будзем нечым іншым займацца. Я не баюся, што нас заменіць. Мне здаецца, што ніша жывой музыкі застанецца заўсёды запатрабаванай.

Ці вы маеце кантакты з польскімі музычнымі асяроддзямі, ці ёсць ідэі сумесных праектаў?

— Насамрэч, кантакты заўсёды былі. Я добра ведаю польскую музычную грамаду. З кімсьці мы даўно не бачыліся, а з кімсьці наадварот. Раней я не ведаў Арганка, і акурат мы пазнаёміліся на канцэрце ў Беластоку, калі разам спявалі «Муры» Качмарскага. Гэта быў 2020-ый год, мы там перасекліся з ягоным гуртом. Потым запрасілі яго да ўдзелу ў выкананні песні «Слава Украіне». Ён будзе разам з намі выступаць на канцэрце «Крамбамбулі» на Дзень Волі. Мы неаднойчы выступалі на народзінах «Pidjama Porno», разам з Грабажам, пачынаючы з 2002-га года першы раз быў канцэрт. Потам у 2006-ым, таму, калі мы пераехалі сюды, у 2022-ім, на пачатку, мы таксама паўдзельнічылі ў Познані і ў Варшаве на чарговых народзінах «Pidjama Porno». Я някепска ведаю Мунька, мы таксама разам спявалі неаднаразова. Знаёмы з Казікам. Ідэі ў нас ёсць, але ўсе вельмі занятыя. Вельмі цяжка перакрыжавацца, знайсці час, каб нешта зрабіць, але мы думаем у гэтым накірунку.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч