Беларуская Служба

Беларускія кнігі на вялікім кірмашы ў Познані

16.03.2026 11:48
Упершыню на Познаньскім кніжным кірмашы з’явіўся супольны стэнд беларускіх выдавецтваў у эміграцыі. Дзесяткі кніг, сустрэчы з аўтарамі і жывая цікавасць чытачоў з розных краін паказалі: беларуская літаратура працягвае жыць і знаходзіць свайго чытача.
Аўдыё
  • Беларускія выдавецтвы на кніжным кірмашы ў Познані
Стэнд беларускіх выдаўцоў на кніжным кірмашы ў ПознаніБеларуская служба Польскага радыё/П.Залескі

Акіян кніг і тысячы чытачоў

Кніжны кірмаш у Познані ўражвае сваім размахам. Сотні кніжных стэндаў польскіх выдавецтваў. Кнігі на любы густ і на любую тэму: вось дзіцячыя, а тут гістарычныя, немагчыма не спыніцца каля мастацкіх альбомаў сусветных аўтараў. Фантастычная літаратура, асобнае выдавецтва спецыялізуецца на дэтэктывах, ёсць выданні музеяў, кнігі пра жывёл, навуковыя кніжкі, класічныя аўтары і пераклады з сусветнай літаратуры… Бясконца — кнігі, кнігі, кнігі.

А вакол паўсюль людзі, чытачы — іх тысячы. Адны гартаюць выданні і нешта сабе выбіраюць, іншыя стаяць у чарзе за аўтографам да аўтара. У асобных залах для канферэнцый адбываюцца прэзентацыі і сустрэчы з аўтарамі. Чытачы нясуць цэлыя торбы кніг. Дзеці задаволена скачуць ад таго, што бацькі набылі ім прыгожыя каляровыя выданні з малюнкамі. Працуюць мноства кавярняў і буфетаў, дзе за кубкам кавы можна пагартаць кніжку і паразмаўляць пра літаратуру. Атмасферу кніжнага кірмашу цяжка з чым-небудзь параўнаць.

Упершыню — беларускі стэнд

Упершыню сёлета ў Познані на кніжным кірмашы прадстаўлены беларускія выдавецтвы. Іх дзесяць, усе яны працуюць у эміграцыі: Arche, Gutenberg Publisher, Kamunikat.org, «Кніжны вырай», «Мяне Няма», «Полацкія лабірынты», RozUM Media, SayBeat, Skaryna Press.

У іх адно месца на ўсіх. На ім прадстаўлена больш за сотню тытулаў — ад такіх вядомых аўтараў, як Ларыса Геніюш і Уладзімір Арлоў, да маладых літаратараў, якія выдалі свае першыя кнігі ў эміграцыі — Антон Бяляеў, Дар’я Ракава і іншыя.


Цікавасць не толькі беларусаў

Каля беларускіх кніг пастаянна шмат людзей. Прычым не толькі беларусы, але і палякі, украінцы. Малады паляк гартае выданні Arche і прызнаецца, што ва ўніверсітэце пісаў навуковую працу на тэму Слуцкага збройнага чыну.

Жанчына, якая выдатна гаворыць па-беларуску, кажа, што даўно пакінула радзіму, і набірае цэлы стос самых розных беларускіх кніг. Ёй налічылі 650 злотых, але яе гэта не засмучае — яна проста шчаслівая трымаць у руках кнігі на роднай мове.

Яшчэ адна кабета прыехала на кірмаш з іншага горада, каб набыць кнігі і сустрэцца з беларускімі аўтарамі. Ёй вельмі хочацца размаўляць па-беларуску, але часта праскокваюць польскія словы.

— Беларуская мова губляецца ў мяне, бо на ёй трэба размаўляць штодня, а я, на жаль, не маю з кім. Я вельмі шчаслівая, што сёння набыла тут кнігу Максіма Знака «Зэкамерон», вельмі не церпіцца яе прачытаць. А яшчэ набыла «Птушкі без гнёздаў» Ларысы Геніюш — яна мая зямлячка, а я з Ваўкавыска. Са школы на ўсё жыццё запомніла яе верш:

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі,
а без яе — зусім не жыць.

Новыя чытачы беларускай літаратуры

Побач жанчына на ўкраінскай мове распытвае ў валанцёраў пра кнігі. Яе завуць спадарыня Ганна. Яна прачытала кнігу Дар’і Ракавай «Я/МЫ эміграцыя» і зацікавілася беларускай літаратурай.

— Я, як пабачыла столькі беларускіх кніжак, адразу захацелася пачытаць па-беларуску. Чаму б не ведаць яшчэ адну славянскую мову? Я ўжо ведаю рускую і польскую — будзе яшчэ і беларуская.

— А раней вы не чыталі беларускіх кніг?

— Не, нічога не чытала. Толькі пасты ў інтэрнэце, часам нешта слухала — і мне зразумела.

«Гэта дае надзею»

Выдавец RozUM Media, спадар Павел, увесь час адказвае чытачам на іх пытанні, тлумачыць і робіць гэта на некалькіх мовах. Я скарыстаўся паўзай і цікаўлюся, як ён сябе пачувае.

— Настрой баявы і цікава назіраць. Колькі тут людзей — і ўсе яны чытаюць, ходзяць з вялікімі торбамі, поўнымі кніг. І палякі цікавяцца беларускай літаратурай нават на беларускай мове. Гэта вельмі цешыць і дае надзею.

Побач з намі пісьменнік Антон Бяляеў, і ён дадае:

— Толькі пры мне палякі набылі пяць маіх кніг, і гэта мяне здзіўляе. Не ведаю, ці чытаюць яны на кірыліцы, але кніжкі набылі. Ну, зрэшты, няхай вучацца — можа, ім там нешта і прыйдзе да спадобы.


Кнігі як сведчанне гісторыі

Я ізноў пытаюся ў выдаўца, што яму думаецца падчас гэтага кірмашу, калі ў Беларусі кніжныя выдавецтвы прызнаюць экстрэмісцкімі, арыштоўваюць і судзяць выдаўцоў.

Спадар Павел сумна заўважае, што ад гэтага баліць. Ён канстатуе, што апошнім часам з мапы Беларусі сцёрлі тыя выдавецтвы, якія яшчэ імкнуліся нешта рабіць па-беларуску для развіцця і падтрымання беларускай культуры. Паводле яго, улады не могуць дастаць беларускія выдавецтвы за мяжой, але імкнуцца зрабіць максімум, каб перашкаджаць ім.

— Бо яны хочуць зламаць не толькі волю — яны хочуць зламаць наша мысленне, каб не было магчымасці чытаць кнігі. Літаратура сёння — адзінае месца, дзе можна чарпаць праўдзівую гісторыю. З тэлефонаў прымушаюць усё выдаліць, каб не заставалася ніякіх сведчанняў мінулага. А цяпер яшчэ і кнігі, дзе можна знайсці праўду, якая не павінна гучаць на нашай радзіме.

«Палякі сапраўды любяць чытаць»

Пісьменнік Антон Бяляеў кажа, што бываў у Мінску на кніжных кірмашах, і там яму падавалася, што гэта сапраўды нешта вялізнае.

— Але — не. Вось тут, у Познані, быў уражаны да глыбіні душы. Вось гэта рэальна нешта маштабнае, і можна набыць кнігі на любую тэматыку: ад гісторыі да коміксаў. Шмат моладзі, і гэта вельмі прыемна. У сваёй другой кнізе я пісаў, што палякі любяць чытаць — і тут гэта пацвердзілася: палякі сапраўды любяць чытаць.

Месца сустрэч

Адна з беларускіх валанцёрак, спадарыня Наталля, якая цэлы дзень імкнецца распавядаць наведвальнікам пра беларускія кнігі, дзеліцца сваімі ўражаннямі ад кірмашу. Паводле яе, гэта месца не толькі, дзе ёсць акіян кніг, але і месца сустрэч людзей і наладжвання паміж імі кантактаў.

— Да нашага беларускага стэнда падыходзіць шмат палякаў, цікавяцца, набываюць кнігі. Вось адна дзяўчына распавяла, што зараз вывучае беларускую мову. Нам было вельмі прыемна. Мы распавялі, што ў Познані ёсць беларускі размоўны клуб, і абмяняліся кантактамі. Гэта месца, дзе не толькі кнігі — гэта месца сустрэч.

«Гэта наш абавязак»

Напрыканцы кірмашу цікаўлюся ў стомленага, але задаволенага беларускага выдаўца, спадара Паўла, якія высновы ён зрабіў за гэтыя тры дні.

— Я разумею, што тое, што раблю не толькі я, але і ўсе беларускія выдаўцы ў эміграцыі, — гэта не проста годная і патрэбная справа. Мы папросту мусім гэта рабіць. Гэта наш абавязак. Бо толькі так можам захаваць сваю культуру, сваю мову, сваё сведчанне гісторыі — і каб нашым дзецям было пра што і што чытаць пра сучасныя часы.

Познаньскі кніжны кірмаш, у якім упершыню бралі ўдзел беларускія выдаўцы, адбываўся ў горадзе над Вартай 13–15 сакавіка.

Павел ЗАЛЕСКІ

На здымках: На Познаньскім кніжным кірмашы