Беларуская Служба

Аляксандар Смаліньскі: Без заходняй зброі Польшча 105 год таму не абаранілася б ад Расіі

19.03.2026 16:01
Інстытут нацыянальнай памяці выдаў зборнік Wojna o wszystko. Studia nad konfliktem polsko-sowieckim 1919–1920–1921.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Смаліньскі пра савецка-польскую вайну 1919-1921 гг.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

105 гадоў таму — 18 сакавіка 1921 года — мірным дагаворам, заключаным у Рызе паміж Рэспублікай Польшча, РСФСР і УССР, завяршылася польска-савецкая вайна, якая доўжылася з канца 1918 да пачатку 1921 года. Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі на перагаворах ў Рызе прадстаўляла РСФСР. Вайна і дагавор закраналі беларусаў, але іх меркаванне асабліва нікога не цікавіла. Частка населенай беларусамі тэрыторыі адышла тады да Польшчы. У Польшчы і Беларусі адпаведна па-рознаму глядзелі і глядзяць на тагачасныя падзеі. 

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў зборнік артыкулаў Wojna o wszystko. Studia nad konfliktem polsko-sowieckim 1919–1920–1921 («Вайна за ўсё. Даследаванні польска-савецкага канфлікту 1919–1920–1921 гг.»). Яго падрыхтаванала група гісторыкаў пад рэдакцыяй Аляксандра Смаліньскага, Пшамыслава Бэнкена і Марэка Казубэля. Вучоныя выкарысталі не толькі польскія, але і савецкія крыніцы з расійскіх і ўкраінскіх архіваў.

11 лістапада 1918 года Польшча зноў была абвешчана незалежнай дзяржавай — пасля таго, як у 1795 годзе Рэч Паспалітую канчаткова падзялілі Расія, Прусія і Аўстрыя. Але ў 1918 годзе барацьба палякаў за свабоду не скончылася, а працягвалася, — канстатуе Аляксандар Смаліньскі.


— Польшча праз 123 гады аднавiла незалежнасць. Таму гадавіны, звязаныя з гэтым перыядам — 1918–1921 гадоў, і сёння ў Польшчы лічацца аднымі з самых важных, калі не найважнейшымі момантамі ў гісторыі польскай дзяржавы і польскага народа ў XX стагоддзі. Вайна з РСФСР доўжылася са снежня 1918 года да заключэння 18 сакавіка 1921 года Рыжскага мірнага дагавора паміж Рэспублікай Польшча і РСФСР і УССР.

Аляксандар Смаліньскі ўдакладняе, чым была вайна РП і РСФСР для палякаў.

— Мы гаворым пра адну з найважнейшых падзей XX стагоддзя ў гісторыі польскага народа, бо гэта была не звычайная вайна за тое, якімі будуць усходнія граніцы Польшчы. Гэта была вайна, якую мы з калегамі назвалі «вайной за ўсё». Калі б Польшча тады прайграла, не было б незалежнай Польшчы — краіну падзялілі б гэтак жа, як украінскія землі пасля захопу часткі Украіны Чырвонай арміяй у 1920 годзе. Амбіцыі мець нацыянальную дзяржаву былі б пахаваны на дзесяцігоддзі. Нам удалося захаваць незалежнасць дзякуючы уласным намаганням, а таксама дапамозе Захаду. Трэба сказаць шчыра: калі б Польшча ў той час не атрымала дапамогі і падтрымкі, перадусім з Францыі, мы не змаглі б супрацьстаяць Чырвонай арміі ў гэтым канфлікце. Нягледзячы на мабілізацыю народа і вялікія сілы, без паставак узбраенняў з Захаду Польшча проста не змагла б весці эфектыўную барацьбу.

Калі ў 1918 годзе палякі аднаўлялі сваю дзяржаву, узнікла пытанне: пра якую Польшчу ідзе гаворка — пра Польшчу, абмежаваную толькі яе этнічным ядром, ці пра адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, да яе першага падзелу. Аляксандар Смаліньскі ўдакладняе.

— Неўзабаве стала ясна, што па розных прычынах аднавіць Рэч Паспалітую ў ранейшым выглядзе немагчыма. І польскія эліты гэта разумелі. Па-першае, украінцы мелі ўласныя імкненні да незалежнасці.


Кніга Wojna o wszystko. Studia nad konfliktem polsko-sowieckim 1919–1920–1921. Кніга Wojna o wszystko. Studia nad konfliktem polsko-sowieckim 1919–1920–1921.

Хаця на некаторых тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай уплыў палякаў быў слабейшы, усё роўна пытанне пра ўсходнія граніцы Польшчы заставалася адкрытым. Аляксандар Смаліньскі дадае.

—  Гэтыя землі сёння належаць Украіне, Беларусі або Літве. Тады ж ставілася мэта, каб за межамі незалежнай польскай дзяржавы заставалася як мага менш палякаў. Менавіта тут пачыналіся складаныя спрэчкі пра ўсходнія межы. І «ўсходняе пытанне» прывяло да сутыкнення польскіх імкненняў з украінскімі і літоўскімі, а таксама беларускімі, хоць у беларусаў было менш за ўсё сіл.

У 1920 годзе, калі палякі адбілі Кіеў у Чырвонай арміі, перадалі яго ўкраінцам. Аляксандар Смаліньскі тлумачыць.

— Палякі лічылі, што ўкраінцам удасца стварыць уласную дзяржаву, якая стане своеасаблівым буферам паміж Рэспублікай Польшча і Расіяй. У Польшчы кіравала адукаваная і разумная эліта, якая разумела: рана ці позна суадносіны сіл, часова выгадныя для Польшчы, зменяцца на карысць вялізнай Расіі, насельніцтва якой налічвала больш за 100 мільёнаў чалавек. Тое, што мы бачым сёння — у расійска-ўкраінскай вайне, — паказвае: вырашаюць, на жаль, не гістарычная справядлівасць, а патэнцыял і эканамічныя магчымасці. Гістарычная праўда тут, на жаль, не мае значэння.

Даследчык праводзіць гістарыясофскія паралелі з сучаснасцю.

— Усё, што калі-небудзь знаходзілася пад уладай Расіі, паводле Пуціна, павінна вярнуцца ў расійскія рукі. І менавіта з гэтага вынікае расійскі імперыялізм, які заўсёды існаваў і, на жаль, будзе існаваць — незалежна ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне. Гэты імперыялізм час ад часу будзе прыводзіць да новых канфліктаў. Мне здаецца, што ні Еўропа, ні свет у цэлым не могуць гэта ў поўнай меры зразумець. Яны глядзяць на Расію праз нейкую крывую оптыку, не ўсведамляючы, як працуе гісторыя і якім чынам яна вызначае сучасную палітыку. У гэтым сэнсе Пуцін фактычна працягвае савецкую справу: ставіць мэтай заняць большую частку Украіны. Гэта тое, што ўдалося Леніну і бальшавікам у 1920 годзе, але Пуціну не ўдалося. Ён заяўляў, што гэты план будзе ажццёўлены ў вельмі кароткія тэрміны, аднак вайна працягваецца ўжо доўгі час, і, на жаль, канца ёй не відаць...

Аляксандар Смаліньскі разглядае сённяшнюю палітыку Расіі пра прызму вопыту яе гістарычнага развіцця.

— Расія ажыццяўляе адну і тую ж палітыку, незалежна ад таго, хто кіруе ў Расіі — Ленін, Сталін ці Пуцін. Для Расіі Еўропа пачынаецца ў Германіі, а на шляху да Германіі заўсёды стаяла Польшча, таму існуе вялікая непрыязнасць, калі не нянавісць, да Польшчы, палякаў, польскай культуры. А цяпер на гэтым шляху стаіць яшчэ і незалежная Украіна. І тут мы атрымліваем адказ на пытанне, чаму, нягледзячы на вялікія цяжкасці, Расія любой цаной спрабуе зламаць украінскую незалежнасць і так ці інакш падпарадкаваць сабе Украіну. Як я ўжо казаў, гэта неабходна для іх з стратэгічных прычын. Але калі звярнуцца, напрыклад, да таго, што сцвярджаў Ленін пра Украіну, ён прама гаварыў, што Расія не магла, не можа і ніколі не зможа існаваць без украінскага збожжа. Сёння прыярытэты, магчыма, крыху змяніліся — гаворка ідзе не толькі пра збожжа, але і пра тое, што Украіна, будучы вялізнай сыравіннай базай і маючы выгаднае геаграфічнае становішча, з’яўляецца абсалютна неабходнай Расіі. У сваю чаргу Юзаф Пілсудскі сцвярджаў, што ў гэтай частцы Еўропы дамінуе той, хто кантралюе Украіну. Савецкі Саюз, у тым ліку дзякуючы валоданню Украінай, дасягнуў такой пазіцыі. І, здаецца, Пуцін гэта разумее, бо пастаянна паўтарае, што найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай XX стагоддзя быў распад Савецкага Саюза, і не столькі таму, што з яго выйшлі сярэднеазіяцкія рэспублікі або Беларусь, а перш за ўсё таму, што Украіна выйшла з-пад кантролю Расіі. У выніку адбылося тое, што адбылося: ва ўкраінцаў з’явіліся зусім іншыя імкненні — не да Расіі, а хутчэй да збліжэння з Захадам. І тут, мабыць, крыецца галоўная прычына гэтай вайны.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Як польскія чыноўнікі ў 1920-я гады вырашалі кватэрнае пытанне ў заходняй Беларусі

19.02.2026 15:18
У Баранавічах, Нясвіжы, Навагрудку, Брэсце захаваліся сімпатычныя невялікія дамкі з калонамі і высокімі дахамі. 

Знакавыя беларускія брэнды вядуць свой радавод з польскіх часоў

05.03.2026 16:02
Дам’ян Маркоўскі расказвае пра эканоміку заходняй Беларусі да і пасля 1939 года.