Беларуская Служба

Вялікі пост – час строгіх мераў, паўпост – грубых жартаў, а Велікодны панядзелак – дзень свавольства і весялосці (ФОТА)

03.04.2026 14:01
Наш гід па найбольш цікавых велікодных рытуалах і традыцыях, частка з якіх і цяпер сустракаецца ў вёсках Мазовіi і Любліншчыны.
Аўдыё
  • Наш гід па найбольш цікавых велікодных рытуалах і традыцыях, частка з якіх і цяпер сустракаецца ў вёсках Мазовіi і Любліншчыны
    (. chodzenie z gaikiem).
Калядаванне дзяўчат у Вялікдзень (поль. chodzenie z gaikiem). Здымак: Архіў Музея люблінскай вёскі ў Любліне

Ад строгіх правілаў Вялікага посту да радаснага свавольства Мокрага панядзелка (поль. lany poniedziałek)— велікодны перыяд у польскай народнай традыцыі мае мноства абліччаў. Запрашаем у падарожжа па захапляльным свеце звычаяў, якія злучаюць пакаленні і нагадваюць нам пра розныя спосабы святкавання перамогі жыцця над смерцю.

Падрыхтоўка да Вялікадня пачынаецца Папяльцовай серадой, якая з’яўляецца пачаткам 40-дзённага Вялікага посту — перыяду пакаяння і навяртання, малітвы і міласціны. У каталіцкім касцёле ў гэты дзень святар пасыпвае галовы вернікаў попелам, у знак мімалётнасці жыцця і згоды на пакаянне.

Гэты дзень характарызуецца не толькі строгім постам, але і шматлікімі рытуаламі, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёну. Напрыклад, на Любліншчыне гаспадыні дакладна мылі ўсе гаршкі і патэльні, у якіх смажылі мяса і сала, то бок прадукты забароненыя ў часе Вялікага посту, кажа Богна Глухоўска (Bogna Głuchowska) з Аддзела адукацыі і прасоўвання Музея люблінскай вёскі ў Любліне.

— Паводле некаторых крыніцаў, гаспадыні чысцілі іх попелам і выносілі посуд на гарышча, каб ім зусім не карыстацца. Посту «спрыяў» перыяд ранняй вясны і вычарпання леташніх запасаў (поль. przednówek), калі ежы ў вёсцы было сапраўды вельмі мала. У гэты час людзі адмаўляліся ад мяса, а нават — у вызначаныя дні — таксама ад малочных прадуктаў. Такія характэрныя люблінскія посныя стравы, гэта, напрыклад, саладуха, то бок страва з грэчкі, аўсяны кісель, а таксама суп (поль. kapłon) з вады, алею, перцу, солі і цыбулі.

Гаспадыні рыхтуюць велікодныя пальмы. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Гаспадыні рыхтуюць велікодныя пальмы. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

Посныя абмежаванні закраналі не толькі ежу, але і спосаб праводжання свабоднага часу. Забароненыя былі ўсялякія забавы, музыка — наогул выказванне радасці.

— У некаторых, больш набожных дамах, нават гучны смех ці спевы былі забароненыя. Выключэннем быў дзень у сярэдзіне Вялікага посту, так званы Паўпост (поль. półpoście), калі дазвалялася невялікае адхіленне ад гэтых жорсткіх мераў — у гэты дзень людзі жартавалі, часта нават даволі груба. Напрыклад, фарбавалі вокны суседзяў — добра, калі толькі з вапнай, горш, калі алейнай фарбай. Гэта ў асноўным тычылася хатаў, дзе жылі незамужнія дзяўчаты або кавалеры. Іншы звычай — адкрывалі дзверы і кідалі гаршчок з попелам у хату; размалёўвалі дзверы ёўні або ставілі саламянае пудзіла перад хатай, то бок сімвалічнага «кандыдата»на мужа ці жонку.

Падрыхтоўка да Вялікадня тычылася не толькі людзей, але таксама хаты і панадворка.

— Ну, па-першае, трэба было прыбраць у хаце. Гэта была генеральныя парадкі. Трэба было вынесці мэблю, пачысціць, выцерці і вымесці пыл з усіх куткоў хаціны і пабяліць сцены — пазбавіцца ад усяго мінулагодняга бруду. І, як звычайна, падрыхтаваць дровы для печкі, бо ўсю цяжкую працу трэба было скончыць да сярэдзіны Вялікая тыдня.

Выстава -– велікодныя яйкі. Здымак: Архіў Музея люблінскай вёскі ў Любліне Выстава – велікодныя яйкі. Здымак: Архіў Музея люблінскай вёскі ў Любліне

У бяднейшых хатах у Мазовіі гаспадыні рабілі велікодныя пальмы, якія прадавалі перад Пальмавай або Вербнай нядзеляй. Гэта быў спосаб на падмацаванне хатняга бюджэту перад святамі. Жанчыны таксама рыхтавалі рознакаляровыя кветкі, павукі з саломы і папяровыя фіранкі, якімі ўпрыгожвалі хату на Вялікдзень.
Іншай перадсвяточнай традыцыяй з’яўляецца ўпрыгожванне велікодных яек, нагадвае Эва Дагмара Руткоўска-Вільбік (Ewa Dagmara Rutkowska Wilbik) з Этнаграфічнага аддзела Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу (Sierpc).

— Часцей за ўсё іх фарбавалі ў цыбульнай шалупіне, маладым жыце, у кары дуба. Маладое жыта дае зялёны колер, амяла — жоўты, а кара дуба — ад карычневага да чорнага. На яйка наносілі ўзор з воску, а потым фарбавалі яйкі. Велікодныя яйкі ўпрыгожвалі таксама трыснягом і рознакаляровай пражай — гэта перш за ўсё на Курпах. Іншы спосаб — гэта наклейванне выцінанак (гэта ваколіцы Саннікаў і Гомбіна – рэд.) За ўпрыгожванне яек адказвалі гаспадыні і маладыя дзяўчаты, а падрыхтаваць іх трэба было шмат — не менш за 40 ці 60. У Вялікдзень маладыя дзяўчаты дарылі яйкі кавалерам, якія ім падабаліся. Велікодныя яйкі дарылі таксама хлопцам, якія ў Велікодны панядзелак калядавалі па вёсцы з пеўнем або дзяўчатам, якія калядавалі з упрыгожанай галінкай, то бок «гаікам» (поль. gaik).

Гаспадыні рыхтуюць велікодныя яйкi. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Гаспадыні рыхтуюць велікодныя яйкi. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

На Вялікдзень гаспадыні абавязкова рыхтавалі свянцонку — кош з прадуктамі харчавання, якія асвячалі ў Вялікую суботу. Пры чым раней свянцонка — выглядала інакш, чым цяпер, кажа Агнешка Каролюк (Agnieszka Koroluk) з Аддзела прасоўвання Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу.

— Звычай быў такі, што ўсё, што мы хацелі з'есці ў Вялікдзень павінна быць раней асвечанае. Сёння гэта выглядае інакш, але раней гэта былі велізарныя кошыкі з ежай, якую потым спажывалі падчас велікодных абедаў або сняданкаў. І яе было шмат. Чаму? Таму што Вялікдзень у цэлым — гэта была адна з нямногіх нагодаў у вёсцы, калі ейныя жыхары маглі наесціся да сыці. Нагадваем, гэта быў перыяд, калі пасля зімы заканчваліся леташнія запасы, а да ранняга ўраджаю было далёка. Таму падрыхтоўка да Вялікадня была вельмі дбайнай і страваў гатавалася шмат. Вядома, не для ўсіх гэта добра заканчвалася, бо пераяданне пагражала атручваннем, хваробамі і парушэннем працы страўніка. Нават, калі гэта была вельмі бедная сямʼя, то яна эканоміла грошы альбо брала пазыку, каб падрыхтаваць як мага больш ежы і добра пад’есці ў святы.

Пры гэтым, асвечанай ежы нельга было марнаваць. Не выкідвалі нават шкарлупінаў яек са свянцонкі — іх давалі курам, каб яны добра неслі яйкі або рассыпалі па полі і ў садзе для добрага ўраджаю.

У Вялікую суботу свяцілі таксама агонь, якім нанава распальвалі пад кухняй і ваду, якой свянцілі хату і панадворак.

Святкаванне Вялікадня пачыналася ў нядзелю ранняй раніцай Уваскрэсным набажэнствам (поль. rezurekcja), нагадвае спадарыня Богна Глухоўска.

— А потым вяскоўцы вельмі хутка вярталіся дадому — гэта пацвярджаюць шматлікія этнаграфічныя крыніцы. Гаспадары спяшаліся дадому, бо верагодна той, хто першы вярнуўся з імшы да дому, той першым скончыў вясновыя работы ў полі. Першы дзень святаў меў сямейны характар. Пасля багатага велікоднага сняданку, можна было ўрэшце адпачыць. Аднак нельга было спаць, бо «калі гаспадар засынае, яго зерне выпадае», а «калі засынае гаспадыня, ейны агарод зарастае пустазеллем». Аднак сапраўды, гэта быў адзін з нямногіх дзён сапраўднага адпачынку ў вёсцы.

Калядаванне дзяўчат у Вялікдзень (поль. chodzenie z gaikiem). Здымак: Архіў Музея люблінскай вёскі ў Любліне Калядаванне дзяўчат у Вялікдзень (поль. chodzenie z gaikiem). Здымак: Архіў Музея люблінскай вёскі ў Любліне

У сваю чаргу ў Велікодны панядзелак вяскоўцы святкавалі супольна. У гэты дзень па вёсцы як у Мазові, так і на Любліншчыне калядавалі, то бок кавалеры з пеўнем і дзяўчаты з упрыгожанай галінкай, спяваючы песні-пажаданні.

— Кавалеры, якіх па-польску называлі «jajorze», хадзілі па хатах і спявалі калядкі. Гэтыя вясновыя калядоўшчыкі не пераапраналіся, як на Каляды. Яны хадзілі з невялікім крыжам або пеўнем і спявалі калядкі (…). Часта суседскія візіты суправаджаліся менавіта такім калядаваннем. Калядавалі таксама дзяўчаты, але яны хадзілі з упрыгожанай папяровымі кветкамі і стужкамі галінкай. Часам дзяўчаты насілі з сабой таксама невялікую выяву Маці Божай. Так крыніцы апісваюць гэтае калядаванне на Любліншчыне.

Велікодныя традыцыі адрозніваюцца ў паасобных рэгіёнах Польшчы, але ўсюды яны з’яўляюцца яркім адлюстраваннем жыцця ў вёсцы, дзе рыфм вызначаўся сезонамі года і касцельнымі святамі.

Як гэта выглядала 100 гадоў таму ў Мазовіі можна паглядзець Музеі мазавецкай вёскі ў Серпцу, дзе ўжо амаль 30 гадоў на Вялікдзень адкрываецца прынагодная выстава «Вялікдзень у Мазовіі». Мерапрыемствы, звязаныя з Вялікаднем штогод таксама рыхтуе Музей люблінскай вёскі ў Любліне. У любым выпадку, гэта ўрок традыцыі, які нагадвае нам пра нашы карані, паказвае паўсядзённую працавітасць і прадбачлівасць сялян.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Ліпніцкія пальмы – традыцыя, якая ўздымаецца ў неба (ФОТА)

27.03.2026 06:10
У чым заключаецца феномен велікодных пальмаў з Ліпніцы Мураванай, якія штогод захапляюць тысячы турыстаў?