Беларуская Служба

Сучасная археалогія – гэта значна больш, чым традыцыйная рыдлёўка і шчотка (ФОТА)

10.04.2026 15:01
Мека археолагаў – неалітычная шахта па здабычы крэменю «Кшaмёнкі». Запрашаем пазнаёміцца з сучасным абліччам археалогіі. 
Аўдыё
  • Мека археолагаў - неалітычная шахта па здабычы крэменю «Кшэмёнкі». Запрашае пазнаёміцца з сучасным абліччам археалогіі.
    .
Археалагічны музей і запаведнік «Кшэмёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Хто такі археолаг і чым ён займаецца штодня? Навошта вывучаць дагісторыю і што рабіць, калі мы ўжо знойдзем нейкі дагістарычны артэфакт? – на гэтыя і іншыя пытанні мы знойдзем адказы падчас археалагічных майстар-класаў: «Прафесія археолага», на якія запрашаем у Запаведнік «Кшaмёнкі» (поль. Rezerwat «Krzemionki»).

Рэгіён дагістарычнай здабычы паласатага крэменю - музейная экспазіцыя. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Рэгіён дагістарычнай здабычы паласатага крэменю — музейная экспазіцыя. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Нагадаем, запаведнік «Кшaмёнкі» ў вёсцы Судул (поль. Sudół), які з’яўляецца часткай Гісторыка-археалагічнага музея з сядзібай у Астроўцы Свентакшыскім (поль. Ostrowiec Świętokrzyski) — гэта вельмі важнае месца, можна сказаць Мека для сапраўдных археолагаў. Не здзіўляе тады, што менавіта тут хочуць знаёміць нас з археалогіяй і прафесіяй, якая гэтай галіной навукі займаецца.

Запаведнік «Кшaмёнкі» — гэта неалітычная шахта па здабычы крэменю, якая знаходзіцца  ў самым цэнтры Польшчы — крыху больш за 180 кіламетраў на поўдзень ад Варшавы. Менавіта ў гэтым месцы з неаліту па ранні бронзавы век працавалі шахты крэменю, дарэчы, не любога, але асабліва каштоўнага паласатага крэменю. Пра ўнікальны характар згаданага месца сведчыць той факт, што ў 2019 годзе ўвесь рэгіён дагістарычнай здабычы паласатага крэменю быў унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Археалагічны музей і запаведнік «Кшэмёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Археалагічны музей і запаведнік «Кшэмёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Ад пачатку XX стагоддзя, то бок з моманту адкрыцця дагістарычных шахтаў, на згаданай тэрыторыі праводзяцца несупынныя археалагічныя раскопкі, — кажа супрацоўнік Археалагічнага аддзела Гісторыка-археалагічнага музея ў Астроўцы Свентакшыскім доктар Шыман Мадзалеўскі (Szymon Modzelewski):

— «Кшaмёнкі» — галоўны філіял Гісторыка-археалагічнага музея ў Астроўцы Свентакшыскім, гэта, можна сказаць, адзін з найважнейшых, калі не найважнейшы археалагічны помнік у Польшчы. Побач з музеем знаходзіцца запаведнік плошчай у 378 гектараў, у сярэдзіне якога размяшчаецца дагістарычнае поле здабычы часоў неаліту і ранняга бронзавага веку плошчай у 78 гектараў. Гэта месца, дзе практычна з 1920-х гадоў амаль бесперапынна праходзяць археалагічныя даследаванні — як інвазійныя, так і неінвазійныя.

Так выглядала праца дагістарычных шахцёраў, Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Так выглядала праца дагістарычных шахцёраў. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Як запэўнівае археолаг, нягледзячы на тое, што згаданая тэрыторыя прыцягвае ўвагу навукоўцаў настолькі доўга, то надалей, час ад часу, тут адбываюцца важныя адкрыцці.

— Можна сказаць, што найноўшыя даследаванні, праведзеныя для выяўлення наскальнага жывапісу — месцаў, дзе драўляная паходня дакраналася да сцяны вапняковай шахты — ужо даюць вельмі цікавыя вынікі. Пакуль не ўсе яны апублікаваны, але запэўніваю, публікацыі, якія з'явяцца верагодна ў наступным годзе, таксама будуць рэвалюцыйнымі. Геафізічныя даследаванні, праведзеныя ў 2021 годзе на паўднёва-ўсходняй ускраіне шахцёрскага поля, выявілі «новыя» шахты і крыху пашырылі зону зацікаўлення навукоўцаў.

Помнік першаадкрывальніку «Кшамёнак» прафесару Яну Самсановічу, Запаведнік «Кшaмёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Помнік першаадкрывальніку «Кшамёнак» прафесару Яну Самсановічу. Запаведнік «Кшaмёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У гэтым аспекце запаведнік «Кшaмёнкі» — з’яўляецца адэкватным месцам для прасоўвання ведаў пра археалогію і рэаліі працы археолага.

— Сёння, як і ў мінулым, археолагі займаюцца пошукам археалагічных помнікаў і археалагічных крыніц гэтых помнікаў. Аднак цяпер, усё большую ролю адыгрываюць неінвазійныя метады працы, якія не патрабуюць раскопак, як геафізічныя даследаванні. Цяпер значная частка працы археолага выконваецца «за сталом». Гэта ўключае апрацоўку археалагічнага матэрыялу, знойдзенага падчас раскопак. І гэта, па сутнасці, займае найбольш часу, бо гэта асноўная частка працы, якая дазваляе нам здабываць з гэтых матэрыялаў канкрэтную інфармацыю пра дагістарычныя або гістарычныя перыяды і рэканструяваць мінулае на аснове гэтых крыніц.

Доктар Шыман Мадзалеўскі звяртае ўвагу на важнасць прафесіі археолага і археалогіі ў цэлым.

— Для нас найбольш істотнае падкрэсліць важнасць археалагічных крыніц і працы археолагаў, бо археалагічныя крыніцы, выяўленыя археолагамі, падвяргаюцца шматлікім небяспекам, звязаным з пагрозамі для помнікаў і іх аховы — гэта важна падкрэсліць. Па-другое, неабходнасць правядзення навуковых раскопак і навуковага аналізу, знойдзеных артэфактаў, неабходныя для таго, каб рэканструяваць мінулае. І тут мы хацелі б падкрэсліць ролю археолагаў, без якіх гэта было б немагчыма. Акрамя таго, мы таксама хочам падкрэсліць разнастайнасць археалагічных крыніц і той факт, што археалогія — гэта па сутнасці глабальная галіна, якая працуе па ўсім свеце. Гэта дзякуючы археалогіі было магчымае адкрыццё дагісторыі і гісторыі чалавецтва, якая адбывалася да вынаходніцтва пісьменства, калі гісторыкі ці летапісцы не мелі магчымасці дакументаваць яе. Між тым сёння мы можам рэканструяваць гэтыя часы на аснове археалагічных даследаванняў.

Падземная турыстычная траса па дагістарычнай шахце крэменю. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Падземная турыстычная траса па дагістарычнай шахце крэменю. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Па сённяшні дзень археолагі адкрываюць аспекты гісторыі, якія аказваюцца пераломнымі, бо мяняюць усталяваныя веды, — кажа доктар Шыман Мадзалеўскі і прыводзіць канкрэтныяі прыклады.

— Я думаю, што такое адкрыццё было зроблена некалькі гадоў таму, калі быў праведзены ізатопны аналіз зліткаў волава, знойдзеных ля ўзбярэжжа сучаснага Ізраіля каля затопленага карабля з позняга бронзавага веку ( 1300-1200 гг. да н.э.). Пасля дэталёвага ізатопнага аналізу высветлілася, што гэтае волава паходзіць з Корнуала ў Вялікабрытаніі. Гэта паказвае, наколькі шырокімі маглі быць сеткі кантактаў паміж тагачаснымі людзьмі. Гэта сапраўды эпахальнае адкрыццё. Таксама нядаўна, літаральна ў мінулым годзе, каманда археолагаў з Дзяржаўнага археалагічнага музея ў Варшаве выявіла кельцкі шлем у паўночнай Мазовіі. Раней такое не здаралася і таму сфера пранікнення кельтаў абмяжоўвалася паўднёвай Польшчай — асноўнай часткай Ніжняй Сілезіі, Малапольшчай, Падкарпаццем і часткай Куяўскага ваяводства. Такія сляды раней не выяўляліся так далёка на поўнач і гэта даволі істотна змяняе нашыя веды пра ўплыў кельтаў на польскія землі ў жалезным веку.

Рэканструяванае неалітычнае паселішча, Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Рэканструяванае неалітычнае паселішча. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Цягам часу праца археолага рашуча памянялася. Класічны працоўны набор, які складаецца з рыдлёўкі, лапаткі і веніка — найбольш пазнавальны сімвал прафесіі — крыху састарэў. Цяпер, як кажа навуковец, сімвалам археолага ў большай ступені з’яўляецца лабараторыя, якая дазваляе вельмі эфектыўна датаваць прадметы. Між тым, археолагам у Польшчы надалей ёсць чым заняцца, — пераконвае Шыман Мадзалеўскі.

— Наша краіна багатая археалагічнымі крыніцамі з усіх дагістарычных перыядаў, ад палеаліту да жалезнага веку і ранняга Сярэднявечча. Мы таксама вывучаем помнікі, звязаныя з гістарычнымі перыядамі, Сярэднявеччам, Новым часам і нават больш сучаснай гісторыяй. І ва ўсіх гэтых месцах адбываюцца адкрыцці, якія часта змяняюць нашае разуменне гісторыі і дагісторыі нашай краіны. Дарэчы падобным чынам адбываецца па ўсёй Еўропе. Як я ўжо падкрэсліваў, археалогія — гэта глабальная галіна навукі.

Дарэчы ўсіх, хто цікавяцца археалогіяй, доктар археалогіі Шыман Мадзалеўскі запрашае на розныя мерапрыемствы, якія ладзіць Гісторыка-археалагічны музей і запаведнік «Кшaмёнкі». Першае, гэта «Кшэмянкоўскія сустрэчы з каменным векам» (поль.Krzemionkowskie Spotkania z Epoką Kamienia), якія штогод праходзяць у ліпені з нагоды гадавіны адкрыцця дагістарычнай шахты (19 ліпеня 1922 года). Гэта, паводле навукоўца, адзінае такога роду мерапрыемства ў Польшчы, прысвечанае амаль выключна каменнаму веку.

У сваю чаргу ў сярэдзіне жніўня адбываецца Астровецкі фестываль дагістарычнай і старажытнай культуры, які прысвечаны не толькі дагісторыі Польшчы і Цэнтральнай Еўропы, але таксама антычнай культуры, гэта значыць культуры народаў, якія насялялі Міжземнаморʼе ў старажытныя часы.

Крэмень у вапняковай сцяне. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Крэмень у вапняковай сцяне. Запаведнік «Кшамёнкі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Акрамя таго, музей і запаведнік запрашаюць на рознага роду заняткі, звязаныя не толькі з археалогіяй і дагісторыяй, але таксама рэгіянальнымі традыцыямі і ахове мясцовай прыроды.

Анна Задрожна


Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Сярэднявечча пад рукой. Наведайце старажытнае паселішча і спазнайце жыццё такім, якім яно было тысячу гадоў таму (ФОТА)

20.03.2026 13:00
Сярэднявечнае паселішча ля падножжа Лысай Гары – гэта сапраўдная машына часу, закліканая развеяць міфы пра згаданую эпоху.