Беларуская Служба

«Варшаўскі мост»: апошнія з гета — на вуліцах сталіцы Польшчы яшчэ можна сустрэць тых, хто там выжыў

16.04.2026 16:01
Агнешка Віткоўска-Крых расказвае пра лёсы дзяцей у Варшаўскім гета: са ста тысяч уратаваліся нямногія.
Аўдыё
  • Агнешка Віткоўска-Крых пра дзяцей у Варшаўскім гета.
      .
Помнік Героям гета ў варшаўскім раёне Мурануў.https://x.com/MSWiA_GOV_PL/status/1384105858242539524/photo/4

Паводле розных ацэнак, падчас Другой сусветнай вайны ў выніку Халакосту на тэрыторыі Беларускай ССР ад рук нацыстаў і іх памагатых загінула ад 600 тыс. да 900 тыс. яўрэяў (не лічачы дэпартаваных з Германіі). На тэрыторыі акупіраванай Польшчы было забіта каля 3 млн яўрэяў. Паколькі частка даваеннай Польшчы ў 1939-1940 гг. стала часткай БССР і СССР, то лёсы беларускіх і польскіх яўрэяў перакрыжаваліся. Зрэшты, яны і раней былі агульнымі — з часоў Рэчы Паспалітай.

19 красавіка ў Варшаве прахожым будуць раздаваць жоўтыя папяровыя нарцысы. Гэта сімвал паўстання 1943 года ў Варшаўскім гета, раёне сталіцы Польшчы, створаным нямецкімі акупантамі для яўрэяў.

19 красавіка 1943 года нямецкія войскі ўвайшлі ў гета, каб канчаткова вывезці апошніх жыхароў у лагеры — і знішчыць. У адказ яўрэйскія падпольныя арганізацыі паднялі паўстанне. Паўстанне было задушана, а гета знішчана. Знішчаны былі гета і ў іншых гарадах і мястэчках Польшчы, Беларусі.

Трагедыя Варшаўскага гета і гераізм яго апошніх жыхароў — гэта ўрок гісторыі, які пакінуў балючы след на целе польскай сталіцы. Гаворачы пра Варшаву, мы думаем пра Мінск, Гродна, Навагрудак і іншыя населеныя ў апошнія стагоддзі яўрэямі пункты былой Рэчы Паспалітай. Тут у полымі нямецкага нацызму згарэлі тысячы чалавек.

Трагедыю Варшаўскага гета праз прызму лёсаў яго дзяцей вывучае доктар навук у галіне культуры і рэлігіі, гебраістка і сацыёлаг Агнешка Віткоўска-Крых (Agnieszka Witkowska-Krych) з Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага.


Агнешка Віткоўска-Крых.
Фота: Marta Kuśmierz / zbiory Agnieszki Witkowskiej-Krych. Агнешка Віткоўска-Крых. Фота: Marta Kuśmierz / zbiory Agnieszki Witkowskiej-Krych.

Агнешка Віткоўска-Крых апублікавала шэраг навуковых артыкулаў і кніг, прысвечаных гісторыі і культуры польскіх яўрэяў. Даследчыца згадвае, як гэтая тэма яе зацікавіла.

— Я вучылася ў пачатковай школе, калі паглядзела фільм Анджэя Вайды пад назвай «Корчак» — пра ўрача і пісьменніка, апекуна яўрэйскіх дзяцей у Варшаве. Менавіта з гэтага фільма тэмы дзяцей, гета і жорсткай смерці ў лагеры знішчэння ў Трэблінцы сталі для мяне, па-першае, вядомымі, а па-другое — вельмі ўразілі мяне. Вядома, узрост 12 гадоў — не найлепшы час, каб цікавіцца такімі пытаннямі. Але менавіта тады ўсё і пачалося. Я вельмі добра памятаю гэты момант. І пазней вярнулася да Корчака. Ён і створаны ім Дом сірот сталі тэмай, якую я хацела глыбей вывучыць. У выніку, я на працягу 121 месяца працавала у Карчакіянуме — навуковай лабараторыі Музея Варшавы, якая займаецца вывучэннем спадчыны Корчака.

Які быў лёс дзяцей у Варшаўскім гета?

— У Варшаўскім гета ў перыяд найбольшай колькасці насельніцтва было каля 100 тысяч дзяцей. Большасць з іх патрабавала дапамогі. Для іх ствараліся розныя ўстановы падтрымкі і апекі, якіх у гета было больш за 20. Яны давалі дзецям, наколькі гэта было магчыма, усё: ежу, адзенне, а таксама займаліся іх выхаваннем. Ужо ў ліпені 1942 года, калі пачалася вялікая акцыя па ліквідацыі Варшаўскага гета, дзеці ў большасці сваёй былі прызнаны, прабачце за гэтае слова, але гэта нямецкі тэрмін, «непрадуктыўнымі». Гэта значыць такімі, якія не могуць прынесці карысці, і таму будуць адпраўлены «на Усход». Немцы гаварылі аб працы на Усходзе, але адпраўлялі «туды» і тых, хто не мог працаваць. А на самай справе большасць насельнікаў варшаўскіх дзіцячых дамоў летам 1942 года была адпраўлена ў лагер знішчэння недалёка ад вёскі Трэблінка (за 80 км на паўночны ўсход ад Варшавы. — Рэд.). Януш Корчак, выхаванцы яго Дома сірот 5 жніўня 1942 года былі спачатку выведзены на Умшлягпляц — спецыяльны перасыльны пункт у гета, дзе адбывалася сартаванне вязняў і адпраўка ў лагеры смерці, — а затым накіраваны «на Усход». На самай справе «праца» там азначала смерць у лагеры знішчэння ў Трэблінцы.

Такім чынам, падчас паўстання ў гета дзяцей там ужо амаль не было. А з тых, хто заставаўся, амаль ніхто не выжыў. Аднак былі і тыя, хто ўратаваўся.

— Як мінімум двух магу назваць па імені. Адзін з іх — Шмуэль Гогаль. У дзяцінстве ён знаходзіўся ў Доме сірот Корчака, а затым быў пераведзены ў дом для старэйшых хлопчыкаў. Ён выжыў, не быў адпраўлены ў Трэблінку, прайшоў праз канцлагер Аўшвіц і застаўся жывы. Пазней ён жыў у Ізраілі і заснаваў дзіцячы аркестр губных гармонікаў. Першы гармонік ён атрымаў у Доме сірот, а ў Аўшвіцы іграў у лагерным аркестры. Другі — хлопчык па прозвішчы Бафіліс. Пасля вайны ён напісаў ліст у Цэнтральную яўрэйскую гістарычную камісію (у 1944–1947 гг. займалася ў Польшчы зборам звестак пра Халакост, тых, хто выжыў, і пошукам нацысцкіх злачынцаў. — Рэд.), дзе паведаміў, што выжыў. Ён пісаў, што раней яго звалі Мойжэш, а цяпер — Марыян, але ён хацеў бы вярнуцца да сваіх каранёў. Некаторыя з гэтых людзей сёння жывуць ў Варшаве. Адна з такіх людзей — Крыстына Будніцка, якая выжыла ў гета. Ёсць і іншыя, каму ўдалося выжыць дзякуючы дапамозе манахаў: яны траплялі ў кляштары і ратаваліся сярод іншых дзяцей.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост»: як савецкая прапаганда маніпулявала трагедыямі ў Катыні і Хатыні

09.04.2026 16:01
Анджэй Завістоўскі расказае пра малавядомыя факты, звязаныя з Катынскім злачынствам і Беларуссю.