Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу (поль. Sierpc), месціцца прыкладна за 40 кіламетраў на поўнач ад Плоцка (поль. Płock) — гэта адзін з найпрыгажэйшых этнаграфічных паркаў у Польшчы, які займае больш за 60 гектараў ля маляўнічага сутоку рэк Серпяніца і Скрва (поль. Sierpienica i Skrwa). Хоць прадстаўленая тут сельская архітэктура датуецца пераважна пачаткам XX стагоддзя, музей славіцца, перш за ўсё, тым, што тут кіпіць жыццё ў любую пару года.
Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу — гэта машына часу, якая дазваляе нам вярнуцца ў часы нашых продкаў. А чаму гэта важнае? Гэта важнае таму, каб не губляць сваёй ідэнтычнасці, падкрэслівае Агнешка Карольчук (Agnieszka Korolczuk) з Аддзела прасоўвання Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу.
— Старэйшыя госці нашага музея з пэўнай настальгіяй успамінаюць сваё дзяцінства — тое, што яны памятаюць з гэтага часу. Але яны таксама дзеляцца ўспамінамі са сваімі нашчадкамі — дзецьмі і ўнукамі, якія прыходзяць разам з імі. Таму мы заўсёды асабліва рады такім сямейным групам наведвальнікаў: калі сям'я прыходзіць у музей, шпацыруе па нашай прыгожай вёсцы, а дзядуля тлумачыць унукам тое, што тут бачыць, бо памятае гэта са свайго дзяцінства. У сваю чаргу ўнукі вельмі часта здзіўляюцца, калі даведваюцца — як гэта тады працавала і для чаго гэта выкарыстоўвалася. Гэта самыя прыгожыя моманты для нас. Мы запрашаем да нас усіх, хто любіць гісторыю, усіх, хто хоча крыху даведацца пра польскую ідэнтычнасць, народную культуру, жыццё нашых продкаў, бо гэта наша спадчына. Не памятаючы пра яе мы губляем сваю ідэнтычнасць, — перасцерагае супрацоўніца музея.
Ад іншых музеяў пад адкрытым небам Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу адрозніваецца ўнікальнай прасторавай планіроўкай. Замест хаатычна раскіданых будынкаў тут узноўлена «лінейная вёска» — па-польску «rzędówka», характэрная для паўночна-заходняй Мазовіі на мяжы XX стагоддзя. Гэта тып вёскі, які характарызуецца будынкамі, збудаванымі ўздоўж галоўнай дарогі.
— Вёска адкрытая для ўсіх. Можна шпацыраваць — ад хаціны да хаціны, адпачыць на лавачцы або, калі надворʼе спрыяе, распасцерці плед і ўладкаваць сямейны пікнік. Колькі часу зойме наш візіт у вёсцы — гэта залежыць толькі ад нас саміх — ад таго, ці хочам мы проста шпацыраваць па вёсцы, слухаючы шапаценне дрэў і спеў птушак, якіх тут вельмі шмат, ці можа хочам зазірнуць у кожную хаціну, каб убачыць ейнае абсталяванне, якое адрознівацца ў залежнасці ад таго, наколькі багатым ці бедным быў гаспадар; ад таго, ці гэта быў бедны мужык ці багаты пан, бо ў нашым музеі пад адкрытым небам ёсць таксама прыклады памешчыцкіх сядзібаў, якія выразна адрозніваюцца ад сялянскіх, — кажа Агнешка Карольчук.
Музеі пад адкрытым небам у Серпцу адкрыты для наведвальнікаў практычна круглы год, а сама ўстанова славіцца тым, што яна «жыве», то бок рыхтаваныя для наведвальнікаў славутасці, мяняюцца ў залежнасці ад пары года. І так, кожную першую нядзелю месяца ў музеі праходзяць тэматычныя мерапрыемствы. На пачатку траўня тут адзначаюцца першамайскія святы, а таксама праходзіць кулінарны конкурс пад назвай «Гатаванне на паляне».
— Мы запрашаем жаночыя групы, сельскія аб’яднанні, а таксама індывідуальных удзельнікаў на конкурс, у межах якога трэба падрыхтаваць тыповую мазавецкую страву — самую традыцыйную, якую потым ацэньвае спецыяльнае журы. Такім чынам мы выбіраем пераможцу самай смачнай мазавецкай стравы дадзенага года, — заяўляе Агнешка Карольчук.
У сваю чаргу, у чэрвені музей запрашае наймалодшых на Міжнародны дзень абароны дзяцей, які тут мае традыцыйны, то бок народны характар.
— Наш Дзень абароны дзяцей цесна звязаны з сельскімі традыцыямі — дзеці могуць удзельнічаць у розных майстар-класах, паказах і гульнях. Перш за ўсё, яны могуць даведацца пра тое, чым займаліся вясковыя дзеці сто гадоў таму, у тым ліку, як праводзілі свабодны час. Нашыя наймалодшыя госці займаюцца простым ткацтвам, робяць драўляныя вяртушкі, вянкі і г.д. Мы таксама запрашаем іх у наш амфітэатр, дзе праходзяць тэатральныя пастаноўкі. Вядома, усё ў гэты дзень арыентавана на самых маленькіх, але мы робім гэта такім чынам, каб яны пацікавіліся старадаўнімі гульнямі і цацкамі, якіх сучасныя дзеці часта не ведаюць. Дзякуючы гэтаму, яны могуць даведацца пра гісторыю нашых продкаў, — распавядае супрацоўніца музея.
У ліпені ў Серпцу адбываецца першае з трох найважнейшых мерапрыемстваў на адкрытым паветры — збор мёду.
— Мы паказваем, як раней збіралі мёд, як абкурвалі пчол, як пераапрацоўвалі мёд... Мы нават запрашаем бортнікаў, якія паказваюць усталёўванне борці на дрэвах. Сёння бортніцтва ўжо не існуе, але да зʼяўлення вулляў і пчальнікаў, мёд выраблялі дзікія пчолы, а сяляне, якія хутка зразумелі, што ён вельмі карысны, «заахвочвалі» дзікія пчолы пасяляцца ў борцях. Часта борці вешалі высока на дрэвах, каб мёду не паглыналі лясныя жыхары, а таксама канкурэнты — іншыя бортнікі, — дадае спадарыня Карольчук.
У гэты дзень на кірмашы, які праходзіць на тэрыторыі этнаграфічнага парку, можна набыць смачны мёд розных гатункаў.
Усё ж найбуйнейшае і бадай найбольш папулярнае мерапрыемства, арганізаванае музеем у Серпцу, адбываецца ў жніўні.
— Жніво – гэта таксама наша самае відовішчнае мерапрыемства, падчас якога мы паказваем усю традыцыю — ад моманту выхаду ў поле да завяршэння жніва і стварэння вянка. Мы цесна супрацоўнічаем з таленавітай групай народных рэканструктараў, якая называецца «Boczki Chełmońskie». Яна складаецца з некалькіх дзясяткаў чалавек. Усе яны, апранутыя ў адпаведныя народныя строі, выходзяць у поле і збіраюць ураджай так, як гэта адбывалася сто гадоў таму — сярпом і касой, а таксама пры дапамозе коннай касілкі. І на гэтым узроўні механізацыі мы заканчваем. Далей мы не ідзем — не паказваем іншага механізаванага абсталявання. Ёсць толькі і выключна тое, што рабілася ўручную або з дапамогай жывёл, — кажа супрацоўніца музея і падкрэслівае, што згаданае відовішча заўсёды карыстаецца велізарнай папулярнасцю.
Акрамя жніўнага спектаклю, падрыхтаванага народнымі рэканструктарамі, з палявымі работамі гасцей знаёмяць таксама музейныя аніматары. Вялікай папулярнасцю карыстаецца, напрыклад, магчымасць абмалаціць збожжа цэпам.
Апошнім з трох найбуйнейшых цыклічных мерапрыемстваў у Музеі мазавецкай вёскі з’яўляецца капанне бульбы, якое арганізоўваецца ў верасні.
— Мы капаем бульбу звычайнымі матыкамі, а таксама з дапамогай коннай капачкі; нагадваем, як выглядалі палявыя работы падчас збору ўраджаю. Кожны, хто прыходзіць да нас у гэты дзень, можа сам выкапаць крыху бульбы і забраць дадому. Цікава, што найбольш ахвотна выконваюць гэтую працу самыя маленькія дзеці — яны нават не чакаюць матык, проста выкопваюць бульбу з зямлі рукамі, — распавядае прадстаўніца музейнай установы.
Адміністрацыя музейнай установы ў Серпцу паклапацілася не толькі пра тое, каб задаволіць сваіх гасцей у эстэтычным і пазнавальным плане, але таксама кулінарным. Пасля насычанага атракцыёнамі дня, праведзенага на тэрыторыі этнаграфічнага парка, турыстаў чакае прыемны сюрпрыз.
— А калі вы прагаладаецеся падчас экскурсіі — гэта не праблема. На тэрыторыі нашага этнаграфічнага парка працуе карчма, дзе вы таксама можаце пакаштаваць стравы, падрыхтаваныя паводле старадаўніх рэцэптаў. Мы абавязкова накормім вас і не адпусцім галоднымі. Мы спадзяемся, што дзякуючы гэтаму госці забяруць з сабой дадому самыя станоўчыя ўспаміны, — кажа Агнешка Карольчук (Agnieszka Korolczuk) з Аддзела прасоўвання Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу.
Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу не толькі збірае і паказвае экспанаты, звязаныя з жыццём вёскі пачатку XX стагоддзя, але таксама выконвае важную адукацыйную функцыю — арганізоўвае майстар-класы, праводзім музейныя ўрокі, прасоўвае гісторыю, нагадвае пра народныя традыцыі, у тым ліку, звязаныя з Калядамі і Вялікаднем.
Дзякуючы сваёй аўтэнтычнасці, музей пад адкрытым небам стаў улюбёным месцам для польскіх кінематаграфістаў, тут было знята больш за 50 фільмаў. Менавіта тут Анджэй Вайда здымаў сцэны з фільма «Пан Тадэвуш» (у тым ліку славуты канцэрт Янкеля). Музей служыў сцэнай у такіх фільмах, як «Агнём і мячом», «Эскадрон» і папулярны серыял «Стагоддзе Вінных».
Анна Задрожна