36 гадоў таму, 18 красавіка 1990 года, адбылася прэм’ера культавай кінакамедыі «Дэжа вю». Рэжысёрам польска-савецкай кінакарціны быў Юліюш Махульскі — адзін з вядомейшых сучасных польскіх кінатворцаў. Яму ўдалося сабраць у адным фільме зорак польскай і савецкай кінаіндустрыі на чале з Ежы Штурам і Мікалаем Карачанцавым. Дарэчы, «Дэжа вю» стаў апошнім фільмам Махульскага, знятым у часы ПНР. Камедыя была знятая ў супрацоўніцтве паміж вядомейшай савецкай Адэскай кінастудыяй і варшаўскай кінастудыяй Zebra, якую ўзначальваў сам рэжысёр.
Аўтарам музыкі да фільму з’яўляецца славуты польскі кінакампазітар Кшэсімір Дэмбскі, які працаваў у тым ліку з галівудскімі рэжысёрамі.
«Дэжа вю» — гэта культавая эксцэнтрычная камедыя Юліюша Махульскага, аўтара, у прыватнасці, такіх кінахітоў, як «Ва-банк» і «Ва-банк 2». Хоць здымкі фільму завяршыліся ў 1989 годзе, на шырокія экраны ў Савецкім Саюзе і Польшчы стужка выйшла летам 1990 гада.
Юліюш Махульскі (злева) і Ежы Штур. Канцэртная студыя Польскага радыё, бенефіс Ежы Штура. 14 сакавіка 2011 года. PAP/Grzegorz Jakubowski
Дзеянні, паказаныя ў кінакамедыі, разгортваюцца ў 1925 годзе. Чыкагская мафія адпраўляе прафесійнага кілера Джоні Полака (Ежы Штур) у Адэсу, каб ліквідаваць здрадніка — Мікіту Нічыпарука, які збег з ЗША і адкрыў у СССР падпольны бізнес па вырабе і дастаўцы самагону ў Амерыку. Нагадаем, у той час у Злучаных Штатах дзейнічаў «сухі закон», а нелегальны рынак алкаголю быў перахоплены арганізаванымі злачыннымі групамі.
«Дэжа вю» — крымінальная авантурная камедыя-фарс і пародыя на класіку кінематографа, пачынаючы карцінай «Браняносец Пацёмкін» і заканчваючы амерыканскімі гангстарскімі фільмамі.
Як гледачы, так і кінакрытыкі адзначалі неверагодную ігру Ежы Штура, чый персанаж Полак увесь час трапляе ў абсурдныя сітуацыі з-за савецкай нібы-гасціннасці, бюракратыі і агулам рэчаіснасці. Амаль усе дзеянні ў кінакарціне адбываюцца ў каларытнай Адэсе часоў савецкага НЭПа.
Фільм напоўнены чорным гумарам і іранічным поглядам на сутыкненне двух светаў — амерыканца, які жыве ў капіталістычнай краіне, і савецкай рэчаіснасці. Дарэчы, на той момант сюжэт камедыі быў вельмі арыгінальны.
Як заўважалі кінакрытыкі, савецкі глядач у кіназале смяяўся да слёз, бо ў адэскіх актывістах грамадзяне пазнавалі ўласных камсамольскіх і партыйных работнікаў, а таксама згадвалі пражыванне ў савецкіх гасцініцах, у якіх у адзін нумар маглі пасяліць незнаёмых людзей. І былі захопленыя ігрой Ежы Штура, чый незадаволены твар у кінакарціне стаў прычынай, як зазначалі крытыкі, паловы поспеху «Дэжа вю».
Цікава, што незадаволены твар Штура быў амаль натуральным, бо акцёр не любіў Савецкага Саюзу, а Адэса як горад яму не падабалася. Прынамсі так сцвярджалі сучаснікі. Акрамя таго, на здымках фільму ў яго пачаліся праблемы з сэрцам, што таксама не дадавала аптымізму. Пры гэтым варта зазначыць, што савецкі глядач любіў і добра ведаў Ежы Штура як мэтра вялікага экрану.
У карціне «Дэжа вю» сыграў таксама бацька рэжысёра, вядомейшы польскі акцёр Ян Махульскі — знакаміты пан Квінта з «Ва-банку». Ён паўстаў у ролі боса мафіі дона Чыміна. Гэты вобраз відавочна адсылае да дона Карлеонэ ў выкананні Марлона Брандо з фільму «Хросны бацька». Дарэчы, Ян Махульскі іграў большыя і меншыя ролі практычна ў кожным фільме свайго сына.
Здымкі «Дэжа вю» праходзілі ў Адэсе. Пры абстрэле булачнай Нічыпарук выбівае акно на гарышчы руляй кулямёта. Гэта алюзія на культавы савецкі фільм «Чапаеў».
А вось мафіёзі з чыкагскіх сцэн фільму носяць прозвішчы галівудскіх зорак італьянскага паходжання: Дэ Ніра, Чыміна, Скарсэзэ, Пачына, Копала, дэ Пальма, Сталонэ.
Іншым цікавым фактам з'яўляецца тое, што ў ролі джазмэна ў карціне выступіў сын Уладзіміра Высоцкага Мікіта. Гэта была першая важная роля Высоцкага-малодшага ў фільме, бо да гэтага ён іграў толькі ў тэатрах — на той момант яму было 25 гадоў.
Калі ўважліва глядзець фільм і не ведаць, у які час адбываюцца падзеі ў ім, дык можна вызначыць перыяд — лета 1925 года. Чаму? Справа ў тым, што ў гэтым годзе праходзілі здымкі стужкі «Браняносец «Пацёмкін», у якіх удзельнічаюць Полак і Нічыпарук. І тады ж з паездкі па Амерыцы вярнуўся Уладзімір Маякоўскі, з якім у фільме на параходзе падарожнічаў Полак.
Фільм зроблены па-майстэрску, з арыгінальным сцэнаром і дасканалай ігрой акцёраў, а працу Ежы Штура на кінаплане ўвогуле можна назваць дасканаласцю. Таму рэкамендуем пазнаёміцца з камедыяй, калі нехта не глядзеў, а калі глядзеў, то паўторна прыгадаць прыгоды Джона Полака ў Адэсе.
У 2012 годзе кінакарціна прайшла лічбавую рэканструкцыю ў рамках праекту KinoRP. Гэта дзяржаўная ініцыятыва, у рамках якой адбываецца лічбавая рэканструкцыя выбітых польскіх фільмаў. Праект фінансуецца дзяржаўным Польскім інстытутам кінамастацтва. Рэканструкцыя адбывалася пад асабістым наглядам Юліюша Махульскага.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл