Беларуская Служба

«Варшаўскі мост»: «Лялька» з навагрудскім шармам выйшла на польскую сцэну

23.04.2026 16:01
У спектаклі на сцэне варшаўскага Драматычнага тэатра пераплятаюцца тэмы, актуальныя і для палякаў, і для беларусаў.
Аўдыё
  • М.Ільінчык пра спектакль "Лялька" ў Драматычным тэатры ў Варшаве.
   .
Сцэна са спектакля «Лялька».Irina Zawisza / Polskie Radio

Варшаўскі Драматычны тэатр (Teatr Dramatyczny) паказаў прэм’еру, а затым і вывеў на сваю сцэну для пастаяннага прагляду спектакль «Лялька», паводле аднайменнага рамана польскага пісьменніка Баляслава Пруса.

У рамане «Лялька», напісаным у XIX стагоддзі, апавядаецца пра жыццё варшаўскага купца Станіслава Вакульскага, які імкнецца ўзняцца ў грамадстве і заваяваць каханне арыстакраткі Ізабэлі Лэнцкай. Вакульскі, чалавек розуму і працы, разбагацеў дзякуючы гандлю, але застаецца чужым як для арыстакратыі, так і для ніжэйшых слаёў. Ізабэля не здольная ацаніць яго шчырасць. У творы паказваецца шырокая панарама польскага грамадства канца XIX стагоддзя з яго супярэчнасцямі і крызісам каштоўнасцей. У фінале лёс Вакульскага застаецца няпэўным, што падкрэслівае драму чалавека, які не знайшоў свайго месца ў свеце. Варшава становіцца сцэнай сутыкнення мар чалавека з жорсткімі сацыяльнымі і класавымі механізмамі.

А рэжысёрам сучаснага спектакля з’яўляецца ураджэнец Навагрудка з польскім радаводам Мікіта Ільінчык. Ён расказвае пра сваю працу і яе гісторыка-культурны кантэкст.

Мне здаецца, што фігура Вакульскага даволі ўніверсальная, і ў кожнай эпосе існуе свой Вакульскі. Акрамя таго, сам аўтар пакідае нам вялікую прастору для разваг, інтэрпрэтацый і адаптацый свайго твора. Ён не дае нам выразных кірункаў або гатовых рашэнняў, і для мастака, для інтэрпрэтатара гэта заўсёды асабліва цікава. Гэта нібы паветра, якое мы атрымліваем у спадчыну ад аўтара. І менавіта таму, мне здаецца, твор заўсёды застаецца актуальным: калі аўтар пакідае такую прастору свабоды — для нашчадкаў, для наступных пакаленняў, для тых, хто захоча гэта прачытаць і пераасэнсаваць. Вядома, мы разглядалі чалавечыя адносіны на фоне палітычных і сацыяльных перамен. Але для нас важная і любоўная лінія. Нават у тым жорсткім свеце, у якім мы сёння жывём, чалавек усё роўна шукае каханне, цеплыню, блізкасць і кантакт з іншым чалавекам. І на фоне гэтай жорсткасці ў цэнтры застаецца чалавек, які якраз і шукае магчымасць быць бліжэй адно да другога.

У часы, калі была апублікавана «Лялька», спрачаліся пра тое, хто на самай справе з’яўляецца «лялькай» — капрызная Ізабэля Лэнцка, Вакульскі, які стаў цацкай у яе руках. А можа, гэта чалавек, з якім іграе гісторыя і лёс?

Мы нанова ставім пытанне: што такое «Лялька» ў назве і хто на самай справе з’яўляецца «лялькай» у нашым спектаклі. У маёй інтэрпрэтацыі праз гэта пытанне праходзіць вобраз маёй бабулі, ад якой я атрымаў кнігу Lalka з сямейнай бібліятэкі польскай літаратуры. Я выбудоўваю лінію гісторыі маёй бабулі — Леакадыі Тамашэвіч з Навагрудка, якая «расказвае» сваю ўласную гісторыю. Таму мы выкарыстоўваем і шмат дакументаў маёй польскай бабулі, архіўныя матэрыялы, асабістыя сведчанні — і праз іх расказваем яе жыццё. Але гэты вобраз таксама звязаны з іншымі персанажамі «Лялькі». У спектаклі з’яўляецца постаць-здань. На мой погляд, у нашым спектаклі менавіта яна становіцца той «лялькай», якая паказвае нам свой вопыт жыцця ў свеце ў момант гістарычных і часавых зрухаў.

Мікіта Ільінчык Прусаву «Ляльку» асэнсаваў па-свойму. Ён надаў гэтаму твору, апрача варшаўскага, таксама навагрудскае гучанне — каларыт сваёй малой бацькаўшчыны, роднага краю яшчэ аднаго польскага пісьменніка ХІХ ст. Адама Міцкевіча. Таму на сцэне варшаўскага Драматычнага тэатра пераплятаюцца тэмы і праблемы, актуальныя ў аднолькавай ступені і для палякаў, і для беларусаў. Адпраўным пунктам для рэжысёра стаў экзэмпляр рамана Lalka з сямейнай бібліятэкі, выдадзены ў 1897 годзе.

Для мяне знаходка «Лялькі» Пруса ў сямейнай бібліятэцы стала сапраўды першым крокам да стварэння ўсёй драматургічнай лініі спектакля. Мая сям’я паходзіць з Навагрудка — горада, які я лічу вельмі важным для польскай культуры. Навагрудчына — гэта зямля, якая многае перажыла пад уладай Расіі і захавала сляды супраціўлення Расіі. Гэта зямля знаходзілася пад уладай чужых імперый і не адчувала сябе свабоднай. І менавіта праз гісторыю сваёй сям’і я пачаў чытаць кнігу Пруса. Гэта выданне XIX стагоддзя з паметкамі, зробленымі рознымі членамі маёй сям’і. Магчыма, гэта быў мой прадзед Зыгмунт і мая бабуля Леакадыя. Я гляджу на гэту кнігу як на гісторыю сям’і, якая жыла ў той час, калі Польшча была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі, а дзея «Лялькі» таксама адбываецца ў аналагічны перыяд. Для мяне гэта вельмі асабістая, інтымная тэма, якую я працягваю перажываць дагэтуль.

Сёння да «Лялькі» Пруса ў Польшчы звяртаюцца многія творчыя асобы. Гэта раман універсальнага характару, яго пазачасавасць тлумачыцца глыбокім аналізам чалавечай прыроды, экзістэнцыяльных дылем і сацыяльных механізмаў.

Мікіта Ільінчык увёў у стары сцэнарый элементы з нашай сучаснасці.

 Гэта, вядома, гісторыя пра Варшаву. Мы паглядзелі, чым Варшава з’яўляецца сёння, з якімі сучаснымі тэндэнцыямі яна асацыіруецца ў нас. Прус пісаў свой раман як своеасаблівы адбітак вельмі актуальнага, жывога свайго часу. І каб выбудаваць гэтыя масты з Прусам, мы таксама старанна прыглядаліся да сучаснага жыцця Варшавы — да яе архітэктуры, шукалі падыходы да горада.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Ірыне Завішы за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Адным з самых славутых суайчыннікаў палякі лічаць Тадэвуша Касцюшку

12.03.2026 16:02
Агульныя старонкі гісторыі Польшчы і Беларусі: што пра іх ведаюць палякі? Інстытут нацыянальнай памяці апублікаваў вынікі даследавання.