Беларуская Служба

Жамчужына варшаўскай гідраархітэктуры, кулісы працы Польскага радыё і крымінальныя загадкі ў Пуцку — гэта і многае іншае ў «Ноч музеяў-2026» (ФОТА)

15.05.2026 14:02
Адна з несумненных пераваг акцыі «Ночы музеяў» — доступ да аб’ектаў, у якія звычайна ў нас няма шанцаў патрапіць.
Аўдыё
Пераліўная камера ў варшаўскім раёне Прага адкрываецца для наведвальнікаў выключна ў «Ноч музеяў»Архіў Варшаўскага гарадскога прадпрыемства вадаправодаў і каналізацыі

З 16 на 17 траўня па ўсёй Польшчы будзе праходзіць 22-я «Ноч музеяў« — акцыя, у рамках якой уваход у сотні культурніцкіх установаў і грамадскіх аб’ектаў будзе бясплатны або сімвалічна платны. Усяго ў Варшаве ў гэтую ноч будуць адкрытыя больш за 300 установаў. Гарадскі транспарт сталіцы запусціць таксама некалькі бясплатных «музейных» лініяў, якімі змогуць скарыстацца ўдзельнікі «Ночы музеяў». Адна з пераваг мерапрыемства — доступ да аб’ектаў, у якія звычайна ў нас няма шанцаў патрапіць.

Польскае радыё запрашае на «Ноч музеяў» Польскае радыё запрашае на «Ноч музеяў»

Дазвольце пачаць агляд шматлікіх прапановаў, якія падрыхтаваныя ў рамках сёлетняй «Ночы музеяў», скажам так, з уласнага двара… Усіх, хто цікавіцца кулісамі працы грамадскага Польскага радыё, запрашаем у галоўную сядзібу радыёстанцыі на вуліцы Непадлегласці 77/85 і сядзібу «Трэцяй праграмы» на вуліцы Мыслівецкай 3/5/7 у Варшаве.

— «Ноч музеяў» на Польскім радыё. Студыі вяшчання і архіўныя лабірынты. Начныя сустрэчы з журналістамі. Гістарычныя носьбіты інфармацыі і сучасныя прылады. Канцэрты і віртуальныя гульні. Не прапусціце магчымасці пазнаёміцца з працай радыёстанцыі за кулісамі. Пачынаем а 19:00 у суботу, 16 траўня. Далучайцеся!, — запрашае грамадская радыёстанцыя.

Па радыйных аб’ектах правядуць Вас экскурсаводы, якія дазволяць зазірнуць у студыі вяшчання, між іншым, Першай і Чацвёртай праграмаў, Радыё Дзецям, Польскага радыё 24 і Радыё Кіроўцаў.

Беларускія акцэнты

У межах «Ночы музеяў» у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве стартуе праект «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці». Арганізатары абяцаюць наведвальнікам сустрэчу з беларускай дударскай традыцыяй — ад гісторыі інструмента да жывой музыкі і майстар-класаў. Праграма мерапрыемства стартуе ў суботу, а 16-й гадзіне — адкрыццём выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал».

Мастацтва гідраархітэктуры ў варшаўскай Празе

У сваю чаргу Варшаўскае гарадское прадпрыемства вадаправодаў і каналізацыі ў рамках «Ночы музеяў» дае наведвальнікам нагоду паглядзець выключны гідраархітэктурны аб'ект — гістарычную пераліўную камеру (гэта спецыялізаваны рэзервуар, які выкарыстоўваецца ў сістэмах ліўневай каналізацыі для падзелу патоку дажджавых сцёкаў на дзве часткі — рэд.), якая размяшчаецца ў варшаўскім раёне Прага. Такая магчымасць узнікае раз у год, кажа прэс-сакратар прадпрыемства Яланта Малішэўска(Jolanta Maliszewska).

— Гэты аб'ект спраектаваў і пабудаваў у 1910 годзе выбітны брытанскі інжынер Вільям Хірлейн Ліндлэй (William Heerlein Lindley). Як і многія іншыя ўчасткі каналізацыйнай сістэмы яго аўтарства — гэта надалей дзеючы абʼект. Вядома, камера была некалькі разоў рамантаваная, але, у прынцыпе, мы можам убачыць яе такой, якую, больш за 100 гадоў таму, пабудаваў яе Ліндлэй — мы можам бачыць, як усё функцыянуе ўнутры(…). Мы ўваходзім групамі — па дзесяць чалавек — пад кіраўніцтвам нашага супрацоўніка. Там ёсць спецыяльная галерэя, дзе можна спыніцца і адтуль паглядзець інтэрʼер абʼекта, — распавядае прадстаўніца прадпрыемства.

Пераліўная камера ў варшаўскай Празе. Архіў Музея Варшаўскага гарадскога прадпрыемства вадаправодаў і каналізацыі Пераліўная камера ў варшаўскай Празе. Архіў Музея Варшаўскага гарадскога прадпрыемства вадаправодаў і каналізацыі

Акцыя стартуе а 17.00 і будзе працягвацца да 22.00. Умовай для наведвання гэтага абʼекта зʼяўляецца сухое надворʼе. Варта таксама ўзяць пад увагу, што ў мінулыя гады згаданая прапанова карысталася вялікай папулярнасцю сярод жыхароў Варшавы.

Падрабязную праграму акцыі «Ноч музеяў» у Варшаве можна знайсці на сайце: nocmuzeow.um.warszawa.pl

У Пуцку «Ноч Музеяў» мае «крымінальны» характар

Калі вы раптам на выходных плануеце пабываць на польскім узбярэжжы, то запрашаем у Музей Пуцкай зямлі імя Флорыяна Цэйновы ў Пуцку. Сёлетняя «Ноч музеяў» праходзіць пад лозунгам «Крымінальны музей», паясняе дырэктарка ўстановы Барбара Кос-Дамброўска(Barbara Kos-Dąbrowska).

— Наша падзея сканцэнтравана вакол зніклага прадмета. Праграма ўключае ў сябе «Крымінальную лабараторыю». Мы будзем шукаць злодзея. Будзе магчымасць трапіць у турму, зрабіць турэмнае фота, узяць адбіткі пальцаў, навучымся шукаць схаваныя падказкі. Будзе дэтэктыўная гульня і пошук зніклага прадмета. Плануем заняткі пад назвай «Небяспечная іголка». Тут жанчыны з Клуба вышыўкі «Пуцкі Мікалаек» навучаць вас карыстацца іголкай і швейнымі інструментамі(…).Мы падрыхтавалі дзве экскурсіі па нашым музеі, прысвечаныя розным таямніцам, як крымінальным, так і іншым, — заявіла дырэктарка музея.

У гэтую ноч адбудзецца таксама прэм’ера «Судовых нут» — адмысловай версіі традыцыйнай кашубскай лічылкі «Кашубскія ноты».

Маладыя экскурсаводы ў Каралеўскім замку ў Сандомежы

У Сандомежы за сімвалічную цану ў 1 злоты вы зможаце наведаць усе пастаянныя і часовыя выставы, даступныя ў Музеі Каралеўскага замка. Адна з прапановаў — куратарскія экскурсіі пад кіраўніцтвам суаўтараў часовай выставы «Народная спадчына вачыма маладых», то бок моладзі з мясцовых школаў, кажа прэс-сакратар музея Марцін Капка(Marcin Kapka).

— «Еўрапейская ноч музеяў» — выдатная магчымасць азнаёміцца з пастаяннымі выставамі, такімі як «Мастацкая галерэя XVIII–XX стагоддзяў», «Карона з Сандомежа», «Шахматы з Сандомежа», «Сандамежская зямля ў дагістарычныя часы і раннім сярэднявеччы», «Паласаты крэмень у ювелірных вырабах», «Старая каралеўская кухня», а таксама мастацкія калекцыі, рэлігійнае мастацтва з калекцыі дамініканаў і гісторыя Каралеўскага замка ў Сандомежы. Гэта таксама магчымасць азнаёміцца з часовымі выставамі, такімі як нядаўна адкрытая выстава «Народная спадчына вачыма маладых» і «Срэбра і соль — сальніцы з Музея кракаўскіх саляных шахтаў «Вялічка»», — запрашае спадар Марцін Капка. Ён адзначае, што апошні ўваход у музей у гэты дзень а 23.15.

Музеі Каралеўскага замка ў Сандомежы запрашае на «Ноч музеяў». Здымак: facebook.com/zamek.sandomierz Музеі Каралеўскага замка ў Сандомежы запрашае на «Ноч музеяў». Здымак: facebook.com/zamek.sandomierz

У Беластоку ў ваенным стылі

У сваю чаргу «Ноч музеяў» у Беластоку — гэта, між іншым, час, калі пасля 52 гадоў працы, Музей войска развітваецца са старой сядзібай на вуліцы Кіліньскага 7. У апошні раз мы запрашаем гасцей у старую сядзібу, кажа менеджар па маркетынгу музея Тамаш Чыжэўскі(Tomasz Czyżewski).

— Мы стараемся зрабіць гэта з размахам. А 17.00 гадзіне адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця завяршэння нашай дзейнасці на вуліцы Кіліньскага, у якой прыме ўдзел ваенны аркестр (...). У гэты вечар, акрамя бясплатнага ўваходу на выставы, мы таксама прапануем нашым гасцям адукацыйныя майстар-класы для дзяцей, спецыяльныя паказы вялікафарматных фатаграфій, прысвечаных гісторыі і дзейнасці нашай установы. Таксама будзе паказаная выстава футболак, якія мы распрацоўвалі на працягу многіх гадоў спецыяльна да «Ночы музеяў». У гэтым годзе мы ўпершыню прапануем нашым гасцям магчымасць набыць памятную футболку. Мы таксама прапануем дзве спецыяльныя экскурсіі з гідам музея на пенсіі, які будзе праводзіць наведвальнікаў і распавядаць цікавыя анекдоты пра тое, як працаваў музей дзясятак гадоў таму, калі ён тут працаваў, — кажа спадар Тамаш Чыжэўскі.

Музей войска ў Беластоку падрыхтаваў таксама шмат прапановаў у Ваенным парку. Будуць стэнды вайскоўцаў, памежнікаў, а таксама паказ групы рэканструктараў, якія працягваюць традыцыю рымскіх легіянераў.

У «Ноч музеяў» Музей войска ў Беластоку развітваецца са старой сядзібай. Архіў Музея войска ў Беластоку У «Ноч музеяў» Музей войска ў Беластоку развітваецца са старой сядзібай. Архіў Музея войска ў Беластоку

У Кракаве пачынаюць раней

У сваю чаргу Кракаве «Ночы музеяў» пачынаецца крыху раней, бо ўжо ў пятніцу 15 траўня свае дзверы адчыняць больш за 60 культурніцкіх установаў горада. На наведвальнікаў чакаюць спецыяльныя выставы, экскурсіі, майстар-класы і паказы, кажа ўпаўнаважаны мэра Кракава па пытаннях культуры Павел Шчэпанік(Paweł Szczepanik).

— Больш за 100 тысяч чалавек штогод наведваюць культурніцкія ўстановы ў Кракаве ў рамках акцыі «Ноч музеяў». Паколькі, гэта каля 10% жыхароў горада, то гэта даволі добры вынік для культуры, — пераконвае прадстаўнік гарадскіх уладаў.

У Кракаве многія музеі прапануюць свае выставы бясплатна або прадаюць квіткі па сімвалічных цэнах. Усе кракаўскія музеі будуць адкрыты для наведвальнікаў у пятніцу (15 траўня) з 19:00 да поўначы. Падрабязную праграму можна знайсці на сайце: www.krakowskienoce.pl

Ноч музеяў – гісторыя

Першая «Ноч музеяў» (ням. Lange Nacht der Museen) прайшла ў Берліне ў 1997 годзе, і, дзякуючы яе вялікаму поспеху, такія мерапрыемствы сталі праводзіцца і ў іншых гарадах і краінах. Цяпер больш за 140 гарадоў Еўропы арганізуюць такія начныя мерапрыемствы ў культурных установах і розных гарадскіх прасторах.
«Ноч музеяў» у Польшчы ўпершыню была праведзена ў 2003 годзе ў Познані.

«Ноч музеяў» — гэта ўнікальная магчымасць адкрыць для сябе сакрэты розных аб’ектаў. Адкрываюцца звычайна недаступныя дзяржаўныя ўстановы, сховішчы і падземныя зоны. Музеі адкрываюць свае склады, архівы і майстэрні, па якіх гасцей праводзяць сапраўдныя энтузіясты. Многія з гэтых месцаў адкрываюцца толькі ў гэтую адну ноч у годзе, а начныя гадзіны надаюць наведванню таямнічую атмасферу.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Бульба не расце ў крамах, а мёд не робіцца ў слоіку. Тут вучаць паважаць традыцыі і працавітасць (ВІДЭА)

17.04.2026 16:10
Запрашаем у адзін з найпрыгажэйшых этнаграфічных паркаў у Польшчы, які славіцца тым, што ў гэтым месцы жыццё кіпіць у любую пару года.

Дзе людзі ходзяць па вадзе... Мэхэлінкі і Рэва – ідэальны прыморскі дуэт (ВІДЭА+ФОТА)

08.05.2026 16:01
Запрашаем вас у адзін з самых фотагенічных куткоў Пуцкай бухты, дзе мора ўсё яшчэ мае душу.