116 гадоў таму, 23 мая 1910 года, Гродна развіталася з вядомай польскай пісьменніцай Элізай Ажэшкай. Паховіны славутай жыхаркі горада на Нёмане ператварыліся ў маштабную агульнанацыянальную маніфестацыю. Развітацца з «пані Элізай» выйшаў практычна ўвесь горад: паводле гісторыкаў, у жалобнай працэсіі ўдзельнічала каля 15 тыс. чалавек.
Апошнія тыдні перад смерцю Эліза Ажэшка моцна хварэла на сэрца. Аднак, нягледзячы на фізічны стан, яна да канца сваіх дзён пісала і была ў дасканалай разумовай форме. Гродзенцы вельмі любілі славутую гараджанку. Паводле сведчанняў, калі ў 1910 годзе цяжкахворая пісьменніца ляжала ў сваім доме, мясцовыя жыхары па ўласнай ініцыятыве засыпалі саломай брук на вуліцы. Такім чынам яны хацелі заглушыць грукат колаў павозак, якія праязджалі па вуліцы, каб не трывожыць супакою пісьменніцы.
Згодна з гістарычнымі хронікамі і публікацыямі таго часу, у тым ліку артыкулу ў часопісе «Огонёк», на развітанне з Элізай Ажэшкай прыйшлі натоўпы гараджан – людзі пачалі збірацца каля яе дома яшчэ да світанку. Наперадзе бясконцай чарады грамадзян ішлі дэлегаты культурных і асветніцкіх таварыстваў, а таксама выхаванкі дзіцячага дома імя Элізы Ажэшкі. У знак глыбокай жалобы на шляху працэсіі ўсе крамы і лаўкі былі зачыненыя, а вулічныя ліхтары былі абкручаныя чорным матэрыялам. Кіраваў пахавальным камітэтам вядомы мясцовы грамадскі дзеяч князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі. Эліза Ажэшка была пахаваная на Старых каталіцкіх фарных могілках у Гродне.
Эліза Паўлоўская нарадзілася ў 1841 годзе ў маёнтку вёскі Мількаўшчына (цяперашні Гродзенскі раён) у сям’і багатага памешчыка і адваката Бенедыкта Паўлоўскага. З дзесяці гадоў выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе жыла да 1857 года. Дарэчы, тут яна пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, у далейшым – Канапніцкай, вядомай польскай паэткай і пісьменніцай.
Władysław Gepner, Portret Elizy Orzeszkowej, 1868, Muzeum Narodowe w Warszawie
Пасля заканчэння выхавання ў 1858 годзе была хутка выдадзеная замуж за Пятра Ажэшку. Пачала жыць у маёнтку Людвінова ў Кобрынскім павеце, дзе ў 1862 годзе стварыла школу для дваццаці вясковых дзяцей. Брала актыўны ўдзел у дыскусіях, арганізаваных земскімі камітэтамі, з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам. Праз нейкі час Эліза Ажэшка без мужа выехала ў Варшаву.
На час паўстання 1863-1864 гадоў адмыслова вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам, а летам 1863 года хавала ў сваім маёнтку кіраўніка паўстання Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 года Пётр Ажэшка быў арыштаваны царскімі ўладамі і ў 1865 годзе сасланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Эліза Ажэшка была вымушаная прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей. І тады яна пачала пісаць: першым надрукаваным творам, які з’явіўся ў 1866 годзе, было апавяданне «Малюнак з галодных гадоў».
Тым часам вярнуўся са ссылкі Пётр Ажэшка. Эліза не магла знайсці паразумення з мужам і пачала працэс аб скасаванні шлюбу, што адбылося ў 1869 годзе. У 1870 годзе Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пасялілася ў Гродне, пражыўшы ў градзе на Нёмане 40 гадоў. Пасля дваццаці гадоў сяброўства са Станіславам Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб у 1894 годзе, але пакінула прозвішча першага мужа.
Eliza Orzeszkowa, autorka m.in. "Nad Niemnem"
Эліза Ажэшка вельмі любіла прыроду, што, дарэчы, бачна ў яе творах, у якіх яна дакладна апісвала наваколле. Але мала хто ведае пра тое, што пісьменніца стварала альбомы з гербарыямі, назваўшы іх «Кветкавымі альбомамі». Адзін з такіх альбомаў у добрым стане захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ў польскай Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх. Гаворыць прадстаўніца бібліятэкі Эльжбета Астрамэнцка.
– У жыцці часта здараецца, што вядомыя пісьменнікі альбо паэты маюць нейкае хобі. А Эліза Ажэшка захаплялася батанікай. У нашых фондах ёсць альбом з наклеенымі на лісты паперы прыгожымі засушанымі каляровымі кветкамі і раслінамі, створаны ўласнаручна пісьменніцай. Яна вельмі любіла наднёманскую прыроду. Прычым «Кветкавы альбо» яна сама прыдумала, уключна са стварэннем адмысловага клею для мацавання кветак і раслінаў на паперы – пісьменніца сама распрацавала яго рэцэптуру. Яна таксама распрацавала спецыяльныя спосабы засушвання траваў, зёлкаў і кветак, каб яны добра захоўваліся. Ажэшка стварыла шмат такіх альбомаў. Да нашых дзён захавалася некалькі штук, а экзэмпляр, які знаходзіцца ў нас, у вельмі добрым стане.
Складана апісаць усю творчасць Ажэшкі, бо яна вялізная. Яе рэалістычная літаратура агулам была прысвечаная эмансіпацыі жанчын, цяжкай долі сялян, лёсам беларуска-польскага памежжа, а таксама працы. Для прыкладу, у эсэ «Некалькі слоў пра жанчын» і аповесці «Сакавік» выбітная пісьменніца адстойвала права жанчын на адукацыю. Ключавы творы «Над Нёманам» – гэта манументальны шэдэўр, энцыклапедыя жыцця беларуска-польскага сялянства і шляхты. У сваю чаргу «Мэір Эзафовіч» – яркі раман пра канфлікт паміж рэлігійным дагматызмам і новымі гуманістычнымі ідэямі ўнутры яўрэйскай абшчыны. У творчасці пісьменніца шмат увагі прысвячала дэталёваму і аб'ектыўнаму псіхалагічнаму рэалізму.
Eliza Orzeszkowa, fotografia, 1904
Дарэчы, нягледзячы на прагрэсіўныя погляды як на тыя часы пісьменніца была кансерватыўнай у тэхнічных пытаннях. Аднойчы да яе прыйшоў чалавек з фанографам. Ён збіраў галасы вядомых людзей. Аднак пані Эліза так моцна спалохалася дзіўнай тэхнікі, што пачала доўга кашляць, а калі загаварыла, то стала заікацца. Запісаць яе голас так і не ўдалося. Характэрна, што кінематограф Ажэшка таксама цярпець не магла, а вось звычайны тэлефон у выніку адобрыла і ім карысталася.
Многія сучаснікі Ажэшкі ўспаміналі яе незвычайную знешнасць, асабліва вочы, якія мянялі свой колер у залежнасці ад асвятлення і настрою. Людзі, якія яе ведалі, задавалі пытанне – якія яны насамрэч: карыя, шэрыя, зялёныя ці чорныя?
Варта таксама нагадаць, што двойчы Ажэшка была намінаваная на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл