Вершалін — закінутая сёння калонія сярод падляшскіх лясоў ля мяжы з Беларуссю — ужо амаль стагоддзе застаецца адной з самых загадкавых гісторый беларуска-польскага памежжа. У 1930-я гады паслядоўнікі Ільі Клімовіча, вядомага як прарок Ілья, марылі пабудаваць тут Новы Іерусалім і «сталіцу свету». Але, як сцвярджае даследчык тэмы, падляшскі журналіст Юры Хмялеўскі, за гэтай гісторыяй стаіць нешта значна больш важнае, чым экзатычная легенда пра так званую секту.
— Гэта была даўняя Гарадзеншчына, бо Беласточчына была яе часткай. Несумненна, гэта перадусім беларуская гісторыя — гісторыя беларусаў ды іх незвычайнага руха, які паўстаў вакол постаці Ільі Клімовіча. Шкада толькі, што ў самой Беларусі яна мала вядомая, — адзначае аўтар кнігі «Wierszalin 2.0. Historia, którą należało napisać od nowa».
У польскай культуры феномен Вершаліна даўно прысутнічае: з'яўляліся кнігі, спектаклі, фільмы. Аднак у беларускім кантэксце Вершалін амаль адсутнічае. Пры гэтым у польскай грамадскай свядомасці замацаваліся спрошчаныя ўяўленні пра Ілью Клімовіча як пра лідара дзіўнай рэлігійнай суполкі, якую часта называюць сектай, паводле Хмялеўскага, памылкова.
— Чым далей ад цэнтру падзей, тым больш розных міфаў, няпраўды і легендаў. Вельмі часта, калі звяртаешся да тэмы Вершаліна, трапляеш на стэрэатып, што гэта была нейкая праваслаўная секта, створаная простым мужыком. Думаю, што гэта не толькі рэлігійная з'ява. Гэта быў значна шырэйшы сацыякультурны феномен, пэўнага руху ў час разлажэння старога парадку. Руху беларусаў, — кажа Хмялеўскі.
Менавіта спроба вярнуць сапраўдную памяць пра Ілью Клімовіча і людзей, якія яго атачалі, стала для аўтара галоўнай матывацыяй.
— Я лічыў гэта сваім абавязкам. Мае продкі хадзілі па адных вуліцах з Ільём, зналіся. Я назбіраў шмат матэрыялаў і ведаў, хацеў апісаць гэтую гісторыю не як нейкае дзіва ці вар'яцтва, а як нармальную чалавечую гісторыю, якая можа натхняць і сёння. — Клімовіч не быў прарокам. Так яго называлі людзі. Гэты рух стаў настолькі вялікім, што адзін чалавек ужо не быў у стане яго кантраляваць, — адзначае Хмялеўскі.
І ўсё ж менавіта чалавечае вымярэнне гэтай гісторыі ўражвае яго найбольш.
— Гэта быў просты селянін — мужык, які здолеў згуртаваць вакол сябе шмат людзей. Тое, што адбылося пасля, — ужо іншая, больш сумная гісторыя. Але мне хацелася, каб чытач убачыў у ёй і нешта ўніверсальнае.
Кніга «Wierszalin 2.0» — не спроба вынесці канчатковы прысуд. Хутчэй гэта прапанова яшчэ раз уважліва прыгледзецца да беларускага мінулага гэтага польскага рэгіёна і вярнуць памяць пра людзей, якіх занадта доўга бачылі толькі праз прызму містычнага міфу.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!