На пачатку ліпеня ў Любліне на фестывалі «Wschodni express» адбылася прэзентацыя кнігі Ганны Янкуты «Канстытуцыя. Геалогія» па-польску. Кніга выйшла ў выдавецтве «Warsztaty Kultury» пад назвай «Konstytucja», а пераклад на польскую мову з беларускай здзейсніў паэт і перакладчык Богдан Задура.
Беларуская версія спалучала ў сваім гучанні асноўны закон Беларусі і метафарычныя вершы. Ці ўдалося гэта перадаць па-польску, ці нешта згубілася ў перакладзе, пра гэта размова з аўтаркай, якая завітала ў студыю Польскага радыё.
— Я сама даволі шмат перакладаю і ведаю, што пераклад можа быць добрым, нават калі ў ім нешта губляецца, затое ў іншым месцы нешта знаходзіцца, то бок ёсць заўсёды кампенсацыя: у адным месцы метафару губляеш, у іншым знаходзіш. Таму ў цэлым я вельмі задаволеная гэтым перакладам. Нейкія вершы, мне здаецца, гучаць нават лепш, чым арыгінал.
А чаму згубілася назва «Геалогія»?
— Назва «Геалогія» з'явілася таму, што гэтая кніга выходзіла па-беларуску двойчы, адзін раз у Беларусі, адзін раз у Польшчы. Фактычна кніга называецца менавіта «Канстытуцыя», а «Геалогія» была, каб адаптаваць пад беларускія рэаліі, каб яна была не надта заўважная, каб была дастаткова бяспечная, а фактычна сапраўдная назва гэтай кнігі — «Канстытуцыя», так яе выдала ў Польшчы беластоцкая фундацыя «Каммунікат.org» у такой поўнай версіі пад назвай «Канстытуцыя», таму гэтая назва і засталася.
Як вам супрацоўніцтва з польскай літаратурнай супольнасцю? Ці ёсць у Польшчы інтарэс да беларускай літаратуры?
— Досвед супрацоўніцтва з выдавецтвам «Warsztaty Kultury» у мяне неймаверна пазітыўны, я вельмі ўдзячная выдавецтву, бо яны сапраўды рабілі ўсё магчымае, каб кніга была як мага лепшай, як мага прыгажэйшай. Вельмі добрая вокладка ў найлепшых традыцыях польскага дызайну, вельмі прыгожа звярстаная, шмат людзей над гэтай кнігай працавала, таму ў мяне вельмі пазітыўны досвед. Я ўжо пасля першай прэзентацыі на фестывалі ў Любліне, куды прыйшоў польскі чытач, а таксама, безумоўна, прыйшлі людзі з беларускай ды ўкраінскай супольнасці.
Як досвед размовы з польскім чытачом?
— Пакуль што вельмі пазітыўны. Будзем глядзець, ці не скончыцца ўсё на гэтым, але ў цэлым было шмат пытанняў, была зацікаўленасць. Мне здаецца, хоць, можа, я занадта аптымістычная, што цікавасць да Беларусі хоць патроху, але расце.
Сустрэчы з чытачамі за мяжой адрозніваюцца ад таго, што было ў Беларусі?
— У Беларусі нават да 2020-га года была свая спецыфіка літаратурнага жыцця, але мушу сказаць, што да 2020-га года ў Беларусі я функцыянавала, перад усім, як перакладчыца і як дзіцячая пісьменніца. Таму, у асноўным, я сустракалася з дзецьмі, асабліва ў бібліятэках, тады гэта было магчыма, нават, калі кніга была выдадзена ў недзяржаўным выдавецтве. З дарослай аўдыторыяй інакш, бо людзі больш пытанняў задаюць і размова больш сурʼёзная, а з дзецьмі трэба засяродзіцца на тым, каб неяк утрымаць іх увагу. Менавіта таму ў мяне іншая пакуль перспектыва параўнання.
Пасля такіх сустрэч, як на вашую думку ўспрымаецца беларуская літаратура ў Польшчы?
— Ёсць адчуванне, што пра нас мала ведаюць, і калі хтосьці прыходзіць на літаратурную імпрэзу, то мае цікавасць ці да Беларусі, ці да Усходняй Еўропы, ці проста да канкрэтных выдавецтваў. Пытанні часта паказваюць, што людзі тут вельмі мала пра нас ведаюць, але ім цікава. Чалавек трапляе на прэзентацыю, слухае пра кнігу, потым задае пытанні, і адкрывае нешта новае для сябе пра краіну. У гэтым сэнсе мяне вельмі цешыць, што літаратура можа быць такой амбасадаркай краіны, што, калі няма магчымасці расказваць пра сябе праз іншыя сродкі, тады літаратура можа гэтую функцыю выконваць.
Вы хацелі б працягнуць супрацоўніцтва з польскімі выдавецтвамі?
— Безумоўна. Па гэтай кнізе я бачу наколькі гэта мяняе сітуацыю. Пісаць па-беларуску, жывучы ў эміграцыі, даволі складана, таму што чытачы раскіданыя па ўсім свеце, выдавецтвы таксама знаходзяцца ў розных краінах. З часам, калі няма сувязі з Радзімай, становіцца цяжэй быць беларускім пісьменнікам у эміграцыі, але, калі адбываецца ўкарэньванне ў новую супольнасць, зʼяўляюцца новыя чытачы, зʼяўляюцца новыя магчымасці, у тым ліку выступаў, — становіцца лягчэй. Пішучы па беларуску не асабліва ёсць сэнс ехаць на польскі фестываль, бо людзі проста не зразумеюць, калі беларускі пісьменнік ці пісьменніца будуць чытаць вершы. Затое, калі ўжо ёсць кніга ў польскім перакладзе, ужо ёсць магчымасць сустракацца з польскімі чытачамі ды размаўляць з імі, дзякуючы перакладчыкам. Пакуль кніга не выйшла, я не да канцах гэта ўсведамляла, але цяпер я разумею, наколькі гэта важна, і якая бясцэнная дапамога і з боку Богдана Задуры, і з боку выдавецтва «Warsztaty Kultury». Чым больш будзе кніг выходзіць, я кажу, не толькі пра свае, а ўвогуле пра ўсіх беларускіх пісьменнікаў, тым лепш будзе вядомая наша літаратура, тым больш у нас будзе магчымасцяў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч