1 жніўня ў кракаўскім парку Jordana адбудзецца VII фестываль беларускай культуры і музыкі «Летуцень». За гады існавання ён стаў не толькі адной з найбуйнейшых беларускіх культурных падзей у Польшчы, але і важнай прасторай сустрэчы для супольнасці ў эміграцыі. Арганізатары абяцаюць тры музычныя сцэны, літаратурныя і дыскусійныя сустрэчы, адукацыйныя, дзіцячыя, псіхалагічныя і спартыўныя пляцоўкі, кірмаш беларускіх майстроў і фудкорт з нацыянальнай кухняй.
Хэдлайнерам фестывалю стане AP$ENT. На галоўнай сцэне таксама выступяць Prypiac, Atesta, «Разбітае Сэрца Пацана», Nochy і Сам Шазам. Этна-сцэна прапануе канцэрты гуртоў «Лялея» і Dusza Music, майстар-класы па традыцыйных спевах з Вольгай Барышнікавай, беларускіх танцах і прэзентацыю «Купальскага спеўніка». Аматараў сучаснай электроннай музыкі чакаюць сэты Dub Hiker, T-Trider, Lil Yury, Korrrnej, Ana Zhdanova і Papa Bo Selektah.
Паводле адной з арганізатарак фестывалю Алены, сёлета «Летуцень» стаў яшчэ больш разнастайным. Асаблівая ўвага будзе нададзеная адукацыйнай праграме, літаратурнай пляцоўцы і дыскусіям пра беларускую культуру, дзе госці змогуць не толькі сустрэцца з аўтарамі і грамадскімі дзеячамі, але і набыць беларускія кнігі.
— Калі вы прыходзіце на наш фестываль, гэта нібыта вяртанне дадому — апынуцца сярод сваіх людзей, паслухаць беларускую музыку і проста пагаварыць па-беларуску, — кажа Алена.
Яна прызнаецца, што пасля пераезду сама сутыкнулася з адчуваннем адарванасці і добра разумее, наколькі складанымі могуць быць першыя гады жыцця ў новай краіне. Менавіта таму арганізатары імкнуцца стварыць прастору, дзе беларусы могуць аднавіць сувязь са сваёй культурай і адзін з адным.
— Вельмі важна бачыць, што беларуская культура жыве і развіваецца нават у эміграцыі. Тут ёсць моладзь, дзеці, якія гавораць па-беларуску, літаратура, музыка, жывыя сустрэчы. Для чалавека ў эміграцыі гэта значыць вельмі шмат, — адзначае яна.
Фестываль распачнецца яшчэ да асноўнага дня серыяй падзей «Летутыдзень»: анлайн-лекцыяй мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча, літаратурна-музычным вечарам «ЛЕТУТЭКСТ» і праектам «Дыяфільм Live». Сам «Летуцень» адкрыецца 1 жніўня а 11-й гадзіне.
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.
Слухайце аўдыё!
эж