На святой гары Грабарцы каля Сямяцічаў праходзяць урачыстасці з нагоды Праабражэння Гасподняга, якое праваслаўная царква адзначае 19 жніўня. У народнай традыцыі гэтае свята таксама называюць Спасам.
Богаслужэнні пачаліся ўвечары 18 жніўня і працягваліся ўсю ноч. На Грабарку прыехалі сотні вернікаў, многія дабіраліся сюды пешшу ў складзе паломніцтваў. Паломнікі прыносяць на «Гару крыжоў» свае крыжы, моляцца і дзякуюць Богу.
— Мне хочацца тут быць, здаецца, што прызывае Гасподзь Бог. Прыходзіць той час і такая патрэба ў сэрцы. Я кожны год хаджу ў паломніцтва, спачатку з малымі дзеткамі, зараз з унукамі, — расказала адна з паломніц.
Грабарка з XVII стагоддзя з’яўляецца адным з галоўных месцаў праваслаўнага паломніцтва ў Польшчы. Паводле традыцыі, падчас эпідэміі вернікі маліліся тут аб выратаванні і прыносілі крыжы. Паломнікі таксама набіраюць ваду з манастырскай крыніцы, якой прыпісваюць гаючыя ўласцівасці.
Слухайце аўдыё!
Анна Пятроўская