5 верасня ў Варшаве адбудзецца беларуская імпрэза — чарговы ўжо, пяты фестываль GRAJ. Прагучаць кампазіцыі ў выкананні наступных выканаўцаў: Volski, J:МОРС, Дай Дарогу!, Dzieciuki, Разбітае Сэрца Пацана. Гэта ўжо такія, так сказаць, «мастадонты» беларускай сцэны. Але будзе таксама і малады гурт, аб чым расказала адна з арганізатараў фэсту Іна Сянкевіч.
— Гэты гурт мы абіраем з 20 заявак, спачатку абралі 10, а цяпер адбываецца «народнае галасаванне», абяром адзін гурт. Было шмат розных удзельнікаў, таму было складана выбраць, паколькі некаторыя з каманды слухаюць больш цяжкую музыку, іншыя – больш лайтовую, поп-рок. Глядзелі не толькі на ўзровень гуртоў, але і на тое, як яны ўпісваюцца ў канцэпцыю фестывалю, каб не было зусім андэграўнднай музыкі з непрыстойнымі словамі, паколькі да нас прыходзяць і дзеці.
Іна Сянкевіч.
— А калі казаць пра музыку — якія гэта гатункі?
— Рок: можа быць панк-рок, можа быць поп-рок. Але ў нас рокавы фестываль, нават параўноўваюць наш фестываль з фестывалем «Рок па вакацыях», які калісьці быў у Беларусі. Цяпер у Беларусі практычна не засталося нічога, акрамя некалькіх фестываляў, на якіх выступаюць расійскія зоркі.
— Малады гурт, назва якога пакуль што невядомая, будзе граць перад асноўнымі выканаўцамі. Але гэта не адзіны сюрпрыз, вы напісалі ў сваім Тэлеграм-канале, што на фестывалі Лявон Вольскі прадставіць сваю новую песню...
— Спадзяёмся, што паспее. Яна яшчэ да канца не гатовая, але абяцалі, што будзе. Я яе яшчэ не слухала, бачыла толькі відэа з запісу. Яшчэ ў нас будзе аўкцыён, на які музыкі перададуць свае рэчы, можна будзе паўдзельнічаць, а сабраныя сродкі пойдуць на дабрачыннасць. Гэта кропкавая дапамога людзям, якія пацярпелі ад рэжыму, і якія звязаныя з творчасцю, з музыкай.
Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле
Запрашаем на фэст: 5 верасня 2026, клуб Niebo, Варшава (ul. Nowy Świat 21C, Warszawa).
Мы разыграем два бясплатныя квіткі сярод нашых слухачоў! Сачыце за нашымі сацсеткамі.
Размаўляла Наталля Грышкевіч