У межах цыклу сустрэч «Санаторый пад клепсідрай», які прысвечаны наладжванню мастоў паміж польскай і беларускай культурамі, адбылася прэзентацыя беларускага выдання кнігі польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага «Вуліца шарлатанаў».
Перакладчыкам і лектарам выступіў беларускі паэт Андрэй Хадановіч, які распавёў цікавосткі ды загадкі пра жыццё і творчасць польскага класіка.
— Галчыньскі — адзін з найвіртуознейшых майстроў польскай мовы ў ХХ-м стагоддзі, паэт чые вершы не патрабуюць дадатковай рэкамендацыі — гэта стопудовая нятлёнка. Яго біяграфія і міфалогія супастаўныя з яго геніяльнай паэзіяй.
Андрэй Хадановіч згадаў, што Канстанты Галчыньскаму ў жыцці давялося пабываць у савецкім палоне ды нямецкай няволі.
— Пачатак ІІ Сусветнай вайны Галчыньскі сустракае ў войску на ўсходнім рубяжы, дзе пасля вераломнага нападу Сталіна, трапляе ў савецкі палон. Яго ўратаваў ягоны пацыфізм, каб ён зрабіўся падхарунжым, ляжаць бы яму ў зямлі ў Катыні, а як шараговец, ён быў неўзабаве як палонны на палоннага з немцамі, і трапіў на доўгія гады ў нямецкую няволю. Ён вязень 11-га шталагу ў Альтэнграбаве. У сярэдзіне верасня ён стварае верш, які паспявае перадаць на волю і той змяняе вобраз Галчыньскага ў Польшчы. Адным вершам можна зрабіцца любімым паэтам нацыі. Гэта верш «Pieśń o żołnierzach z Westerplatte».
Падчас лекцыі прагучалі вершы Галчыньскага як у арыгінале, так і па беларуску, у перакладзе Андрэя Хадановіча, у тым ліку і загалоўны твор пра шарлатанаў. Больш падрабязна з творчасці Галчыньскага можна пазнаёміцца, прачытаўшы кнігу «Вуліца шарлатанаў», якую падрыхтаваў Андрэй Хадановіч.
Гэта ўнікальнае беларускае выданне твораў польскага паэта. Палова сабраных вершаў і паэмаў друкуецца па-беларуску ўпершыню.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч