Сёння мы запрашаем у Пасым (поль. Pasym) — адзін з найстарэйшых гарадоў на Мазурах. Пасым распаложаны на прыгожым возеры Кальва (поль. Jezioro Kalwa) — у месцы, куды з другога берага возера, пасля буйнога пажару ў VIII стагоддзі, пераехалі жыхары тамтэйшага раннесярэднявечча гарадзішча.
Вежа eвангельскай царквы і абарончыя сцены ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Можна сказаць, што пачатак Пасымя датуецца VIII стагоддзем, хоць археалагічныя даследаванні пацвердзілі прысутнасць чалавека ў гэтым рэгіёне ўжо ў сярэднім каменным веку.
Сёння мы будзем даследаваць багатую гісторыю горада, прагуляўшыся па сцежцы, якую вызначаюць чатыры вежы, яго найважнейшых архітэктурных помнікаў.
У 1243 годзе паселішча апынулася пад уладай Вармінскага біскупства і атрымала назву Генрыкова (Heinrichswalde). Амаль сто гадоў пазней гарадок захапілі тэўтонцы. У 1386 годзе, разам з гарадскім статусам горад атрымаў новую назву Passenheim, якая пазней была паланізаваная (Pasym) і афіцыйна зацверджана ў 1945 годзе, то бок пасля ўключэння горада ў склад Польшчы.
Ад тэўтонцаў Пасым атрымаў кульмскае права, цывілізацыйны прагрэс і … характэрную чырвоную цэглу, то-бок развіццё архітэктуры, у тым ліку ў прыгожым гатычным стылі.
І тут пачынаецца наш першы прыпынак на шляху, які па горадзе вызначаюць чатыры пасымскія вежы. Першай з іх з'яўляецца вежа найстарэйшай, евангельскай святыні на Мазурах з 1391 гора. Вежа касцёла крыху маладзейшая, яна датуецца XV стагоддзем.
Евангельская царквa ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Каля ўваходных дзвярэй святыні варта звярнуць увагу на загадкавыя паглыбленні ў цэгле. Паводле розных меркаванняў, гэта могуць быць паглыбленні, якія ўзніклі ў выніку распальвання агню традыцыйным спосабам. Паводле іншых здагадак, яны былі выцертыя пальцамі грэшнікаў, якія пакутавалі за свае грахі.
Вежа eвангельскай царквы ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Унутры святыні захаваліся арыгінальныя гатычныя элементы, у тым ліку, распяцце і драўляныя лаўкі. Акрамя таго, тут можна паглядзець барочны алтар з канца XVII стагоддзя і пярэднюю дэкаратыўную панэль корпуса аргана з пачатку XVIII стагоддзя. Сярод абсталявання святыні варта таксама звярнуць увагу на яшчэ адзін цікавы дэталь, кажа гід па Варміі і Мазурах Радаслаў Дамброўскі (Radosław Dąbrowski).
— Гэта галава аленя з прымацаванымі да яе сапраўднымі рагамі. Скульптура датуецца 1608 годам. Аднак, гэта не падсвечнік ці нейкае мудрагелістае пратэстанцкае ўпрыгожванне. Гэта прылада, якая выкарыстоўвалася для вызначэння надворʼя. Дарэчы, прынцып яе дзеяння апісаў Леанарда да Вінчы. Гаворка ідзе пра тое, што сухія валасы скарачаюцца, а мокрыя — становяцца даўжэйшымі. Падвешаная на валасах галава аленя была своеасаблівым гігрометрам, які паказваў надворʼе. Калі вернікі прыбывалі на службу, то пасля прывітання з Богам, яны маглі таксама бачыць, якім будзе надворʼе і, як планаваць сваю працу, — кажа спадар Радаслаў.
Евангельская царквa ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Побач з евангельскай святыняй знаходзіцца парафіяльны дом, дзе ў 1807 годзе гасціў Напалеон І, а разам з ім, у горадзе, каля 70 тысяч жаўнераў. Непадалёк можна паглядзець таксама фрагмент абарончых сценаў горада.
Парафіяльны дом, дзе ў 1807 годзе гасціў Напалеон І. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
На жаль з мясцовага тэўтонскага замка да нашых часоў не засталося нічога. У 1615 годзе ў Тэўтонскага ордэна яго выкупілі гарадскія ўлады, затым разбурылі, а цэглу выкарысталі, між іншым, для рэканструкцыі гарадской ратушы. Менавіта тут знаходзіцца чарговая вежа на нашым маршруце — вежа ратушы з 1855 года.
— Гэта ўжо трэцяя ратуша, якая стаіць на гэтым месцы. Першая, пабудаваная падчас заснавання горада, была разбураная. Другая, пабудаваная з матэрыялаў, атрыманых пасля зносу тэўтонскага замка, таксама была разбураная. У сярэдзіне XIX стагоддзя гарадскія ўлады вырашылі пабудаваць сваю новую сядзібу — функцыянальную і прыгожую. Будынак спраектаваў Карл Юнлер (Karl Junler або Carl Junker) па ўзоры Бабельсбергскага палаца (…). Гэта, несумненна, адна з самых прыгожых ратушаў у Польшчы, — лічыць гід.
Ратуша ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
А калі мы ўжо спыніліся ля ратушы, то, на адной з камяніц насупраць, варта паглядзець фрэску — копію гравюры Кшыштафа Гарткноха (поль. Krzysztof Hartknoch) — аднаго з найвыдатнейшых гісторыкаў і картографаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVІІ стагоддзя, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы Яблонка (поль. Jabłonka).
Фрэска — копія гравюры Кшыштафа Гарткноха з XVІІ стагоддзя. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Трэцяя вежа — гэта вежа каталіцкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса з 1876 года ў неагатычным стылі. Варта ведаць, што пабудаваць святыню мясцовым католікам дапамагла мясцовая евангельская супольнасць.
— Уладальнік мясцовай цагельні, спадар Лягерман (Langermann) ахвяраваў значную частку цэглы на будаўніцтва гэтага касцёла. У сярэдзіне вы ўбачыце два вельмі прыгожыя, масіўныя падсвечнікі, якія, верагодна, на адкрыццё касцёла католікам ахвяравала мясцовая евангельская абшчына. Іншая цікавостка — назва касцёла адлюстраваная не традыцыйна ў алтары, але ў вітражы. Менавіта цэнтральны вітраж адлюстроўвае фігуру Хрыста з сэрцам, — кажа эксперт.
Kасцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса з 1876 года. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Касцёл размяшчаецца на месцы, дзе калісьці знаходзіўся тэўтонскі замак.
Kасцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса з 1876 года. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Канец XIX і пачатак XX стагоддзяў — гэта перыяд рашучага тэхналагічнага развіцця не толькі ў Польшчы, але і ў свеце. Напрканцы XIX стагоддзя ў горадзе зʼявілася чыгунка, а таксама газавае асвятленне.
— На пачатку XX стагоддзя ў горадзе ўзнікае сістэма водазабеспячэння, якая не змагла б функцыянаваць без воданапорнай вежы, якая не толькі функцыянальная, але і вельмі прыгожая(…) Гэта, несумненна, адна з самых прыгожых воданапорных вежаў на тэрыторыі Варміі і Мазураў. Форма будынка нагадвае кветку. Да вежы была дабудаваная гарадская баня, якая працавала да 1970-х гадоў. Воданапорная вежа з 1911 года — самая маладая з чатырох вежаў Пасымя, — нагадаў гід па Варміі і Мазурах Радаслаў Дамброўскі.
Вoданапорная вежа ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
У пачатку XX стагоддзя Пасым пачаў развівацца як турыстычны цэнтр. Ля рынкавай плошчы быў пабудаваны сучасны гатэль. Да 1945 года горад быў вядомым цэнтрам водных і зімовых відаў спорту, а таксама турыстычным цэнтрам. У цяперашняй вёсцы Рудзіска Пасымске(поль. Rudziska Pasymskie) на возеры Кальва быў пабудаваны турыстычны комплекс з гасцявым домам, трамплінам з падʼёмнікам, портам для яхт і шматлікімі кафэ.
Вoданапорная вежа ў горадзе Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны большая частка насельніцтва горада была дэпартавана ў Германію. Вясной 1946 года з-за разбурэнняў падчас вайны Пасым страціў гарадскія правы, якія атрымаў назад толькі ў 1997 годзе.
Kасцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса з 1876 года. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Воданапорная вежа заканчвае наш шпацыр па адным з найстарэйшых гарадоў Мазураў. Варта дадаць, што ён быў магчымы дзякуючы праекту, аўтарства Кола вясковых гаспадынь «Над Кальвай» (KGW «Nad Kalwą»).
— Праект гадавы. Сродкі мы атрымалі з «Польска-амерыканскага фонду свабоды», у прыватнасці праграмы «Дзейнічай на лакальным узроўні». У рамках нашага праекта адбыўся, між іншым, фестываль пляцення вянкоў, выраб лукаў і стральба з іх, а на працягу жніўня — экскурсіі з гідам, падчас якіх як госці, так і мясцовыя жыхары маглі пазнаёміцца з гісторыяй Пасымя, – заявіла старшыня арганізацыі спадарыня Бажэна Грабоўска (Bożena Grabowska).
Пасым — адзін з найстарэйшых гарадоў на Мазурах, зачароўвае сваёй інтымнай атмасферай і багатай гісторыяй. Яго варта наведаць не толькі дзеля выдатных архітэктурных помнікаў, з якіх мы згадалі толькі невялікую частку.
Возера Кальва, Пасым. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Яго маляўнічае размяшчэнне — суседства густых лясоў і чыстых возераў, стварае ідэальныя ўмовы для спакойнага адпачынку, рыбалкі і ўцёкаў ад мітусні вялікіх гарадоў.
Нядаўна горад падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў новую славутасць — пасля доўгага перапынку былі адноўленыя рэйсы суднам па возеры Кальва.
Анна Задрожна