У Беластоку ўжо чацвёрты раз адбылося Свята Варшаўскай вуліцы. Сёлета ўпершыню ў праграме мерапрыемства выразна была бачная і беларуская культура.
Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ад чэрвеня новую сядзібу менавіта на Варшаўскай вуліцы мае Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Таму падчас сёлетняга свята тут з’явіўся і беларускі падворак.
У праграме былі тэатральныя заняткі для дзяцей, музыка, беларускія народныя танцы, традыцыйныя спевы, канцэрт Аляксандра Памідорава, а таксама выстава і продаж беларускіх кніг.
Аляксандр Памідораў.
Беларуская частка свята далучылася і да польскай акцыі Нацыянальнага чытання. У Беластоку прагучалі «Дзяды» Адама Міцкевіча ў беларускім перакладзе – твор, які мае карані ў фальклоры, традыцыі і абрадаах земляў былога Вялікага Княства Літоўскага. Гаворыць дырэктар Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап.
– У мерапрыемстве мы ўдзельнічаем першы раз, бо толькі ад чэрвеня гэтага года мы маем сядзібу на Варшаўскай вуліцы. І натуральна, што мы далучыліся. Карыстаемся дворыкам Беларускага грамадска-культурнага таварыства, бо наш, на жаль, малы, а хацелася выйсці да людзей і разам з людзьмі пабыць. Думаю, што ў нас вельмі цікавая праграма. Былі тэатральныя заняткі для дзяцей разам з тэатральнай пастаноўкай. Ёсць музыка, танцы, канцэрт Памідорава. Можна таксама купіць розныя памятныя рэчы і беларускія кніжкі. Мы таксама падключыліся да Нацыянальнага чытання «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Сёння праходзіць Нацыянальнае чытанне, таму мы падумалі, што варта і тут прэзентаваць беларускую версію «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Тым больш, што «Дзяды» – гэта вельмі беларускі твор.
Адам Міцкевіч пісаў яго на падставе беларускага фальклору і беларускіх абрадаў. І такім чынам беларускія абрады ўвайшлі ў польскую культуру.
Актор Аляксандр Янджэеўскі лічыць, што ідэю Нацыянальнага чытання варта было б перанесці ў Беларусь.
– Увогуле, мне падаецца, што сама ідэя Нацыянальнага чытання – гэта вельмі-вельмі добрая задума, незалежна ад таго, у якой краіне гэта робіцца. Тое, што Польшча праводзіць гэта ўжо 15 год запар, паказвае, што людзям гэта цікава, што яны прыходзяць на такія мерапрыемствы. І я, шчыра кажучы, быў бы вельмі шчаслівы, калі б нешта падобнае адбывалася ў Беларусі.
Чаму гэта варта рабіць? Для таго, каб людзі памяталі, ведалі. Што датычыць «Дзядоў», то гэта вельмі складаны твор. Па-першае, ён напісаны няпростай, ужо даволі старажытнай мовай, няпростая там і рыфма. Але галоўная ідэя гэтага твора, як мне падаецца, – памяць пра продкаў. А мы ў свой час ужо трошкі губляем гэтую сувязь з продкамі – праз міграцыю, вымушаную ці нявымушаную. Але сувязь з продкамі павінна заставацца. Як кажуць псіхолагі, мы нават чэрпаем пэўную энергію і сілу ад продкаў.
Свята Варшаўскай вуліцы.
Лідар гурта «Дзіваснубы» Арцём гаворыць, што ён здаўна цікавіцца традыцыйнай культурай.
– Мяне завуць Арцём. Я даўно ўжо цікаўлюся традыцыйнай культурай, традыцыйнымі спевамі, народнымі танцамі. З нядаўняга часу пачаў граць на барабане – гэта новы для мяне інструмент. Мы разам з маім сябрам Міколам заснавалі капэлу, гурт. Галоўная ідэя ў мяне была такая: я проста хацеў патанчыць у Беластоку беларускія народныя танцы. А такой магчымасці не было. Раней Мікола калісьці рабіў такія танцы, але потым усё гэта згасла. Мы з ім паразмаўлялі і зразумелі, што ў нас ёсць агульная мэта. Вырашылі стварыць такі гурт, каб даць людзям у Беластоку магчымасць атрымаць асалоду ад такога мастацтва, як беларускі танец. Ну і чаму б заадно не паспяваць? Мы спяваем пераважна мужчынскія традыцыйныя песні: рэкруцкія, лірычныя, застольныя.
Тут, у рамках Свята Варшаўскай вуліцы, мы таксама прайшліся па самой Варшаўскай. Гэта, напэўна, даволі незвычайна, не кожны дзень тут такое здараецца. Мы жывём у 2026 годзе, і ўсё патрабуе рэкламы, маркетынгу. Гэта была такая своеасаблівая піар-акцыя, каб зацікавіць больш людзей і запрасіць іх да нас. Хтосьці падыходзіў, рабіў з намі фотаздымкі, цікавіўся, што адбываецца. А мы запрашалі ўсіх у беларускі падворак.
Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл