Караліна Лізэр (Karolina Lizer) — таленавітая пяснярка, перакладчыца і аўтарка тэкстаў песень, а таксама выпускніца музычных навучальных устаноў па класе фартэпіяна, клавесіна і эстраднага вакалу. Яна ўдасканальвала сваё майстэрства дзякуючы супрацы з іншымі выканаўцамі.
Некалькі гадоў таму на 59-м Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі яна перамагла ў канцэрце «Прэм'еры» з песняй «Czysta woda». Яна таксама атрымала ўзнагароду па выніках галасавання гледачоў. Караліна Лізэр стала папулярнай дзякуючы ўдзелу ў адборы на конкурс «Еўрабачанне» ў 2022 годзе. Яна выконвае музыку, якая спалучае ў сабе элементы фолку і джаза. Яна не толькі спявае, але і іграе на фартэпіяна ды клавесіне.
Артыстка супрацоўнічае з выдатнымі інструменталістамі, кампазітарамі і выканаўцамі, а таксама працавала з кабарэ-трупай. Разам з вядомым піяністам Багданам Галоўняй (Bogdan Hołownia) яна запісала дзесяць песень з рэпертуару «Kabaret Starszych Panów» («Кабарэ пажылых спадароў»), а таксама дзесяць джазавых стандартаў — у яе ўласных аранжыроўках і з тэкстамі на польскай мове, — якія можна пачуць на яе канцэртах.
У жніўні 2021 года на фестывалі «Singer's Warsaw» Лізэр прадставіла сваю музычную падборку яўрэйскіх песень, перакладзеных на польскую мову выдатнымі паэтамі, уплеценых у апавяданне пра ўспаміны маладой дзяўчыны.
Новая кампазіцыя Караліны носіць назву «Pieśń o lataniu» («Песня пра палёт»). Яна кажа, што гэта яе ўласны эксперымент. Музыку да песні «Pieśń o lataniu» напісаў Марцін Партыка (Marcin Partyka), аўтар адзначанай узнагародамі кампазіцыі «Czysta woda». Словы напісала Віялета Магдалена Віткоўска (Wioleta Magdalena Witkowska). «Pieśń o lataniu» ўвойдзе ў будучы альбом.
«Усе песні ўвасабляюць радасць і любоў — не толькі да іншага чалавека, але і да навакольнага свету, — а таксама змяшчаюць адсылкі да прыроды», — адзначыла Караліна ў эфіры Польскага радыё, распавядаючы пра сваю творчасць і новы альбом.
Jestem w niebie na pewno,
może to pieśń.
Czas wysoko nade mną,
nie mija dzień.
Coś pcha mnie naprzód tą drogą
i w ciszy pól
wznoszę się sama nad sobą
do chmur.
Jawi mi się czułość najczulsza,
gdy w rumiankach drżę z powietrzem,
by tę cząstkę ukołysać
co od dawna usnąć nie chce.
Jawią mi się łąki różane,
łąki w brzasku sercem pisane,
lecz gdy wrócę znów pod dach to zapomnę o tych snach.
Jestem w niebie być może, kto to wie.
Wiatru głodna jak orzeł
wciąż zmieniam bieg.
Kto mnie rankiem otuli, gdy ten zew pogna z dala od braci, od drzew.
Skrop mnie deszczu skrzydlaty
ciszą maków bogaty,
z moich dłoni jak z liści lekko spłyń.
Deszczu w rannym ogrodzie chłodny deszczu wschodzie,
tylko oszczędź me sny, oszczędź sny.
Я, несумненна, у раі, а можа, гэта песня. Час застыў высока нада мной; дзень не мінае. Нешта штурхае мяне наперад па гэтым шляху, і ў цішыні палёў я ўзлятаю сама над сабой да аблокаў.
Мне адкрываецца самая пяшчотная пяшчота, пакуль я дрыжу разам з паветрам сярод рамонкаў, каб усыпіць тую частку мяне, якая даўно не хоча заснуць. Мне мрояцца ружовыя лугі, лугі на світанні, сэрцам напісаныя. Але, калі я вярнуся пад дах, я забуду гэтыя сны.
Я ў раі, магчыма — хто ведае? Прагнучы ветру, нібы арол, я ўвесь час змяняю свой шлях. Хто атуліць мяне цяплом на досвітку, калі гэты кліч панясе мяне далёка ад родных і дрэў? Акрапі мяне, крылаты дождж, поўны цішыні макаў; сцякай мякка з маіх далоняў, нібы раса з ліста. Дождж у ранішнім садзе — прахалодны дождж, што падымаецца ўгору — толькі не чапай маіх сноў; не чапай маіх сноў...
Coś pcha mnie naprzód tą drogą — нешта штурхае мяне наперад па гэтай сцежцы або па гэтым шляху. На беларускай мове ёсць і дарога,і шлях. Слова «шлях» у гэтым выпадку можа мець больш пераноснае, індывідуальнае значэнне, у той час як «дарога» часцей абазначае канкрэтную прастору для руху. У дадзеным выпадку больш падыходзіць шлях. Па-беларуску мы б сказалі “ідзі па гэтым шляху” або “па гэтай дарозе”, а паляк скажа “idź tą drogą”.
Jawią mi się łąki różane, łąki w brzasku sercem pisane — мне мрояцца ружовыя лугі, лугі на світанні, сэрцам напісаныя. Трэба прызнаць, што гэтыя радкі заслугоўваюць самай высокай адзнакі, як прыклад выдатнай паэзіі. І добра, што такая паэзія знаходзіць сваіх удзячных слухачоў, у тым ліку на канцэртах.
Wiatru głodna jak orzeł wciąż zmieniam bieg — прагнучы ветру, нібы арол, я ўвесь час змяняю свой шлях. Таксама можна было б замест слова “шлях” сказаць “палёт”, каб пераклад быў таксама багаты пераносным сэнсам, як арыгінал. Дарэчы, у загалоўку ідзе гаворка менавіта пра палёт (“Песня пра палёт”).
Tylko oszczędź me sny —толькі не чапай маіх сноў. Варта памятаць гэты зварот на польскай мове – oszczędzać можна не толькі грошы, але і чалавека. Напрыклад:
Oszczędź mi szczegółów — Не ўдавайся ў падрабязнасці (я не хачу гэта ведаць). Oszczędź go — Пашкадуй яго (не чапай яго), злітуйся над ім.
нг