Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Дом Керэта» — найвузейшая кватэра ў свеце знаходзіцца ў Варшаве (ФОТА/ВІДЭА)

18.10.2026 06:02
Ідэя стварыць нетыповы аб'ект прыйшла ў галаву польскаму архітэктару, калі ён сядзеў у дворыку паблізу рэстарана.
Аўдыё
  • «Дом Керэта» – найвузейшая кватэра ў свеце знаходзіцца ў Варшаве
     , 20  2012 .
Архітэктар Якуб Шчэнсны ў «Доме Керэта», 20 кастрычніка 2012 года. PAP/Grzegorz Jakubowski

У варшаўскім раёне Воля, на скрыжаванні Жэлязнай (Жалезнай) і Хлоднай (Халоднай) вуліц размешчаны самы вузкі дом у свеце. Афіцыйнае адкрыццё «Дома Этгара Керэта», бо так ён называецца, адбылося 20 кастрычніка 2012 года.

Ідэя стварыць гэты нетыповы абʼект прыйшла ў галаву архітэктару Якубу Шчэнснаму, калі ён сядзеў у дворыку паблізу рэстарана. Калі Шчэнсны ўбачыў на другім баку вуліцы цёмную шчыліну паміж двума дамамі, ён прыдумаў праект, які стаў адной з самых варʼяцкіх, але адначасова і арыгінальных, архітэктурных ідэй апошніх гадоў.

Шчыліна, якая натхніла архітэктара, знаходзіцца ў незвычайным месцы. Яна падзяляе два будынкі: даваенную камяніцу і гмах 1970-х гадоў. Падчас вайны ў месцы, дзе знаходзіцца арт-праект, было яўрэйскае гета. З гісторыяй гэтага месца звязаны праект Шчэнснага, а таксама асоба жыхара «вузкага дома» — Этгара Керэта, ізраільскага пісьменніка з польскімі каранямі.

Рабочыя мантуюць каркас «Дому Керэта» ў шчыліне паміж дамамі. Вераснь 2012 года. PAP/Rafał Guz  Рабочыя мантуюць каркас «Дому Керэта» ў шчыліне паміж дамамі. Вераснь 2012 года. PAP/Rafał Guz

Маці Керэта нарадзілася ў 1934 годзе ў Варшаве. У час вайны яна знаходзілася ў Варшаўскім гета. Яе сям’я загінула, але яна выжыла і пасля вайны эмігравала ў Ізраіль.

— Мая маці не вярнулася ў Польшчу, але тое, што мая творчасць карыстаецца поспехам у краіне, дзе яна нарадзілася, для яе важна. Калі яна прачытала маю першую кнігу, выдадзеную на польскай мове, то сказала, што я зусім не ізраільскі пісьменнік, а польскі пісьменнік у выгнанні, – казаў літаратар перад адкрыццём «Дома Керэта».

Бацька Керэта таксама нарадзіўся ў Польшчы: вайну ён перажыў у невядомай мясцовасці ў схованцы, дзе хаваўся разам з іншымі яўрэямі.


Паверхня дома, які Якуб Шчэнсны спраектаваў для Этгара Керэта, складае ўсяго 14 квадратных метраў. Самае шырокае месца дома мае 122 см, самае вузкае — 72 см. Унутры ёсць усё, што павінна быць у доме: гасцёўня з пуфам, пісьмовы стол для працы, пліта і туалет, сумешчаны з душам. На другі паверх, дзе знаходзіцца ложак і пісьмовы стол шырынёй 90 см, трэба падымацца па сходах.

Ложак у «Доме Керэта». PAP/Grzegorz Jakubowski Ложак у «Доме Керэта». PAP/Grzegorz Jakubowski

Паводле польскага заканадаўства, будынак з такімі габарытамі не можа лічыцца жылым домам, таму ён афіцыйна кваліфікуецца як мастацкая інсталяцыя. Святло ў памяшканне пранікае праз два вокны, якім хапіла месца на фасадзе, а таксама скрозь напаўпразрыстыя шкляныя панэлі, з якіх зробленыя сцены. Дом не падключаны да гарадскіх сістэм водазабеспячэння, ацяплення і каналізацыі, а абсталяваны ўласнымі інавацыйнымі сістэмамі. А вось электрычнасцю яго сілкуюць суседнія жылыя дамы.

Томаш Фудаля з Варшаўскага музею сучаснага мастацтва звяртае ўвагу на тое, што малыя дамы дзясяткі гадоў таму ўжо праектаваў славуты Ле Карбюзье (архіўны запіс Польскага радыё).

— Вуліца Хлодна — фактычна музей архітэктуры. Там ёсць і шматкватэрны дом 1960-х гадоў, і 100-гадовая камяніца, і будынкі гета, сакральная архітэктура, сацрэалізм, постмадэрнізм і сучасны хмарачос. А побач Шчэнсны вырашыў пабудаваць дом з мінімальнай жылой плошчай.
Аднойчы Ле Карбюзье пабудаваў невялікі драўляны дом, які меў усяго дзесяць квадратных метраў. Гэта стала традыцыяй у архітэктуры, якая сведчыць пра тое, што сапраўды можна шмат чаго размясціць на невялікай плошчы, проста трэба добра прадумаць і спраектаваць. І Шчэнсны пабудаваў вузкі доўгі абʼект, у якім уся камунікацыя паміж паверхамі адбываецца па лесвіца.
Літаральна 100 см шырыні, але вы можаце там жыць свабодна. Архітэктара таксама натхнілі апавяданні Этгара Керэта, які зʼяўляецца майстрам кароткай формы. Ён умее апісаць самыя розныя і складаныя міжчалавечыя адносіны ў вельмі сціслай форме.
Пісьменніку спадабалася ідэя. І з таго часу дом Карэта стаў месцам, куды запрашаюць музыкантаў, пісьменнікаў і мастакоў пажыць там на некаторы час. Яны прыязджаюць сюды з усяго свету.


Керэт казаў на адкрыцці, што ён вельмі крануты, таму што ў ягонай сямʼі не было ў Варшаве дома 70 гадоў. Ён зазначыў, што ўпершыню прыязджае ў Польшчу не як турыст ці пісьменнік з новай кнігай — ён прыязджае сюды дадому.

Якуб Шчэнсны (зверху) і Этгар Керэт у доме. PAP/Grzegorz Jakubowski Якуб Шчэнсны (зверху) і Этгар Керэт у доме. PAP/Grzegorz Jakubowski

Ізраільскі пісьменнік таксама стаў старшынём журы праграмы, якая займаецца арганізацыяй у «Доме Керэта» творчых рэзідэнцый, у якіх удзельнічаюць дзеячы культуры з усяго свету. Сюды прыязджаюць як вядомыя людзі культуры, так і маладыя творцы. Акрамя таго, «Дом Керэта» арганізуе лекцыі і творчыя майстар-класы. Гэта важная платформа для творчай працы і інтэлектуальнага абмену ў Польшчы.

Якуб Шчэнсны вучыўся на факультэце архітэктуры Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэта, у Вышэйшай тэхнічнай школе архітэктуры ў Барселоне і Вышэйшай архітэктурнай школе ў Парыжы. Ён — уладальнік мноства прэмій, у тым ліку міжнародных.

Праект узнік дзякуючы супрацоўніцтву з Фондам польскага сучаснага мастацтва і фінансавай дапамозе мэрыі Варшавы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу