Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Музычны ўрок польскай мовы: песня, якая стала сімвалам грамадскіх настрояў у Польшчы пачатку 80-ых

23.10.2026 11:45
Упершыню яе прадставілі на фестывалі ў Аполі ў 1981 годзе.
Krystyna Prońko
Krystyna Prońkomat. prasowe

Крыстына Пронька (Krystyna Prońko) – спявачка, якую цэняць за моцны голас, джазавую свабоду і ўменне надаваць песням асаблівую глыбіню. Яе кампазіцыі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаюць важнае месца ў гісторыі польскай эстраднай музыкі.

Выканаўца нарадзілася ў студзені 1947 года ў Гожаве-Вялікапольскім у сям’і з музычнымі традыцыямі. Яе браты таксама сталі музыкантамі. Перш чым атрымаць папулярнасць як спявачка, яна выступала ў аматарскім ансамблі Refleks, а ў 1970 годзе пачала прафесійную кар’еру ў гурце Respekt. У гэты ж перыяд яна выступала ў бэк-вакале, суправаджаючы Чэслава Немэна.

Аднак Пронька не абмяжоўвалася сцэнічным досведам. Яна вучылася на факультэце джазавай і эстраднай музыкі ў Музычнай акадэміі ў Катавіцах. Музычная адукацыя дапамагла ёй удасканаліць вакальнае майстэрства і выпрацаваць уласны стыль, які спалучае элементы джазу, соўлу, року і поп-музыкі.

Самым важным перыядам у яе кар’еры сталі 70-я і 80-я гады мінулага стагоддзя. Спявачка неаднаразова атрымлівала ўзнагароды на Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі. Сярод яе самых вядомых твораў — «Małe tęsknoty» («Маленькія тугі»), «Poranne łzy» («Ранішнія слёзы»), «Deszcz w Cisnej» («Дождж у Ціснай») і «Jesteś lekiem na całe zło» («Ты — лек ад кожнага зла»). Апошняя песня дагэтуль застаецца адным з самых пазнавальных хітоў з яе рэпертуару.

Асаблівае месца ў творчасці Крыстыны Пронькі займае «Psalm stojących w kolejce» («Псальм тых, хто стаіць у чарзе»). Песня ўвайшла ў склад музычнай пастаноўкі «Kolęda Nocka», тэкст да якой напісаў Эрнэст Брыль (Ernest Bryll), а музыку — Войцех Тшціньскі (Wojciech Trzciński). Упершыню яе прадставілі на фестывалі ў Аполі ў 1981 годзе. Твор стаў адным з сімвалаў грамадскіх настрояў у Польшчы пачатку 1980-х гадоў. Яго сэнс выходзіў далёка за межы звычайнай эстраднай песні.

Крыстына Пронька – не толькі пяснярка, але і кампазітарка, музычная прадзюсарка і педагог. Яна выкладала вакал, у тым ліку ва ўніверсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, а таксама займалася музычнай журналістыкай. У 2008 годзе артыстка атрымала сярэбраны медаль «За заслугі перад культурай Gloria Artis», а ў 2019 годзе была ўзнагароджаная медалём стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. А вашай увазе кампазіцыя «Psalm stojących w kolejce». 


Za czym kolejka ta stoi?

Po szarość, po szarość, po szarość!

Na co w kolejce tej czekasz?

Na starość, na starość, na starość!

 

Co kupisz, gdy dojdziesz?

Zmęczenie, zmęczenie, zmęczenie!

Co przyniesiesz do domu?

Kamienne zwątpienie, zwątpienie!

 

Bądź jak kamień, stój, wytrzymaj,

Kiedyś te kamienie drgną.

I polecą, jak lawina,

Przez noc, przez noc, przez noc!..

Па што гэтая чарга стаіць? Па шэрасць, па шэрасць, па шэрасць! Чаго ты чакаеш у гэтай чарзе? Старасці, старасці, старасці! Што ты купіш, калі дастаіш да канца? Стомленасць, стомленасць, стомленасць! Што ты прынясеш дадому? Каменнае пачуццё сумневу, сумневу!

Будзь як камень — стой, трымайся моцна; Аднойчы гэтыя камяні зрушацца. І яны хлынуць, як лавіна, праз ноч, праз ноч, праз ноч!


Вось такая песня, у якой няшмат слоў, але яе гучанне вельмі моцнае. Яно прыносіць нам з далёкага 80-ага года атмасферу тагачаснай Польшчы – калі жыхары краіны змагаліся з камуністычным рэжымам, падпарадкаваным Савецкаму Саюзу. Нагадаю, у 1981 годзе было ўведзена ваеннае становішча, у адказ на масавыя грамадскія пратэсты і заснаванне Прафсаюза Салідарнасць, які пачаў прыцягваць тысячы прыхільнікаў. Тут «kolejka» (чарга) як у прамым сэнсе, паколькі гэта была эра ўсеагульнага дэфіцыту, так і пераносным – як чаканне чагосьці, што павінна абавязкова прыйсці.

Psalm stojących w kolejce – так называецца кампазіцыя. Гэта прамая аналогія з рэлігійным жыццём. Палякі заўсёды былі вельмі рэлігійным народам. Цяпер гэта паступова мяняецца, але ў часы Польскай Народнай Рэспублікі каталіцкі касцёл меў вельмі моцную пазіцыю.

Za czym kolejka ta stoi? – па што чарга стаіць? Звярніце ўвагу, што тут, відаць, спецыяльна, аўтар выкарыстаў русіцызм. Па-польску, таксама, дарэчы, як і па-беларуску, правільная канструкцыя «po co kolejka ta stoi?» (па што стаіць чарга), але далей ужо ідзе правільнае словазлучэнне – «po szarość» (па шэрасць). 

Kolejka – гэта польская чарга, але гэты выраз можа азначаць таксама чыгунку. «Kolej» – гэта чыгунка, калісьці поўная назва была «kolej żelazna» (жалезная чыгунка), а цяпер засталася адна толькі «kolej», але ёсць таксама «kolejka (альбо «kolej») wąskotorowa» – вузкакалейка.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы