Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сасна на Сакаліцы і іншыя сімвалы Пяніньскага нацыянальнага парку (ФОТА/ВІДЭА)

23.10.2026 18:00
Усе хочуць сфатаграфавацца з ёй, але мала хто ведае, што гэтай рэліктавай сасне больш за 500 гадоў.
Аўдыё
  • Пяніньскі нацыянальны парк
   .
Рэліктавая сасна на Сакаліцы. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Пяніны (Pieniny) — адзін з самых захапляльных і маляўнічых куткоў Польшчы, дзе рака Дунаец (Dunajec) праразае велізарныя вапняковыя скалы. Нягледзячы на тое, што гэта адна з самых маленькіх ахоўных тэрыторый у Польшчы, то яе культурнае і прыроднае значэнне велізарнае.

Панарама з Высокай — найвышэйшай вяршыні Пяніньскіх гор. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Панарама з Высокай — найвышэйшай вяршыні Пяніньскіх гор. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Каб цалкам зразумець феномен гэтага месца, мы павінны вярнуцца ў 1920-я гады, калі нарадзілася наватарская ідэя абараніць гэты ўнікальны ландшафт ад бязлітаснай эксплуатацыі.

Панарама з Трох Каронаў. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Панарама з Трох Каронаў. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Такім чынам 1 чэрвеня 1932 года быў заснаваны Нацыянальны парк у Пянінах — сёння гэта Пяніньскі нацыянальны парк (Pieniński Park Narodowy). Гэта быў не толькі першы нацыянальны парк у Польшчы, але і адзін з першых у Еўропе і другая ў свеце трансгранічная ахоўная зона, створаная сумесна з суседняй тады Чэхаславакіяй.

Рака Дунаец. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Рака Дунаец. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Тры прыярытэты: ахова прыроды, навука і адукацыя

Сучаснае функцыянаванне Пяніньскага нацыянальнага парку — гэта складаная сістэма, у якой ахова яго самых дзікіх і каштоўных куткоў павінна ісці рука аб руку з адкрыццём для турызму, канстатуе кіраўнік Аддзела даступнасці Пяніньскага нацыянальнага парку, каардынатар праектаў па ахове прыроды спадар Анджэй Кавальскі (Andrzej Kowalski).

— Самі мэты нацыянальнага парку застаюцца нязменнымі і яны замацаваныя ў Законе аб ахове прыроды. У першую чаргу гэта ахова прыроды, гэтага кавалачка зямлі, які ахоплівае Нацыянальны парк, забеспячэнне даступнасці Нацыянальнага парку для навуковых даследаванняў, дзе мы назіраем за прыроднымі працэсамі, якія тут адбываюцца, і сапраўды даведваемся, як тут функцыянуе прырода, як яна дзейнічае, як спраўляецца. Яшчэ адна важная і вырашальная мэта Нацыянальнага парку — зрабіць яго даступным для наведвальнікаў, таму што парк, па сутнасці, з'яўляецца ўласнасцю ўсіх нас — народу, і таму мы хочам убачыць гэты кавалачак прыроды; гэтае месца, якое мы вылучылі з-за ландшафтных, культурных і прыродных каштоўнасцей. А трэцім важным элементам дзейнасці Нацыянальнага парку і яго нязменных мэтаў зʼяўляецца адукацыя, — кажа спадар Кавальскі.

Урoчнік. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Урoчнік. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Унікальныя жыхары Пяніньскага нацыянальнага парку

Спецыфічныя геалагічныя ўмовы, рэльеф і сонечнае святло прычыняюцца да таго, што на вапняковых сценах узнікаюць мікраасяроддзі, карысныя для пражывання ўнікальных відаў.

— Напрыклад, Erysimum pieninicum — двухгадовая расліна, якая расце, сярод іншага, на Замкавай гары (схілы гары, на якой размяшчаецца Чорштынскі замак — рэд.). Гэта эндэмічны від, які сустракаецца на гэтым узгорку ў парку, дзе мы таксама пасвім коз. Гэтыя козы проста ачышчаюць луг ад хмызняку, што дапамагае падтрымліваць папуляцыю згаданай рэдкай расліны ў Пяніньскіх гарах. У сваю чаргу, калі казаць пра фаўну, то гэта несумненна матыль Апалон (Parnassius apollo). Гэта адзін з буйнейшых дзённых матылькоў, якія сустракаюцца тут, у парку. Ён характарызуецца чырвонымі кропкамі з чорнай аблямоўкай на ніжніх крылах. Дарэчы яго польская назва — «Niepylak apollo» паходзіць ад таго, што на яго крылах невялікая колькасць лускавінак, таму, ён не скідае пылок, як іншыя матылькі. Адсюль і польская назва, — паясняе прадстаўнік парку.

Трых Кароны. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Трых Кароны. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Больш за мільён наведвальнікаў у год

Адносна лёгкая даступнасць Пянінаў, а таксама рост папулярнасці кароткіх паездак з мэтай адпачынку, якія апошнім часам сталі вельмі папулярныя ў Польшчы, прычыняюцца да раптоўнага росту колькасці турыстаў у Пянінах, які мае таксама свае сурʼёзныя наступствы для прыроднага асяроддзя парку. У выніку загружанасці сцежак, асабліва ў летнім сезоне, супрацоўнікі парку прымушаны працягваць штогадовую барацьбу за іх утрыманне.

Сплаў па рацэ Дунаец. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Сплаў па рацэ Дунаец. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

— Штогод Пяніньскі нацыянальны парк наведвае крыху больш за мільён турыстаў, бо і ён вылучаецца сваімі ландшафтнымі, прыроднымі і культурнымі каштоўнасцямі. У нас ёсць некалькі флагманскіх славутасцей, у першую чаргу Даліна ракі Дунаец і сплавы па рацэ, вяршыні Сакаліца (Sokolica) і Трых Кароны (Trzy Korony), а таксама Чорштыньскі замак (Zamek Czorsztyn), які быў уключаны ў склад парку ў 1996 годзе(…) Плошча нашага парку таксама невялікая і складае прыблізна 2 300 гектараў. Такім чынам, гэта адзін з самых маленькіх паркаў у Польшчы. Меншым з’яўляецца толькі Айцоўскі нацыянальны парк (Ojcowski Park Narodowy). Прывабнасць парку і яго даступнасць прыводзіць да росту колькасці турыстаў, асабліва ў жніўні. Натуральна, мы чакаем, што гэтыя сцежкі будуць хутчэй зношвацца, таму кожны год мы праводзім іхны рамонт і рэканструкцыю, каб забяспечыць іх камфорт для турыстаў(…), бо яны прызначаны для накіравання турыстычнага патоку, каб турысты іх не пакідалі, каб яны маглі любавацца тым, што знаходзіцца ўздоўж сцежак, але адначасова не знішчаць гэтага (…)Цяжка вызначыць найбольшыя правіны турыстаў, але я думаю, што адна з іх — гэта выхад за межы ахоўных барʼераў, асабліва на Сакаліцы, дзе, акрамя знішчэння дзікай прыроды, якая насамрэч змагаецца за выжыванне, мы таксама ўяўляем велізарную небяспеку для сябе, — кажа спадар Кавальскі.

Рэліктавая сасна на Сакаліцы. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Рэліктавая сасна на Сакаліцы. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Рэліктавая сасна на Сакаліцы і 500 гадоў гісторыі

Адным з сімвалаў Пяніньскіх гор, які адлюстраваны на мільёнах паштовак і фатаграфій, з’яўляецца адзінокае карлікавае дрэва, маляўніча размешчанае на схіле Сакаліцы. Гэтая незвычайная сасна, якая перажыла стагоддзі ў надзвычай суровых умовах, у апошнія гады апынулася ў цэнтры драматычных падзеяў.

— Вы правільна адзначылі, што гэта адзін з сімвалаў Пянінаў. Гэтая сасна звычайная, расце там адна. Памер дрэва складае яго эстэтычную каштоўнасць, бо яно такое маленькае, а ўмовы росту вельмі складаныя, сярод іншага, з-за скалы на якой яно расце, але і атмасферных умоў — ветру, уздзеяння маланак. Яго эстэтыка прыцягвае вялікую ўвагу, асабліва фатографаў(…) Мы ведаем, што гэтая сасна разам з большай групай дрэў, якія там растуць, утварае рэліктавы лес. (…) У 2018 годзе на Сакаліцы быў траўмаваны турыст і на дапамогу яму быў адпраўлены верталёт. Падчас выратавальнай акцыі была пашкоджаная верхняя галінка сасны. Пасля кансультацыі з навукоўцамі парк вырашыў адрэзаць гэтую галінку. І гэта стала падставай для правядзення навуковых даследаванняў. Сярод іншага, навукоўцы вызначылі, што ёй прыблізна 160 гадоў, а такім чынам можна меркаваць, што ўсяму дрэву – каля 500 гадоў, бо гэта ўсяго адна галінка, — расказвае кіраўнік Аддзела даступнасці Пяніньскага нацыянальнага парку, каардынатар праектаў па ахове прыроды спадар Анджэй Кавальскі.

Пяніньскі нацыянальны парк. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё Пяніньскі нацыянальны парк. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Ён таксама падказвае нам, як свядома адкрыць для сябе Пяніны. У прыватнасці перад уваходам у Пяніньскі нацыянальны парк варта паглядзець і пазнаёміцца з прыроднымі выставамі, у тым ліку ў сядзібе парку ў гарадку Красценка на рацэ Дунаец (Krościenko nad Dunajcem) і астатнімі экспазіцыямі, якія размешчаныя ля галоўных уваходаў у парк.

Шлях на Сакаліцу з Трох Каронаў. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Шлях на Сакаліцу з Трох Каронаў. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Даследаванне Пяніньскага нацыянальнага парку — гэта захапляльны ўрок пакоры перад сілай і мастацтвам прыроды. Каб цалкам зразумець унікальны характар гэтага рэгіёна, мы павінны памятаць пра тое, што прырода і дзейнасць чалавека пераплятаюцца тут стагоддзямі. Напрыклад, традыцыйны рэдык і выпас авечак — гэта частка шматпакаленчай спадчыны і захавання культурнага ландшафту, які стагоддзямі вызначаў мясцовую ідэнтычнасць.

Руіны Пяніньскага замка. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Руіны Пяніньскага замка. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Анна Задрожна


Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Як сярэднявечная крэпасць стала сімвалам Пяніньскіх гор (ФОТА)

16.10.2026 17:00
З маляўнічых руінаў можна палюбавацца адной з найпрыгажэйшых панарамай у Польшчы.