Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўрапейская мапа скарбаў Беларусі: пірацкі стыль, лацінка і нечаканыя артэфакты

06.11.2026 13:25
Мастак, беларус з Даніі з творчым псеўданімам Пан Змітор стварыў еўрапейскую мапу скарбаў, якія тым ці іншым чынам звязаныя з беларускай гісторыяй.
Аўдыё
  • Еўрапейская мапа скарбаў Беларусі: пірацкі стыль, лацінка і нечаканыя артэфакты
Пан Змітор на фоне мапы скарбаўфота: Беларуская служба Польскага радыё

Мапа зроблена ў пірацкім стылі. Чаму? Па словах мастака, менавіта пірацкая тэма дазваляе большую творчую свабоду. На мапе паказаныя артэфакты, якія распавядаюць пра еўрапейскую гісторыю Беларусі. Многія з гэтых рэчаў вядомыя толькі вузкаму колу гісторыкаў, таму, на думку Пана Змітора, вельмі цікава пры дапамозе мапы коратка і візуальна распавесці ўсю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад нараджэння Хрыста і да нашых дзён. На мапе 37 артэфактаў і месцаў, якія можна рэальна наведаць.

Спадзяюся, гэтая мапа натхніць людзей падарожнічаць, шукаць скарбы, адкрываць нанова гісторыю, адказваць на пытанні: хто мы, за што мы змагаемся і чаго мы хочам, кажа Пан Змітор.

Першапачаткова аўтары планавалі значна большы маштаб праекта. Спачатку ў спісе былі сотні артэфактаў, і калі яны зразумелі, што раздрукаваць мапу з такой колькасцю артэфактаў проста немагчыма і месца на ўсё не хопіць, прышлося паглядзець на сітуацыю з іншага боку. Аўтары паглядзелі не на тыя артэфакты, што знайшлі, а менавіта на пэўныя вехі беларускай гісторыі. Таму на кожную падзею ці асобу было абрана па адным артэфакту, каб праз спіс гэтых падзей азнаёміцца з еўрапейскай часткай гісторыі Беларусі.

— У нас не было магчымасці там зрабіць, напрыклад, пяць артэфактаў на БНР. Аднак менавіта так паўстала гэтая ідэя, што калі прачытаць спіс гэтых артэфактаў, можна азнаёміцца менавіта з еўрапейскай часткай гісторыі Беларусі, — гаворыць Пан Змітор.


Мапа скарбаў аўтарства Пана Змітора Мапа скарбаў аўтарства Пана Змітора

Пры гэтым у Польшчы і іншых краінах Еўропы знаходзіцца надзвычай шмат артэфактаў і музеяў звязаныя з беларускай гісторыяй, пачынаючы ад помнікаў Кастусю Каліноўскаму і карцін пра падзел Рэчы Паспалітай і заканчваючы магіламі Рагвалода ці першым меркаваным хрысціцелем Полацкага княства — святым Торвальдам з Ісландыі.

— На першы погляд са Скандынавіяй Беларусь мала што звязвае, але калі так паглядзець, ёсць жа летапісныя запісы «Рагвалод прыйшоў з-за мора», а мора якое ў нас тут самае бліжэйшае — Балтыйскае, і вельмі лагічна, што знайшлося нават некалькі кандыдатаў на Рагвальда.

Асобнае месца ў праекце Пана Змітора займае пытанне лацінкі. Ён тлумачыць, што ў дызайне знайсці адпаведныя, прыгожыя кірылічныя шрыфты ў дзясяткі разоў цяжэй, чым лацінскія. Тады прыйшла ідэя распрацаваць спецыяльную эксперыментальную лацінку з простых лацінскіх літар, якая б магла адэкватна перадаваць гукі.

Яна ўжо была пратэставаная на шматлікіх тэкстах, кнігах і анталогіях беларускай літаратуры ў Даніі, гаворыць Пан Змітор.

— І я веру, што гэта проста можа быць яшчэ адным крокам, каб наблізіць Беларусь да сваіх каранёў, таму што вось вельмі цікава, што большасць такіх знакавых дакументаў у гісторыі нашай краіны, напрыклад, Крэўская ўнія, былі напісана на лацінскай мове.

Мапа беларускіх скарбаў у Еўропе была створаная як ідэя-суправаджальная для прэзентацыі Крыжа Сафіі (Дагмар).

У далучаным гукавым файле — размова з творцам. Слухайце аўдыё