Манеты і банкноты, сабраныя ў нумізматычных калекцыях, гэта не проста гістарычныя плацежныя сродкі і каштоўныя музейныя экспанаты, але, перш за ўсё, унікальная крыніца гістарычных ведаў і матэрыяльны запіс рэалій мінулых эпох.
Кожная манета — ад старажытнарымскіх дэнарыяў да сучасных талераў — служыць унікальным носьбітам прапагандысцкай, палітычнай і эканамічнай інфармацыі.
У такое захапляльнае падарожжа праз стагоддзі «грашовай гісторыі» дазваляе нам адправіцца нумізматычныя калекцыя Замойскага музея ў Замасці — адна з найбагацейшых у Польшчы.
У склад калекцыі, якая ў 2026 годзе адзначала сваё 100-годдзе, уваходзяць манеты ад старажытнасці да сучаснасці, рэдкія банкноты і каштоўныя паперы, медалі, медальёны, штампы, адзнакі, значкі і ўзнагароды — агулам каля 13,5 тысячы каштоўных экспанатаў.
Сапраўдным падмуркам калекцыі з'яўляюцца манеты, якія адносяцца да часоў уздыму Рымскай імперыі. У першую чаргу, гэта рымскія, сярэбраныя дэнарыі, адчаканеныя паміж I і IV стагоддзямі нашай эры. Ёсць сярэднявечныя манеты з X, XI і XII стагоддзяў. І, нарэшце, сучасныя манеты з XV па XX стагоддзе ўключна.
Акрамя манет, ёсць таксама польскія і замежныя банкноты XVIII-XX стагоддзяў. Частка калекцыі XX стагоддзя — гэта каштоўныя паперы.
Многія са згаданых экспанатаў паступілі ў музей у якасці ахвяраванняў або незвычайных знаходкаў, зробленых таксама на Замойшчыне, кажа кіраўнік Нумізматычнага аддзела Замойскага музея доктар Яцэк Фэдушка (Jacek Feduszka).
— Калекцыя старажытных манет складаецца ў асноўным з рымскіх дэнарыяў, галоўным чынам часоў праўлення імператараў Траяна і Адрыяна, гэта значыць з I і II стагоддзяў нашай эры. Некаторыя з іх паходзяць з манетных скарбаў або асобных археалагічных знаходак, знойдзеных таксама ў часы былога Замойскага ваяводства, якое існавала да 1999 года(...) Безумоўна, адной з найбольш цікавых зʼяўляецца калектыўная знаходка, вядомая як скарб старажытных манет з Жуліц (Żulice), — кажа Яцэк Фэдушка.
Выстава Замойскага музея ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Сярэднявечныя шэдэўры нумізматыкі
Манетны скарб з Жуліц, пра які згадвае наш суразмоўца, складаецца з 169 сярэбраных дэнарыяў, у тым ліку манет, чаканеных у часы праўлення Нерона, Веспасіяна, Ціта і Даміцыяна. Аднак гэта толькі пачатак нумізматычнага аповеду.
Наступныя стагоддзі — гэта не менш захапляльныя экспанаты, якія дакументуюць узнікненне польскай дзяржаўнасці і гандлёвыя адносіны з суседзямі, у тым ліку, артэфакты часоў дынастый Пястаў і Ягелонаў.
— Што тычыцца сярэднявечных манет, як я ўжо сказаў, частка з іх гэта крыжавыя дэнарыі або крыжавікі (па-польску: denary krzyżowe – рэд.) з X і XI стагоддзяў. Акрамя таго, ёсць асобныя манеты польскіх і еўрапейскіх уладароў з XІ – XІV стагоддзяў, у тым ліку дэнарый бабенбергскага караля Ураціслава ІІ з XI стагоддзя і абсалютны брактэат (унікальная аднабаковая сярэднявечная польская манета, вырабленая з тонкага срэбнага ліста – рэд.) Баляслава ІІІ Крывавустага – гэта нашая самая каштоўная польская манета, якая датуецца 1135 годам. Вядома, у нашай калекцыі ёсць і пражскія грошы, у тым ліку чэшскіх каралёў Вацлава ІІ і Яна Люксембургскага з XIII – XIV стагоддзяў, а таксама каронны паўгрошы караля Уладзіслава Ягайлы з канца XIV і пачатку XV стагоддзяў; таксама шэлегі Тэўтонскага ордэна з XIV і XV стагоддзяў. Асноуную частку нашай калекцыі складаюць сучасныя манеты з XIV-XVIII стагоддзяў, а сярод іх еўрапейскія талеры, — кажа наш эксперт, — кажа наш эксперт.
Акрамя польскіх, галандскіх і іспанскіх талераў, музей валодае амаль 700 манетамі паморскіх князёў з XVII стагоддзя (у тым ліку манетамі Багуслава XIV і Філіпа Юліуша).
Музей асабліва ганарыцца скарбамі, знойдзенымі ў другой палове XX стагоддзя ў Паляноўцы, Туркавіцах і Паточку, а таксама знаходкамі са Жданава — месца нараджэння заснавальніка Замасця Яна Замойскага. Знойдзены там унікальны пражскі грош Уладзіслава ІІ Добрага з XV стагоддзя пацвердзіў існаванне там былой рыцарскай сядзібы.
Партрэт генерала Маўрыцыя Гаўкэ, Выстава Замойскага музея ў Замaсці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Манеты, народжаныя ў агні аблогі 1813 года
Абсалютна ўнікальнымі ў маштабе Польшчы і Еўропы зʼяўляюцца прадметы, непасрэдна звязаныя з драматычнай гісторыяй Замойскай крэпасці, якая ў канцы напалеонаўскай эпохі цягам дзевяці месяцаў абаранялася ад войскаў Расійскай імперыі.
— Гэта манеты, чаканеныя ў самым пачатку XIX стагоддзя па загаду камандзіра Замойсцкай крэпасці, у прыватнасці ўнікальныя манеты вартасцю ў шэсць грошаў, чаканеныя з медзі і манеты ў два злотыя, адчаканеныя з серабра. У 1813 годзе камандзір крэпасці генерал Маўрыцы Гаўкэ(Maurycy Hauke) загадаў чаканіць манеты з медзі. У прыватнасці іх адчаканілі са старых аўстрыйскіх шасцікрэйцэраў. У сваю чаргу, з канфіскаванага ў францысканцаў і пераплаўленага сярэбра былі адчаканеныя манеты вартасцю ў два злотыя, — кажа кіраўнік Нумізматычнага аддзела.
Выратаваныя штампы генерала Гаўкэ
Гэтыя манеты прызначаліся на аплату гераічных абаронцаў і цывільных чыноўнікаў, якія заставаліся ў абложанай крэпасці. На аверсе быў надпіс: «Манета ў аблозе Замасця», а на рэверсе — патрыятычны дэвіз: «Божа, дапамажы верным Айчыне». У калекцыі Замойскага музея ёсць каля дзясятка такіх манет, але сапраўднай жамчужынай выставы з’яўляюцца прылады, якія выкарыстоўваліся для іх вырабу.
— Мы таксама адзін з нямногіх музеяў, які паказвае штампы для чаканкі. Пяць такіх штампаў для чаканкі манет у два злотыя мы дэманструем на нашай пастаяннай экспазіцыі. Гэта дэпазіт Нацыянальнага музея ў Кракаве, у якім яны апынуліся з былой калекцыі Фонду князёў Чартарыйскіх. Пасля капітуляцыі крэпасці ў 1813 годзе генерал Гаўкэ загадаў знішчыць манетны двор, але ён захаваў для сябе пяць штампаў для чаканкі манет у два злотыя. Пасля капітуляцыі крэпасці генерал вярнуўся ў Варшаву, але па дарозе спыніўся ў Пулавах, дзе перадаў штампы княгіні Ізабелы Чартарыйскай, якая ўключыла іх у калекцыю свайго музея, перш за ўсё, як патрыятычныя сувеніры. Дзякуючы гэтаму яны і захаваліся, — распавядае супрацоўнік музея.
Выстава Замойскага музея ў Замaсці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Манеты – люстэрка мінуўшчыны
Плацежныя сродкі — гэта не толькі аб’ект захаплення калекцыянераў, але, перш за ўсё, крыніца ведаў для гісторыкаў, якія з металічных дыскаў імкнуцца расшыфраваць найглыбейшыя старажытныя сакрэты.
Аналіз выяваў уладароў, матываў на рэверсах, а таксама вагі і чысціні каштоўнага металу дазваляе даследчыкам дакладна рэканструяваць перыяды росквіту і крызісу старажытных дзяржаў. У сваю чаргу, месцы знаходак асобных манет або манетных скарбаў даюць неацэнныя звесткі пра старажытныя гандлёвыя шляхі, сацыяльную структуру і палітычную сітуацыю тагачасных жыхароў.
— Манета ўтрымлівае багатыя гістарычныя веды і служыць унікальнай матэрыяльнай крыніцай, але яна таксама распавядае пра рэальнасць, у якой была выпушчана. Асабліва старажытныя манеты нясуць каштоўную інфармацыю пра канкрэтную эпоху. Тут я маю на ўвазе ў першую чаргу манеты Рымскай імперыі, якія служылі таксама формай прапаганды і інфармацыі. Акрамя выявы ўладара, характэрныя матывы на рэверсах сведчаць пра крызіс або росквіт дзяржавы. Сучасныя манеты даюць падобную інфармацыю. У гэтым выпадку імя ўладара, час кіравання і характэрныя асаблівасці чаканкі сведчаць, перш за ўсё, пра тагачасны стан эканомікі. Тое ж тычыцца і вагі або ўтрымання каштоўнага металу, — кажа кіраўнік Нумізматычнага аддзела Замойскага музея доктар Яцэк Фэдушка(Jacek Feduszka).
Сядзіба Замойскага музея ў Замaсці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Папяровае багацце і медалі Вялікай эміграцыі
Не менш захапляльнымі, хоць значна больш далікатнымі, зʼяўляюцца банкноты. Музей валодае іх багатай калекцыяй з амаль 4 000 банкнотаў і каштоўных папераў. Сярод іх, першыя польскія банкноты (так званыя казначэйскія білеты – рэд.), выпушчаныя падчас паўстання Касцюшкі 1794 года.
Музейныя фонды папаўняе калекцыя медалёў, плакетак і значкоў, прысвечаных польскім нацыянальным паўстанням XVIII, XIX і XX стагоддзяў.
Сярод іх асаблівай увагі заслугоўвае багатая калекцыя медалёў ХІХ і ХХ стагоддзяў, звязаных з Замойшчынай, а таксама ўнікальныя медалі, выпушчаныя за мяжой (у першую чаргу ў Францыі і Вялікабрытаніі) падчас Вялікай эміграцыяй пасля Лістападаўскага паўстання (1830–1831).
Анна Задрожна