Чорны колер і кароткі вожык Коры, яркі цюль Майкі Яжоўскай, скураныя камбінезоны Малгажаты Астроўскай. На польскай эстрадзе 1980-х кожная з іх па-свойму паказвала, колькі свабоды можа даць сцэнічны касцюм. Праз чатыры дзесяцігоддзі да гэтых вобразаў звярнуліся дызайнеркі і дызайнеры з Польшчы, Беларусі і Украіны, звязаныя з фондам Kraina. Іх працы ўвайшлі ў выставу «Мелюзіны з панэлькі. Мода і музыка ў 1980-я», якую варшаўскі Дом сустрэч з гісторыяй (DSH) падрыхтаваў да свайго дваццацігоддзя.
Назва выставы адсылае да песні «Meluzyna», якую Малгажата Астроўская выканала ў фільме «Падарожжы пана Кляксы». Побач з касцюмамі і вобразамі з эстрады Дом cустрэч з гісторыяй паказвае фотавыставу «1980-я глядзяць на нас» пра штодзённае жыццё жанчын у Польскай Народнай Рэспубліцы. Абедзве выставы працуюць да 21 лютага 2027 года на Каровай, 20. Пра тое, як яны дапаўняюць адна адну і як Дом працуе з беларускімі ініцыятывамі, расказалі дырэктарка Катажына Пухальская і прэс-сакратарка Кая Стэмпкоўская.
Чаму вы звярнуліся менавіта да 1980-х і выбралі гэтых артыстак? Дзесяцігоддзе асацыюецца з шэрасцю, але таксама з надзеяй на перамены. Дастаткова прыгадаць, якімі яскравымі былі жаночыя вобразы ў камедыях «Зменнікі», «Філіп з канопляў» ці «Когель-могель».
Катажына Пухальская: Цяпер у Доме сустрэч з гісторыяй — 1980-я. Адной з нагод стаў Фестываль гераінь, які мы ладзілі ў кастрычніку. Адна выстава прысвечаная тым, каго сёння назвалі б знакамітасцямі. Другая, «1980-я глядзяць на нас», праз фатаграфію паказвае штодзённасць з жаночай перспектывы: сямейнае, рэлігійнае, палітычнае і мастацкае жыццё. Гераіні «Мелюзін» — Кора, Ванда Квятнеўская з гурта Wanda i Banda, Ганна Юркштовіч, Майка Яжоўская, Ізабэла Траяноўская і Малгажата Астроўска — ад яе песні і пайшла назва выставы. У тыя гады іх добра ведалі, а па наведвальнасці нашай выставы бачым, што прыхільніцы ёсць у іх і цяпер. Сучасную частку выставы склалі касцюмы, якія ў супрацоўніцтве з нашай куратаркай стварылі дызайнеркі і дызайнеры фонду Kraina. Іх натхнілі вобразы спявачак. А на другой выставе ёсць і тая шэрасць, пра якую вы кажаце, і штодзённая барацьба жанчын з нястачай амаль усяго. Адкуль тады браліся камедыі і ўсё тое вясёлае? Можа, проста немагчыма жыць у суцэльнай безнадзеі.
Кая Стэмпкоўская: Неўзабаве ў сацсетках Дома і на нашым YouTube-канале можна будзе пазнаёміцца з дызайнеркамі і дызайнерамі фонду Kraina і даведацца гісторыю кожнага касцюма. Сачыце за нашымі старонкамі, пакуль выстава працуе, да лютага. Там з’явіцца цыкл кароткіх гутарак з аўтаркамі і аўтарамі касцюмаў, якія паходзяць з Беларусі і Украіны.
Ці вы ад пачатку задумалі гэты кантраст? У адной зале — праца, выхаванне дзяцей і клопат пра тое, як забяспечыць сям’ю ва ўмовах татальнага дэфіцыту. Падобная шэрасць панавала ў той час і ў Савецкім Саюзею. У другой зале — зіхатлівыя зоркі эстрады, яскравыя дзяўчаты на сцэне.
Катажына Пухальская: Так, мы свядома злучылі гэтыя два светы, каб паўней паказаць 1980-я. Мы хацелі пазбегнуць такой салодкай і вясёлай карцінкі, як у камедыях Барэі. У пачатку дзесяцігоддзя ўвялі ваеннае становішча, потым было вельмі цяжка эканамічна, бракавала ўсяго. А ў 1989-м з’явілася надзея і пачаліся перамены. У адну частку галерэі мы запрасілі Караліну Сулей з «Мелюзінамі з панэлькі». У другой куратаркі з Архіва жанчын Інстытута літаратурных даследаванняў расказалі пра жыццё жанчын і праблемы, з якімі яны сапраўды сутыкаліся ў 1980-я.
Ваеннае становішча ў Польшчы ўвялі 13 снежня 1981 года. Улады інтэрнавалі актывістаў апазіцыі, абмежавалі дзейнасць незалежных арганізацый і забаранілі забастоўкі. У чэрвені 1989-га, пасля перамоў уладаў з апазіцыяй за Круглым сталом, адбыліся часткова свабодныя парламенцкія выбары. Гэтыя выбары сталі адным з ключавых этапаў пераходу ад камуністычнага ладу да парламенцкай дэмакратыі. Дом сустрэч з гісторыя часта звяртаецца да творчага пераасэнсавання таго перыяду польскай гісторыі:
Катажына Пухальская: Дом сустрэч з гісторыяй існуе ўжо дваццаць гадоў. Нашая галоўная задача — папулярызаваць найноўшую гісторыю. Мы ладзім выставы, у тым ліку дакументальнай фатаграфіі. Думаю, цяпер у нас найлепшая галерэя дакументальнай фатаграфіі ў Польшчы. Мы выпускаем інтэрнэт-часопіс пра культуру «Dwutygodnik», які публікуе рэцэнзіі і ўплывае на грамадскую думку, ствараем спектаклі і дакументальныя фільмы, кіруем Варшаўскім фондам гістарычнай кнігі і арганізуем прэмію імя Казімежа Мачарскага. Мы вядзём найбуйнейшы ў Польшчы архіў вуснай гісторыі. Ён вырас з працы цэнтра KARTA, які яшчэ ў 1980-я запісваў сведчанні людзей, што вярнуліся пасля вывазу на ўсход падчас Другой сусветнай вайны. Частка калекцыі ў нас супольная, а частку мы сабралі самі, бо працягваем запісваць успаміны. Галоўная сядзіба Дома — на Каровай, побач з гатэлем Bristol, у былым банку. На Зялёнай, у будынку PAST, знаходзяцца архіў, студыі гуказапісу, рэдакцыя часопіса і сакратарыят прэміі. У новай прасторы на Зялёнай будзем ладзіць сустрэчы і выставы, як і на Каровай.
Як Дом супрацоўнічае з незалежнымі ініцыятывамі з Беларусі і Украіны, а таксама з «Мемарыялам»?
Катажына Пухальская: Мы заўсёды былі адкрытыя да такога супрацоўніцтва. Нам важна працаваць з рознай публікай, у тым ліку па-за Варшавай, і падтрымліваць міжнародныя сувязі. З часоў KARTA для нас асабліва важныя стасункі з арганізацыямі на ўсходзе. KARTA і «Мемарыял» звязвае вялікая праца над спісам рэпрэсаваных. Штогод у апошнія дні кастрычніка мы дапамагаем «Мемарыялу» ладзіць чытанне імёнаў рэпрэсаваных у скверы непадалёк. Адгукаемся, калі да нас звяртаюцца незалежныя беларускія арганізацыі, і дапамагаем украінскім ініцыятывам, а таксама ўцекачам з Украіны і Беларусі.
Кая Стэмпкоўская: З 13 да 15 лістапада мы прымаем «Прадмову» ў нашай новай прасторы на чацвёртым паверсе будынка PAST. Мы разумеем, якое значэнне гэты фестываль інтэлектуальнай кнігі мае для беларускай супольнасці, для інтэлектуалак і інтэлектуалаў. Для нас таксама важна, што фестываль праходзіць менавіта ў нас.
Слухайце аўдыё!
эж