У паведамленні Шведская акадэмія назвала твор «сапраўдным эпасам» пра жыццё польскіх сялян. Акадэмікі высока ацанілі творчасць польскага пісьменніка за ўніверсалізм, яркія вобразы і незвычайныя апісанні прыроды, гарманічную кампазіцыю і яскравых галоўных герояў. У конкурсе Уладзіслаў Рэймант перамог, сярод іншых, Томаса Мана, Максіма Горкага, Стэфана Жэромскага, Томаса Хардзі і Джорджа Бернарда Шоў.
Будучы пісьменнік нарадзіўся 7 мая 1867 года ў маленькім сяле каля гарадка Радомска ў цэнтральнай Польшчы. Быў адным з дзевяцярых дзяцей у сям'і вясковага арганіста. Бацька быў дастаткова заможным чалавекам і імкнуўся вывесці дзяцей у людзі. Цяжэй за ўсё яму прыйшлося з Уладзіславам: будучы нобелеўскі лаўрэат не хацеў вучыцца ў школе і не збіраўся іграць на аргане. Ён кінуў школу, пазней часта мяняў прафесіі, шмат падарожнічаў па Польшчы і Еўропе. Рэймант вучыўся на краўца ў Варшаве, быў акцёрам у вандроўных трупах і нават працаваў на чыгунцы.
У 1893 годзе пісьменнік асеў у Варшаве і жыў за літаратурныя заробкі. Паводле яго біёграфаў, Рэймант заўсёды марыў пра вялікія грошы. І неўзабаве яго мара збылася, хоць акалічнасці былі даволі трагічныя. У 1900 годзе ён быў цяжка паранены ў чыгуначнай катастрофе. Годам пазней у якасці кампенсацыі Рэймант атрымаў 38 тыс. 500 царскіх рублёў. У тыя часы гэта была астранамічная сума! Для параўнання: вядомы польскі пісьменнік Стэфан Жэромскі за сваю першую кнігу атрымаў ганарар у памеры 75 рублёў, а Эліза Ажэшка за адзін раздзел літаратурнага твору зарабляла 100 рублёў. Кампенсацыя дапамагла Рэйманту здабыць фінансавую незалежнасць.
Уладзіслаў Рэймант. Партрэт аўтарства Яцэка Мальчэўскага. Muzeum Narodowe w Warszawie
Нягледзячы на тое, што Рэймант – адзін з вядомейшых польскіх пісьменнікаў, то яго біяграфія скрывае шматлікія нявывучаныя моманты, а многія чытачы не ведаюць, што і імя, і прозвішча нобелеўскага лаўрэат – несапраўдныя. Гаворыць гісторык літаратуры, прафесар Ян Тамкоўскі (архіўны запіс Польскага радыё).
— Парадокс у тым, што яго біяграфія ўсё яшчэ не да канца даследаваная – нам, напрыклад, невядома пра пэўныя перыяды яго жыцця. Акрамя гэтага, існуюць некаторыя моманты, якія не адпавядаюць сапраўднасці.
Калі мы думаем пра Рэйманта, то адразу маем на ўвазе сялян і яго славуты раман. Ён так дасканала апісвае сялянскае жыццё, што, здавалася б, сам паходзіў з сялян. Але гэта не так. Ён не быў селянінам, яго бацька не быў селянінам у тым сэнсе, што не апрацоўваў зямлі і не быў звязаны з сялянскай супольнасцю.
Іншы вядомы раман – «Зямля запаветная», паводле якога Анджэй Вайда зняў геніяльны фільм пра пачаткі капіталізму ў горадзе Лодзь. І некаторыя жыхары Лодзі лічаць, што ён быў лодзінскім пісьменнікам, але насамрэч Рэймант ніколі не жыў у Лодзі, хоць большую частку свайго жыцця ён правёў у гарадах, але гэтым горадам не была Лодзь.
Калі запытацца людзей, якое імя было ў пісьменніка, дык большасць адкажа, што Уладзіслаў, што таксама няправільна, бо яго звалі Станіслаў. Больш за тое, яго прозвішча – не Рэймант, а Рэймент.
Уладзіслаў Рэймант дэбютаваў у літаратуры ў 1893 годзе. У сваёй творчасці ён спалучаў традыцыі крытычнага рэалізму з элементамі натуралізму і сімвалізму. Пісаў разнастайныя апавяданні, аповесці і раманы як у тэматычных, так і жанравых адносінах. У зборніках «Сустрэча» (1897), «Перад світаннем» (1902), у аповесці «Справядліва» (1899), напрыклад, паказана жыццё вёскі. У раманах «Камедыянтка» (1896) і «Закісанне» (1897) адлюстроўваюцца побыт і норавы правінцыйнага чынавенства ды акцёрскага асяроддзя. Шматсюжэтны раман «Зямля запаветная» расказвае пра станаўленне капіталістычнай Лодзі, якая адлюстроўваецца з антыўрбаністычных пазіцый, і жыццё лодзінскіх тэкстыльных магнатаў.
Вяршыняй творчасці Рэйманта лічыцца раман «Мужыкі» («Chłopi»), у якім апісанае сельскае жыццё ў саслоўных супярэчнасцях і псіхалагічных канфліктах. Дарэчы, на беларускай мове таксама сустракаецца назва «Сяляне». За гэты раман як за «выбітны нацыянальны эпас» Рэймант у 1924 годзе быў удастоены Нобелеўскай прэміі па літаратуры. На жаль, ён не змог прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання, бо лячыўся ў Францыі, паколькі ў яго былі праблемы з сэрцам.
Раман-эпапея «Мужыкі» ўяўляе сабой манументальны твор аб жыцці польскай вёскі мяжы XIX–XX стагоддзяў. Сюжэт разгортваецца на працягу чатырох пораў года ў вёсцы Ліпцы і будуецца вакол складанай маёмаснай драмы і страсці ў сямʼі багатага селяніна Мацея Барыны. Твор глыбока даследуе псіхалогію сялянства, дзе чалавечы лёс цесна злучаны з цыклічнасцю прыроды і суровымі законамі вясковай супольнасці.
Лірычныя апісанні прыроды пераплятаюцца з яркімі характарамі, містычная прыхільнасць да зямлі з сапраўды дэманічнай страсцю ў каханні. Да таго ж у творы – моцныя фальклорныя матывы, што дадае раману дадатковае хараство.
Уладзіслаў Рэймант з жонкай Аўрэліяй. Muzeum Narodowe w Warszawie
Твор апісвае прыкладна дзесяць месяцаў жыцця вёскі – ад жніва да жніва. За гэты час адбываецца маса падзей, якія дазваляюць паказаць не толькі абрады і звычаі вясковага люду, але і наспелыя канфлікты ў Польшчы мяжы ХІХ-ХХ стст. Асноўныя тэмы – узаемаадносіны памешчыкаў і сялян, расслаенне ў сялянскім асяроддзі, іміграцыя немцаў у Польшчу, пабудова рускамоўнай школы на тэрыторыі польскай вёскі.
У «Мужыках» – шмат сімвалаў. Напрыклад, адным з сімвалічных персанажаў рамана зʼяўляецца зямля. Мужык прывязаны да яе практычна магічнай сілай! Таксама раман наскрозь пранізаны гуманізмам – асабліва гэта відаць праз некалькі яркіх вобразаў галоўных герояў.
Менш вядомым творам Уладзіслава Рэйманта, але важным з пункту гледжання беларускай гісторыі, зʼяўляецца гістарычная трылогія «1794 год». У ёй расказваецца пра Польшчу канца XVII стагоддзя і нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.
У снежні 1925 года Уладзіслаў Раймант памёр у Варшаве, дзе і пахаваны.
Раман «Мужыкі» быў экранізаваны тры разы. Першы, нямы фільм знялі ў 1922 годзе. На жаль, у выніку ваенных ліхалеццяў ён быў страчаны.
У 1972-1973 гадах у Польшчы знялі тэлесерыял, які складаўся ў 13-ці серый і быў надзвычай папулярны сярод гледачоў. У 1973 годзе на аснове серыялу быў зроблены двухсерыйны фільм для кінапракату.
А вось у 2023 годзе рэжысёр Дарота Кабеля зняла анімацыйна-ігравы фільм паводле раману Рэйманта. Гэта так званае жывапіснае кіно, а тэхналогія яго стварэння надзвычай дарагая і працаёмкая. Спачатку фільм быў зняты з жывымі акцёрамі, а затым больш за 100 мастакоў уручную перамалявалі кожны кадр алеем на палатне ў стылі жывапісу канца XIX, пачатку XX стагоддзя. Усяго створана каля 40 тыс. карцін-кадраў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл