Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сярод апошніх студэнтаў віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя былі і беларусы

26.11.2026 16:01
Мартына Русіняк-Карват выявіла ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы асабовыя справы студэнтаў 1939 года.
Аўдыё
  • «Варшаўскі мост». М.Русіняк-Карват пра віленскі Універсітэт С.Баторыя ў 1939 г.
      .
Будынкі Віленскага ўніверсітэта і касцёла Святых Янаў.Pixabay.com

На міжнароднай навуковай канферэнцыі «Палякі ў Літве і краінах Балтыі», якая адбылася ў пачатку лістапада ў эстонскім горадзе Тарту, абмяркоўваліся розныя малавядомыя аспекты мінулага, у тым ліку агульнага з беларусамі. Арганізатарам форуму выступіў Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта (Studium Europy Wschodniej Uniwersytetu Warszawskiego) супольна з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.

Сярод прадстаўленых дакладаў (апублікаваны ў трэцім томе зборніка Polacy na Litwie i w krajach bałtyckich
od Powstania Styczniowego do XXI wieku) прыцягнула ўвагу выступленне Мартыны Русіняк-Карват з Польскай акадэміі навук. Даследчыца вывучае лёсы апошніх студэнтаў Універсітэта Стэфана Баторыя, які дзейнічаў у Вільні да пачатку Другой сусветнай вайны. Нагадаем, што ўніверсітэт быў адноўлены на падставе дэкрэта кіраўніка польскай дзяржавы маршала Юзафа Пілсудскага ў жніўні 1919 года — праз 87 гадоў пасля таго, як расійскі імператар Мікалай I у маі 1832 года закрыў гэтую навучальную ўстанову. У канцы 1939 года польскі ўніверсітэт быў рэарганізаваны ў літоўскую вышэйшую навучальную ўстанову пасля таго, як Вільня фактычна стала сталіцай Літвы.

Мартына Русіняк-Карват знайшла цікавыя матэрыялы пра гісторыю медыцынскага факультэта ўніверсітэта. Гэта 630 студэнцкіх анкет, якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (Lietuvos centrinis valstybės archyvas).

— Анкеты восені 1939 года — гэта больш, чым звычайная ўніверсітэцкая дакументацыя. Яны дазваляюць убачыць акадэмічнае асяроддзе ў той момант, калі яго ранейшы лад жыцця пачаў разбурацца. Варта асабліва падкрэсліць: статыстыка паказвае нам структуру, тады як біяграфіі дазваляюць убачыць за ёю канкрэтных людзей. Менавіта гэта і даюць нам магчымасць зрабіць гэтыя анкеты.

Студэнты, якія завяршылі навучанне ў апошнія тыдні дзейнасці Універсітэта Стэфана Баторыя ў 1939 годзе, нягледзячы на тое, што Вільня ўжо ўваходзіла ў склад Літоўскай Рэспублікі, атрымалі польскія дыпломы.

— Нягледзячы на змены палітычнай сітуацыі, навучальны працэс працягваўся ў адпаведнасці з каляндарным планам. Паступова літоўскія ўлады абмяжоўвалі доступ да бібліятэк і лабараторый, а будучыня навучальнай установы заставалася нявызначанай. Аднак, нягледзячы на гэтыя абставіны, сярод студэнтаў былі і тыя, хто пераводзіўся з іншых навучальных устаноў — як польскіх, так і замежных, — а таксама тыя, хто ўжо завяршыў асноўны курс навучання і меў намер абараніць магістарскую дысертацыю. Паводле маіх падлікаў, на медыцынскі факультэт было залічана 217 чалавек, тады як годам раней — 100. З іх 183 студэнты паступілі на першы курс, рэшта — на старэйшыя курсы.

З пункту гледжання нацыянальнага паходжання студэнцкая супольнасць адлюстроўвала шматнацыянальны характар паўночна-ўсходніх зямель даваеннай Рэчы Паспалітай. Найбольшую групу складалі палякі, значную долю таксама мелі студэнты яўрэйскай нацыянальнасці.

— Што да нацыянальнай прыналежнасці і веравызнання студэнтаў, то большасць з іх складалі палякі рымска-каталіцкага веравызнання. У 1938/1939 навучальным годзе другое месца паводле колькасці займалі студэнты праваслаўнага веравызнання, а ў 1939/1940 навучальным годзе — студэнты іўдзейскага веравызнання.

Сярод студэнтаў былі таксама рускія, беларусы, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Мартына Русіняк-Карват звяртае ўвагу і на сацыяльнае паходжанне студэнтаў. Сярод прафесій бацькоў і апекуноў сустракаліся служачыя, гандляры, рамеснікі, прадпрымальнікі, сяляне, чыгуначнікі, вайскоўцы, прадстаўнікі медыцынскіх і фармацэўтычных прафесій, рабочыя, а таксама настаўнікі. У графах, прысвечаных прафесіям бацькоў, нярэдка сустракаюцца такія заўвагі, як «звольнены», «без працы», «пенсіянер», «на ўтрыманні дзяцей» або «памёр». Гэтыя запісы дакументуюць наступствы адміністрацыйных і сацыяльна-эканамічных змен, што адбыліся ўвосень 1939 года, а таксама пагаршэнне матэрыяльнага становішча многіх сямей.

Ішла вайна...

— Страта працы адным з бацькоў магла вымушаць студэнта шукаць дадатковую крыніцу заробку, а недахоп сродкаў ускладняў магчымасць працягваць навучанне.

І ўсё ж Універсітэт Стэфана Баторыя працягваў жыць, хоць, мабыць, дакладней было б сказаць — дажываў свае апошнія дні... Мартына Русіняк-Карват падсумоўвае.

— 15 снежня 1939 года ва ўніверсітэцкім касцёле Святога Яна адбылося ўрачыстае набажэнства, якое лічыцца сімвалічным завяршэннем дзейнасці віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя. Хоць залікі і экзамены працягваліся яшчэ да канца снежня, для многіх студэнтаў гэтая падзея адначасова азначала канец звыклага для іх свету. Студэнты таксама мусілі пакінуць універсітэцкія інтэрнаты. Далейшыя лёсы гэтых маладых людзей склаліся па-рознаму. Частка з іх спрабавала працягнуць навучанне ў іншых акадэмічных цэнтрах, у прыватнасці ў каўнаскім Універсітэце Вітаўта Вялікага. Іншыя падчас нямецкай акупацыі апынуліся ў гета, эмігрыравалі або былі дэпартаваны на тэрыторыю Савецкага Саюза.

Мартына Русіняк-Карват працягвае даследаваць анкеты апошніх студэнтаў Універсітэта Стэфана Баторыя.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Канферэнцыя «Палякі ў Беларусі» дала пачатак міжнароднаму навуковаму праекту

12.11.2026 16:01
Ян Маліцкі расказвае пра серыю канферэнцый пра палякаў на землях былой Рэчы Паспалітай.