Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Камяні мусілі паляцець»: права беларускай меншасці на ўласную гістарычную памяць

29.11.2026 07:10
Ці можа асэнсаванню гісторыі дапамагчы тое, што пра яе нарэшце загаварылі самі людзі, якія дзесяцігоддзямі не мелі магчымасці быць пачутымі?
Аўдыё
(  )  ,  ,  -
(злева на права) Мікола Ваўранюк, Наталля Русецкая, Анэта Прымака-Онішк і Ніна Баршчэўская Я. Смялоўская/Беларуская служба Польскага радыё

І ці здольная кніга змяніць тое, як палякі і беларусы ўспрымаюць сваё супольнае, няпростае мінулае? Гэтыя пытанні сталі нагодай для размовы пра кнігу Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша».

Кніга Анэты Прымакі-Онішк выйшла па-польску два гады таму, а падчас апошняга Фестывалю беларускай кнігі «Прадмова» адбылася прэзентацыя яе беларускага перакладу. Твор прэзентуюць таксама на варшаўскім кірмашы гістарычнай кнігі (26-29 лістапада, Arkady Kubickiego). 

Гэта яшчэ адна нагода вярнуцца да балючых, да канца не высветленых падзей на пасляваенным Падляшшы — да гісторыі беларускай нацыянальнай меншасці, якая дзесяцігоддзямі заставалася на ўзбочыне польскай калектыўнай памяці.


Вокладка кніжкі "Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша" Вокладка кніжкі "Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша"

Пра неабходнасць вяртання гістарычнай памяці і права расказваць пра мінулае ўласным голасам мы паразмаўлялі з аўтаркай кнігі, а пра асаблівасці працы над беларускім выданнем — з перакладчыцай Наталляй Русецкай і моўнай рэдактаркай, прафесаркай Нінай Баршчэўскай. Разам з вядучым аўтарскай сустрэчы на «Прадмове» Міколам Ваўранюком мы паразважалі пра тое, каму сёння патрэбная гэтая кніга і ці здольная літаратура змяняць грамадскую свядомасць.

Каб большасць пачула меншасць

Мікола Ваўранюк, які сам з’яўляецца прадстаўніком беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, лічыць, што кніга Анэты Прымакі-Онішк дапамагае пераадолець шматгадовае маўчанне вакол трагічных падзей пасляваеннага часу на Беласточчыне.

— Як заўсёды ў такой сітуацыі, большасць мае сваю інтэрпрэтацыю тых падзей. А голасу таго, хто ў меншасці, не чуваць. І таму атмасфера вельмі цяжкая. Каб яе разгрузіць, ачысціць, патрэбныя пэўныя словы, выказаныя ўголас. Патрэбна таксама, каб большасць пачула меншасць, — кажа Мікола Ваўранюк.

На яго думку, каштоўнасць кнігі палягае ў тым, што аўтарка не абмяжоўваецца аповедам пра трагічную гісторыю ўласнай сям’і. Яна паказвае шырокую панараму пасляваеннай Беласточчыны, а свой аповед падмацоўвае фактамі, архіўнымі дакументамі і вынікамі даследаванняў.

Хоць ад тых трагічных падзей мінула ўжо каля васьмідзесяці гадоў, кніга выклікае цікавасць далёка за межамі Падляшша.

— Анэта даказвае, што нашымі гісторыямі з Беласточчыны, з Падляшша можна зацікавіць усю Польшчу, калі расказваць іх з талентам. Анэта — адна з найлепшых сёння аўтарак нон-фікшн у Польшчы. Яе запрашаюць у такія месцы, якія не маюць нічога супольнага з Беласточчынай, з Падляшшам і з нашымі траўмамі, — адзначае Ваўранюк.

Што да перспектыў беларускамоўнага выдання, то, на думку суразмоўцы, яго распаўсюджванне ў Беларусі ўскладняецца як цяжкім становішчам беларускай мовы, так і тым, што выдавецтва, якое выпусціла кнігу (Kamunikat.org), прызнанае беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім». Тым не менш ён спадзяецца, што кніга дойдзе да чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і ўдзельнічаюць у фармаванні грамадскай думкі.

Ці здольная літаратура змяніць грамадскую свядомасць?

Мікола Ваўранюк не чакае, што адна кніга здольная кардынальна змяніць стаўленне польскага грамадства да беларускай нацыянальнай меншасці. Аднак гэта не азначае, што такія кнігі не патрэбныя.

— Дыяпазон адказаў можа быць шырокі: пачынаючы ад таго, што ніводная кніжка нічога не мяняе, і заканчваючы тым, што ўсё ж такі кропля з цягам часу разбурае камень, разбурае скалу. Не варта верыць, што раптам палякі скажуць: мы ўсё разумеем пра беларусаў, пра беларускую нацыянальную меншасць, бо прачыталі кніжку Анэты. Але ж гэта не аргумент, каб яе не пісаць і не гаварыць, — падкрэслівае суразмоўца.

Паводле Ваўранюка, з’яўленне такіх кніг важнае перадусім для самой беларускай супольнасці, якая атрымлівае магчымасць адкрыта гаварыць пра свой гістарычны досвед. Адначасова гэта стварае падставы для дыялогу з польскімі суседзямі.

— Усё ж такі ёсць у Польшчы людзі, якія гэта прачыталі і крыху інакш паглядзелі на нашу супольную гісторыю. Гэта ўжо нямала, я лічу.

Супраць каго мусілі паляцець камяні?

Назва кнігі Анэты Прымакі-Онішк адсылае да механізму пошуку ахвярнага казла — з’явы, вядомай у розных грамадствах і ў розныя гістарычныя эпохі.

— Даўнія грамадствы мелі такі механізм: калі нешта здаралася, шукалі кагосьці, хто за гэта адкажа. Не шукалі таго, хто быў сапраўды вінаваты. Вельмі часта выбіралі ахвярнага казла і кідалі ў яго камяні, — тлумачыць аўтарка.

У пасляваеннай рэчаіснасці Падляшша, дзе перапляталіся розныя нацыянальныя і рэлігійныя ідэнтычнасці, у такой ролі, паводле пісьменніцы, нярэдка аказваліся прадстаўнікі беларускай меншасці.

Анэта Прымака-Онішк нагадвае, што падчас Другой сусветнай вайны на Беласточчыне змяняліся акупацыйныя ўлады — спачатку савецкая, затым нямецкая. Пасля вайны паўстала пытанне адказнасці за супрацоўніцтва з імі. Аднак абвінавачванні ў здрадзе не заўсёды азначалі, што віна чалавека была даказаная.

Гэтая праблема непасрэдна закранула і сям’ю аўтаркі.

— Трэба было кагосьці расстраляць, і расстралялі, між іншым, майго дзеда, гаворачы, што гэта былі «тыя, хто нас здрадзіў у час Другой сусветнай вайны». Ці гэта была праўда, ці не — я расследую ў кнізе.

Асабістая сямейная трагедыя стала для пісьменніцы адпраўным пунктам для шырэйшага даследавання лёсаў беларускай супольнасці на пасляваенным Падляшшы.

Большасць найлепш бачыць сябе ў аповедах меншасці

Анэта Прымака-Онішк падкрэслівае, што пісала сваю кнігу як для беларусаў, так і для палякаў. Для яе асабліва важна было атрымаць магчымасць расказаць гісторыю ўласнай супольнасці, не карыстаючыся выключна інтэрпрэтацыямі іншых.

— Для мяне вельмі важна было гаварыць і расказаць сваю гісторыю маім голасам. Гэта важна для беларусаў, бо гэта наш голас, але таксама для палякаў, бо заўсёды большасць найлепш бачыць сябе ў аповедах меншасці.

Пра цікавасць польскага грамадства да гэтай тэмы сведчаць шматлікія аўтарскія сустрэчы ў розных рэгіёнах краіны, а таксама намінацыі кнігі на прэстыжныя літаратурныя прэміі Nike і Angelus.

Кніга знайшла водгук і сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальных і этнічных супольнасцей.

— Вялікі водгук быў таксама ад іншых меншасцей: украінцаў, кашубаў, сілезцаў, літоўцаў. Яны гавораць: «Але ж гэтая кніжка паказвае таксама нас», — расказвае пісьменніца.

Такім чынам, гісторыя беларусаў Падляшша выходзіць за межы рэгіянальнага кантэксту і становіцца нагодай для шырэйшай размовы пра адносіны паміж большасцю і меншасцямі, механізмы выключэння і права на ўласную памяць.

Сёння можна гаварыць пра тое, пра што раней маўчалі

Не ўсе, аднак, станоўча ўспрынялі намер аўтаркі вярнуцца да складаных старонак пасляваеннай гісторыі. Анэта Прымака-Онішк прызнае, што сустракалася з людзьмі, якім не падабалася сама ідэя з’яўлення такой кнігі.

— Гэта заўсёды былі людзі, якія добра ведалі гэтую тэму. Ім не падабалася, што другі бок — беларусы — таксама хочуць нешта сказаць.

Разам з тым пісьменніца адзначае, што сёння ў Польшчы існуе прастора для адкрытай размовы пра гістарычныя траўмы беларускай меншасці. На аўтарскія сустрэчы прыходзіць шмат людзей, і ёсць магчымасць абмяркоўваць нават найбольш балючыя пытанні.

— Хоць па другі бок мяжы ідзе вайна і гэта не найлепшыя часы, я думаю, што для такіх размоў яны ўсё ж найлепшыя, бо раней гаварыць пра нашы справы было немагчыма, — адзначае аўтарка.

Каб кніга прамовіла ад зямлі і яе жыхароў

Асобным выклікам стала падрыхтоўка беларускага перакладу кнігі. Напісаная па-польску, яна апавядае пра асяроддзе, у якім гістарычна гучалі беларускія гаворкі. Перад перакладчыцай і моўнай рэдактаркай паўстала пытанне, як перадаць гэтую моўную адметнасць і адначасова зрабіць тэкст зразумелым для шырокага кола беларускіх чытачоў.

Перакладчыца Наталля Русецкая расказала, што падчас працы над кнігай яны імкнуліся максімальна наблізіць мову герояў да іх натуральнага моўнага асяроддзя.

— Калі ў нас і былі нейкія дыскусіі, то мы проста шукалі ісціны, магчымасці паказаць усё як мага бліжэй да зямлі, каб гэтая кніга прамовіла таксама ад зямлі, ад мясцовых жыхароў.

Паколькі асноўны аповед у арыгінале вядзецца на польскай літаратурнай мове, асноўная частка перакладу таксама зробленая на беларускай літаратурнай мове. Аднак у выказваннях герояў захаваныя асобныя рысы мясцовых гаворак.

Моўная спадчына Беласточчыны ў беларускім перакладзе

Моўная рэдактарка выдання, прафесар Ніна Баршчэўская, дыялектолаг і ўраджэнка Падляшша, патлумачыла, што пры падрыхтоўцы перакладу былі выкарыстаныя асаблівасці беларускіх гаворак Сакольшчыны, якія адначасова адпавядаюць нормам беларускай літаратурнай мовы, напрыклад, двухскладовыя канчаткі ў творным склоне.

— Гэта, напрыклад, формы «маладою дзяўчынаю», а не «маладой дзяўчынай». Абедзве формы з’яўляюцца літаратурнымі, але ў Беларусі часцей выкарыстоўваюцца аднаскладовыя канчаткі. Двухскладовыя канчаткі спрыяюць таму, што мова становіцца больш спеўнай, мілагучнай, — тлумачыць прафесар.

На думку Ніны Баршчэўскай, дзякуючы такому падыходу ўдалося не толькі ўпісаць гістарычную праблематыку беларускай меншасці Польшчы ў агульнабеларускі кантэкст, але і захаваць моўную адметнасць Беласточчыны.

Беларускае выданне кнігі Анэты Прымакі-Онішк стала, такім чынам, не толькі вяртаннем гістарычнай памяці, але і вяртаннем гэтай гісторыі ў моўную прастору супольнасці, пра якую яна апавядае.

«Камяні мусілі паляцець» — гэта кніга не толькі пра мінулае. Яна таксама пра магчымасць сённяшняга дыялогу, пра права меншасці гаварыць уласным голасам і пра гатоўнасць большасці гэты голас пачуць.

Матэрыял падрыхтавала Яланта Смялоўская