Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вялікае каханне ў «Малой Маскве». Як польскі фільм расказаў пра забароненыя пачуцці ў савецкім гарнізоне (ФОТА/ВІДЭА)

28.11.2026 06:02
У аснову меладрамы лягла трагічная гісторыя беларускі Лідзіі, якая пакахала польскага афіцэра і якую палякі назвалі «Лягніцкай Джульетай».
Аўдыё
  • Вялікае каханне ў «Малой Маскве». Як польскі фільм расказаў пра забароненыя пачуцці ў савецкім гарнізоне
    :   .
Кадр з фільму «Малая Масква»: Вера і Міхал. Крыніца: прома-ролік фільму/скрыншот

28 лістапада 2008 года адбылася прэм’ера польскага фільму «Малая Масква». Гэтая кінакарціна стала адной з самых папулярных стужак польскага пракату. Магчыма таму, што ў ёй распавядаецца пра каханне, якое не мела права здарыцца, і пра часы, калі таталітарная сістэма магла вырашаць пра шчасце і пачуцці людзей.

«Малая Масква» (польск. Mała Moskwa) — гэта польская меладрама рэжысёра і сцэнарыста Вальдэмара Кшыстэка, якая расказвае пра забароненае каханне ў савецкім гарнізоне ў 1967–1968 гадах.

Дзеянне разгортваецца на захадзе Польшчы ў горадзе Лягніца, дзе размяшчаўся штаб Паўночнай групы войскаў Савецкай Арміі. З-за высокай канцэнтрацыі савецкіх вайскоўцаў і іх сем'яў горад фактычна дзяліўся на дзве часткі — савецкую і польскую. Савецкую частку палякі называлі «Малой Масквой».

У гэтае закрытае асяроддзе з Савецкага Саюза прыязджае маладая Вера разам са сваім мужам, лётчыкам Юрыем Святловым. Адносіны паміж польскімі жыхарамі і савецкім гарнізонам застаюцца напружанымі і рэгламентаванымі. На гэтым фоне выпадковае знаёмства Веры з маладым польскім паручнікам Міхалам Яніцкім перарастае ў моцнае пачуццё, якое выходзіць за рамкі дазволенага.

Асабістая драма герояў развіваецца ў перыяд палітычнага напружання канца 1960-х гадоў, у тым ліку падзей жніўня 1968 года і ўводу войскаў у Чэхаславакію. Для Веры і Міхала выбар паміж абавязкам, сістэмай і асабістым шчасцем становіцца смяротна небяспечным.

Рэжысёр абапіраўся на рэальную гісторыю і ўласныя дзіцячыя ўспаміны пра жыццё ў Лягніцы тых гадоў. Праз лёс герояў фільм паказвае, як вялікая палітыка ўрываецца ў прыватнае жыццё і ламае чалавечыя лёсы.

Дзіцячыя гады Вальдэмар Кшыстэк правёў у Лягніцы, таму на ўласныя вочы бачыў, як у адным горадзе жылі савецкія і польскія грамадзяне (архіўны запіс Польскага радыё).

— У 1960-я гады жыццё ў савецкай частцы, якую называлі «Квадратам», было цалкам закрытае, акружанае сценамі і калючым дротам, а ўваходы ахоўвалі салдаты, якія правяралі, хто ўваходзіць і выходзіць. З палякамі, якія жылі ў Лягніцы, кантактаў не было. У 1970-я гады ўсё пачало мяняцца. Саветы пачалі апранацца ў нас, купляць вопратку ў Польшчы, якая ім вельмі падабалася, бо ў «Квадраце» яе не было. Яны нелегальна, але праходзілі ў польскую частку, і тады пачалася «залатая эпоха» Лягніцы, калі гандаль стаў сапраўды вялікім. Яны ў асноўным куплялі ежу ў нас. Я памятаю, што быў у шоку, бо нам у школе расказвалі, што Савецкі Саюз — гэта вялікая імперыя, зямля з малочнымі рэкамі і кісельнымі берагамі. А я бачыў, як гэтыя бедныя саветы прасілі нас у краме купіць крупы, муку, воўну ў клубках, тканіны. Тады ж з’явіліся падробкі амерыканскіх джынсаў, якія яны набывалі оптам. Яны нават куплялі жавальную гумку оптам!

Я жыў літаральна за 150 метраў ад гэтага закрытага комплексу. Гэта было вельмі блізка, і ў дзяцінстве мне здаралася прабірацца праз плот, бо калі ёсць плот і забаронена праз яго лазіць, дык што хлапчукі зробяць? Пралезуць праз яго, каб убачыць, што там ёсць і што там адбываецца!

Улады Лягніцы ніколі не ведалі, колькі саветаў жыло ў горадзе. Гэта была вайсковая таямніца. Маштаб стаў вядомы, калі яго пачалі выводзіць. Памятаю, цэлы дзень ішлі калоны, да самага вечара, ажно я пайшоў спаць. А калі прачнуўся раніцай, яны ўсё яшчэ ішлі.

Лягніца, сучасны від. Крыніца: commons.wikimedia.org/Andrzej19/CC BY-SA 4.0 Лягніца, сучасны від. Крыніца: commons.wikimedia.org/Andrzej19/CC BY-SA 4.0

Натхненнем для рэжысёра стала гісторыя Лідзіі Новікавай, беларускі, народжанай у 1932 годзе. Яна прыехала ў Лягніцу ў 1962 годзе разам са сваім мужам, савецкім афіцэрам Зіновіем Новікавым, і двума сынамі.
Новікава завязала раман з польскім салдатам, сяржантам артылерыі Эдвардам Ёнцам. Такія адносіны паміж савецкімі грамадзянамі і мясцовымі жыхарамі ў закрытых гарнізонах строга кантраляваліся і пагражалі сурʼёзнымі наступствамі для службы і ўмяшання контрразведкі.

Пасля таго, як спецслужбы раскрылі справу і загадалі сям'і Новікавых вярнуцца ў Савецкі Саюз, Лідзія 8 кастрычніка 1965 года выйшла з дому. Неўзабаве яе цела было знойдзенае павешаным на дрэве ў лесе. Афіцыйнай версіяй называецца самагубства, хоць мясцовыя жыхары паміж сабой гаварылі пра ўдзел спецслужбаў у смерці жанчыны. Лідзію пахавалі на гарадскіх могілках у Лягніцы — яе магіла знаходзіцца там да сённяшняга дня, і на ёй часта ляжаць жывыя кветкі.

Магіла Лідзіі Новікавай у Лягніцы. Крыніца: commons.wikimedia.org/Aw58/CC BY-SA 4.0 Магіла Лідзіі Новікавай у Лягніцы. Крыніца: commons.wikimedia.org/Aw58/CC BY-SA 4.0

З 2012 года ў Лягніцы праходзіць Фестываль рамансу імя Лідзіі Новікавай. Мерапрыемства заўсёды пачынаецца цырымоніяй ускладання кветак на магілу Лідзіі — «Лягніцкай Джульеты», як яе назвалі мясцовыя журналісты.

На доме па вуліцы Бучка, дзе жыла Лідзія, і на алеі Рэспублікі (раней вуліца Свярчэўскага), дзе знаходзіўся дом, у якім жыў Ёнца, устаноўленыя мемарыяльныя дошкі. Пасля смерці Лідзіі Эдвард Ёнца развёўся з жонкай і перавёўся на службу ва Уроцлаў. Ён загінуў у аўтакатастрофе ў 1970 годзе. 

Аповед у фільме будуецца праз успаміны і вяртанне ў мінулае. У нашы дні пасталелы Юрый Святлоў прыязджае ў Лягніцу на магілу жонкі, а ўслед за ім адпраўляецца яго дачка (насамрэч яе бацькам зʼяўляецца польскі афіцэр Міхал Яніцкі), якая доўга не магла прабачыць маці трагічнага сыходу з жыцця. Ролю Веры выканала Святлана Ходчанкава, Міхала сыграў Леслаў Журэк, а Юрыя — Дзмітрый Ульянаў.

Музыку да карціны напісаў Збігнеў Карнэцкі, а аператарскую працу выканаў Томаш Дабравольскі. У фільме таксама гучыць польская музыка тых гадоў, якая падкрэслівае атмасферу эпохі.

Святлана Ходчанкава падчас цырымоніі ўручэння «Арлоў» – прэмій Польскай кінаакадэміі. Актрыса атрымала намінацыю за галоўную ролю ў «Малой Маскве». 9 сакавіка 2009 года. Крыніца: PAP/Leszek Szymański Святлана Ходчанкава падчас цырымоніі ўручэння «Арлоў» – прэмій Польскай кінаакадэміі. Актрыса атрымала намінацыю за галоўную ролю ў «Малой Маскве». 9 сакавіка 2009 года. Крыніца: PAP/Leszek Szymański

«Малая Масква» стала адной з першых прыкметных карцін, якія звярнуліся да паўсядзённага жыцця савецкіх гарнізонаў у Польшчы пасля Другой сусветнай вайны. Фільм атрымаў прызнанне на радзіме рэжысёра: заваяваў «Залатых ільвоў» на галоўным польскім кінафестывалі ў Гдыні і атрымаў «Арла» — прэмію Польскай кінаакадэміі.

Пры гэтым гледачы і крытыкі па-рознаму ацэньвалі гістарычную дакладнасць дэталяў і асобныя сюжэтныя пагрэшнасці, звязаныя з побытам і атрыбутыкай канца 1960-х гадоў. Тым не менш карціна застаецца запамінальнай меладрамай аб немагчымасці свабоднага выбару ў жорсткіх гістарычных абставінах. Рэкамендуем яе да прагляду!

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу